Пасеяць – не поле перайсці
Але ж і не звышзадача гэта: існуючы ўзровень механізацыі сельскагаспадарчых працэсаў дае падставу разглядаць пасяўныя клопаты як дастаткова звыклую для вясковых рук работу. Канешне ж, няпроста, ёсць адказнасць за будучы ўраджай, прыспешвае час, надвор’е ўносіць карэктывы.
Але караван ідзе, і просты маніторынг сітуацыі дае падставу сцвярджаць, што абсалютная большасць гаспадарак раёна з сяўбой ранніх зерневых і зернебабовых на тыдні завершыць. Многія, дарэчы, зрабілі гэта ў першую дэкаду красавіка. У іх ліку і адзін з двух найбуйнейшых сейбітаў раёна ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
Па стану на мінулую сераду СВК «Ляхавіцкі» раннія пасяўныя работы яшчэ працягваў. Заставалася няшмат.
— Дні на тры, — заўважыў старшыня гаспадаркі Аляксандр Вітко. — Але ў залежнасці ад надвор’я. Учора, напрыклад, месцамі было каля сямі градусаў марозу, палі пакрыліся скарынкай. Выйшлі сеяць толькі пасля 11 гадзін. Сёння — цяплей, але таксама давялося чакаць. Пры норме сяўбу пачынаем у шэсць раніцы і працуем дацямна. Але халаднаватая вясна — гэта нядрэнна для зерневых. Думаю, з наступнага тыдня возьмемся за пасадку бульбы. Усё гатова: тэхніка, насенне, палі.
У гэтым сезоне яравы палетак «Ляхавіцкага» распасціраецца больш як на 1700 гектараў і, між іншым, выходзіць далёка за традыцыйна-класічныя ўладанні кааператыва. Напрыклад, гаспадаранне вядзецца на землях, сумежных з вёскай Цыгань, у іншых месцах.
У Грушаўцы на адным з брыгадных палёў, куды мы наведаліся, працавалі з лубінам. Спачатку — культыватар. Агрэгат працаваў, як растлумачыла брыгадзір Святлана Радомская, не па схеме суцэльнага культывавання, а кропкава, калі такое абазначэнне будзе тут дарэчы. Згладжваў след, што пакінуў пасля сябе раскідвальнік мінеральных удабрэнняў, не абыходзіў нізкія месцы, «варушыў» папярочныя палосы. Іншымі словамі, спрыяў рабоце пасяўнога агрэгата, наколькі тое магчыма. Працяг пасяўной партыі — за Леанідам Пішчом. За штурвалам трактара ён не першы год, і гэта лёгка «чытаецца». Роўныя, бы пад шнур, радкі здаецца пакінула пасля сябе не масіўная махіна, а спрактыкаваная рука чарцёжніка.
У норме, заўважыў механізатар, можна адсеяцца і на чатырох дзясятках гектараў. Норма ж на сяўбе, як ведаем, гэта ненармаваны працоўны дзень. Да працы ў такой інтэнсіўнасці аграрыям не прывыкаць. Не толькі на сяўбе, аднак, усё пачынаецца іменна з яе.
Іван КАВАЛЕНКА