Адзінокі бэз Анатолія Маісеенкі
Напрыканцы сакавіка ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася экспазіцыя работ нашага земляка, майстра жывапісу Анатолія Маісеенкі. На адкрыцці выставы прысутнічала і дэлегацыя Ляхавіччыны, у якую ўвайшлі калегі Анатолія Сяргеевіча, вучні, родныя і блізкія, тыя, каму дарагая памяць пра яго.
На гэтым вернісажы нібы акунаешся ў непаўторны, дзіўны свет прыгажосці, якою так шчодра радуюць вока карціны мастака. У кожнай з 70 выстаўленых работ (а гэта нацюрморты, пейзажы, акварэлі, партрэтны жывапіс) адчуваецца яго творчы почырк.
Работы Анатолія Маісеенкі не маглі быць не заўважанымі. Яны напісаны не толькі таленавітай рукой, але і багатай на эмоцыі душой. А яшчэ ён быў вельмі таленавітым педагогам, які пакінуў пасля сябе шматлікіх вучняў. І любячым сынам, мужам, бацькам. Быў… Год таму Анатолія Маісеенкі не стала. Але лёс мастака асаблівы — ён застаецца ў сваіх карцінах.
Большая частка жыцця Анатолія Сяргеевіча (нарадзіўся ў вёсцы Зарытава нашага раёна) звязана са Свяціцай. Тут вучыўся ў мясцовай школе, дзе праз гады сам аформіў фае і калідоры, зрабіў стэнды. Ён — аўтар герба і сцяга гэтай навучальнай установы. А яшчэ на працягу двух дзесяцігоддзяў узначальваў узорную студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва«Вясёлка» пры сельскім Доме культуры, вучыў маляваць мясцовых дзяцей і разумець прыгожае.
Пачаткам сваёй творчасці сам Анатолій Маісеенка лічыў звычайную дзіцячую цікаўнасць, а першай самастойнай работай будучага майстра быў малюнак «Пагра-нічнік у дазоры». Увогуле, у падлеткавым узросце ён аддаваў перавагу мена-віта ваеннай тэматыцы. Але пры гэтым захапляўся музыкай і самастойна навучыўся іграць на клавішных і струнных інструментах.
— Я вельмі быў уражаны, як мой бацька Сяргей Архіпавіч (доўгі час працаваў дырэктарам Свяціцкай СШ) пісаў свой аўтапартрэт, гледзячы ў люстэрка, — расказваў падчас інтэрв’ю «ЛВ» Анатолій Маісеенка ў студзені 2006 года.
Шмат гаварыў пра творчасць, лічыў, што мастацтва павінна быць лёгкім, несці цяпло, прыгажосць, выпраменьваць асаблівую энергію. Мноства аўтарскіх сюжэтаў звязана з Ляхавіччынай. Карціны «Вечар на Шчары», «Снег сышоў», «Тут прай-шло дзяцінства», «Восень у Грушаўцы», «Рэпіхава» — усе яны як пры-знанне любві сваёй Радзіме.
— Я вырас сярод балот Палесся — у непаўторным па прыроднай прыгажосці рэгіёне Брэстчыны, дзе да сённяшняга дня захаваны ў жывым і надзвычай багатым выглядзе некранутыя астраўкі прыроды. Мне вельмі падабаецца маляваць ваду, яна прысутнічае амаль у кожным пейзажы: хоць лужынка, хоць канаўка. Люблю пісаць нацюрморты: вясной і летам перадаваць багатыя фарбы кветак, а восенню — садавіны і агародніны. Асаблівае захапленне — маляваць бэз, гэту незвычайную прыгажосць пішу кожны сезон, бо бэз — гэта вясна, радасць, абнаўленне, прыемны і ні з чым не параўнальны водар, — расказваў мастак.
Глядзець на жывапіс Маісеенкі можна доўга-доўга. Здаецца, нібы сам разам з аўтарам крочыш, зачараваны, па сцяжынках, любуешся, упітваеш у сябе прыгажосць.
Яго майстэрня была дзіўным храмам мастака і адначасова прытулкам тонкіх пэндзляў, алоўкаў, сухіх кветак і галінак, лісця, гліняных збанкоў, кавалачкаў дрэў і іншых прадметаў — усё гэта патрабавалася то яго рукам, то вачам.
Ён дарыў свае творы сябрам. Ягоныя работы знаходзяцца і ва ўласных калекцыях знатакоў жывапісу ў Расіі, ЗША, Японіі, Галандыі, Кана- дзе, Польшчы, Італіі, Германіі і іншых краінах. Анатолій Маісеенка ўдзель-нічаў у шматлікіх айчынных і міжнародных пленэрах жывапісцаў. Але галоўным асабістым дасягненнем лічыў сваіх вучняў, якіх у яго заўсёды было шмат.
Маісеенка любіў сваіх землякоў, а яны ганарыліся ім і паважалі яго. А яшчэ ён быў вельмі шчырым, клапатлівым і цікавым чалавекам, які захапляўся не толькі мастацтвам. Сябры мастака ўспамінаюць, што ў апошнія гады жыцця ў Анатолія Маісеенкі любімай была песня, у якой ёсць такія словы: » Не для меня цветут сады, в долине роща расцветает, там соловей весну встречает, он будет петь не для меня»… Чалавек пайшоў з жыцця. Але ж ён і назаўсёды застаўся не толькі ў памяці блізкіх, але і ў сваіх шматлікіх жывапісных творах.
— Светла, радасна на сэрцы ад гэтых карцін, — гаварылі Маісеенку многія. Яму таксама было светла, бо напісаны яны фарбамі душы — самымі лепшымі з усіх фарбаў, якія ёсць у прыроде. І «Бэз» Анатолія Маісеенкі яшчэ доўга будзе зачароўваць лю-дзей, хаця застаўся і без свайго аўтара адзінокім…
Выстава ж будзе экспанавацца ў абласным цэнтры да 17 красавіка. А ў хуткім часе яе змогуць убачыць ляхавічане і жыхары Свяціцы.
Аддзел культуры райвыканкама сумесна з Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам выпусціў каталог работ «Адзінокі бэз Анатолія Маісеенкі».
Соф’я МАРЧЫК, дырэктар раённага метадычнага цэнтра
Галіна КАНЬКО, карэспандэнт «ЛВ»
Пра сябра
— Сярод сяброў Анатолій быў лідарам і завадатарам, але пры гэтым ніколі не вылучаў сябе. Любіў жарты і жартаваць, не хаваў крыўды. Падчас сустрэч маглі гаварыць на любую тэму і ўспамінаць да раніцы. Анатолій быў добрым музыкантам: любіў узяць у рукі баян і заспяваць. Некалі ў маладосці ён кіраваў вакальна-інструментальным ансамблем пры Свяціцкім СДК. У вольны час спяшаўся ў лес за грыбамі, а яшчэ мог доўга стаяць на беразе ракі з вудай…
Сябры Міхаіл КУРЛОВІЧ, Аляксандр БУЙКЕВІЧ, Валерый БУЙКЕВІЧ, Мікалай БУЙКЕВІЧ.
— Памятаю, як на святочным вернісажы ў гонар 50-гадовага юбілею Маісеенкі ў мясцовым СДК панавала ўзнятая, святочная атмасфера, і наведвальнікі быццам дакрануліся душой да дзіўнай прыгажосці, адкрылі для сябе самае дарагое: непаўторную чароўнасць малой радзімы, шум яе лясоў і бароў, водар лугоў, прыцягальнасць ціхаплынных рачулак, шапаценне лістападу… А першаадкрывальнікам усяго гэтага быў мастак Анатолій Маісеенка — абаяльны, чалавечны, прыгожы, таленавіты…
… Я шчаслівая, што паспела сказаць Анатолію Сяргеевічу ў памятны для яго дзень шчырыя і добрыя словы:
… І сёння на святочным вернісажы
Здабыткі Вашы бачныя ўсім:
Пано, эцюды, накіды, пейзажы
І мноства Вамі створаных карцін.
На гэтыя карціны перанеслі
Вы ўтрыманне светлых мар сваіх.
Палітра фарбаў роднага Палесся
Прыгожа адлюстроўваецца ў іх…
Вера ДЫДЫШКА, былая настаўніца Свяціцкай СШ, аўтар зборніка вершаў «Святло душы»
— Анатоль быў таленавітым пейзажыстам. Яго вабіла прырода, якую ён любіў і разумеў. Наведвальнікі яго выстаў яшчэ доўга будуць любавацца па-майстэрску напісанымі пейзажамі, на якіх жывуць, гучаць і расцвітаюць фарбы Маісеенкі.
Эдуард БУРВЕЛЬ, сябар і мастак
— Многія з нас не ўяўлялі, што звяжуць сваё жыццё з мастацтвам. Але, дзякуючы педагогу, паверылі ў свае магчымасці і талент, убачылі свет светла і прыгожа. Ён часта вазіў нас на пленэры. Амаль ва ўсіх раённых і абласных конкурсах, выставах, дзе мы ўдзельнічалі, нашы работы адзначаліся журы і займалі прызавыя месцы. Мы бязмерна ўдзячны лёсу, што Анатолій Сяргеевіч быў у нашым жыцці.
Былыя вучні
— Выставы работ Анатолія Сяргеевіча, якія экспанаваліся ў Свяціцы, выклікалі ўсеагульнае захапленне. Кожны штрых яго малюнкаў напоўнены цяплом і святлом. Ён вельмі моцна любіў свой край, сваю вёску, землякоў, адчуваў сэрцам і маляваў сэрцам.
Кацярына БУЙКЕВІЧ, бібліятэкар Свяціцкай бібліятэкі