Ільготныя акалічнасці

32 гады прайшло з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але водгалас катастрофы дасёння напамінае пра сябе. За гэты час дзяржавай выканана грандыёзная работа па аднаўленні зямель і захаванні здароўя людзей на забруджаных тэрыторыях. Беларусь выпрацавала сваю сістэму сацыяльнай падтрымкі.

У ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прымала ўдзел нямала ляхавічан. А з зон эвакуацыі шмат сем’яў было адселена ці самастойна выехала для пражывання ў наш раён.
Для значнай часткі гэтых грамадзян настаў час выхаду на пенсію.
Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» (далей – Закон) гэтым катэгорыям грамадзян прадастаўляецца права датэрміновага пенсіённага забеспячэння і ўстанаўленне надбавак да пенсіі.
У адпаведнасці з артыкулам 32 Закона, пенсіі па ўзросце ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый назначаюцца са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту:
тым, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе ці не менш за 10 сутак у 1987 годзе – на 10 гадоў;
тым, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986-1987 гадах у межах зоны эвакуацыі (адчужэння) (акрамя занятых у 10-кіламетровай зоне), і ўдзельнікам ліквідацыі іншых радыяцыйных аварый пры ўмове наступлення інваліднасці незалежна ад яе прычыны (акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў) – на 5 гадоў.
У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 39 Закона, грамадзянам, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986-1987 гадах у зоне эвакуацыі, пенсіі павышаюцца на 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.
Згодна пункта 3 артыкула 39 Закона, грамадзянам, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1988-1989 гадах у зоне эвакуацыі, а таксама грамадзянам, эвакуіраваным, адселеным, самастойна выехаўшым з тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання і з зоны наступнага адсялення, пенсіі павышаюцца на 25 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.
Дарэчы, ў красавіку   2018 г. мінімальны памер пенсіі па ўзросце складае 49,83 рубля. Памер павышэння 50 працэнтаў (мінімальнай пенсіі па ўзросце) – 24,77 рубля, памер павышэння 25 працэнтаў – 12,46 рубля.
Сёння ў Ляхавіцкім раёне правам на датэрміновае пенсіённае забеспячэнне скарысталіся 19 удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, надбаўкі да пенсіі ўстаноўлены 72 удзельнікам ліквідацыі і   45 грамадзянам, адселеных з зон эвакуацыі (адчужэння), першачарговага і наступнага адсялення.
Ірына ЛУК’ЯНЧЫК,
намеснік начальніка
аддзела сацыяльнай абароны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *