Любімы філосаф
Вы не спрабавалі паставіць так пытанне, каб адказ атрымаўся адназначны і «без астатку»: ты сталееш разам са «сваімі» кнігамі ці яны — з табою. Асабіста ў мяне астатак застаецца, прычым і ў першым, і ў другім варыянце адказ аднолькавы:» так».
Калі б можна было захаваць картачкі чытача-кнігалюба на працягу ўсіх гадоў сяброўства з бібліятэкай, калі б можна было пабачыць гэту занатаваную кніжную храналогію, атрымалася б, мусіць, выразная карціна дыялектыкі сталення чалавечай душы. І любімым філосафам, усё ведаючым, але дазваляючым сумненні, часам суровым — часцей дабрадзейна спагадлівым, практычным ці наадварот рамантычна ўзнёслым, аднак абавязкова мудрым, шчырым, нелянівым на думкі і пачуцці, якія выкладае кожным радком, была і застаецца кніга.
Кожны раз, калі адкрываеш новы твор ці новага аўтара, радуешся гэтаму жаданаму спатканню, і таму, што яно спраўдзілася. А калі бяру з паліцы добра знаёмы і не раз чытаны том, па героях якога засумавала, лаўлю сябе на думцы: нейкага павароту сюжэта раней не заўважыла і якуюсьці ўразлівую акалічнасць убачыла толькі цяпер. Радуешся неспадзяванаму адкрыццю, як радуешся, калі нешта добрае, раней табе невядомае, даведаешся пра сябра. …Як жа не хацелася іншы раз у старэйшых класах ад першага радка да апошняга штурмаваць (прабачце, Леў Мікалаевіч) «Вайну і мір», ды і з Чарнышэўскім былі пытанні, а па спаленым томе «Мёртвых душ» не многія з аднакласнікаў-аднакурснікаў сумавалі. Разуменне прыйшло пазней. Мусіць, усе мы павінны дарасці да свайго Гамера ці «Энэіды навыварат», да сваіх «Майстра і Маргарыты» і «Палескай хронікі», убачыць ва ўсёй велічы «Узнятую цаліну» і «Новую зямлю».
Любімы філосаф, ты вучыш, што такое быць чалавекам, ты даказваеш, што дабро ў сваім шматлікім абліччы — той скарб, вышэй якога не бывае. Памкненні і пачуцці, словы сказаныя і тыя, што пакуль даспяваюць, справы зробленыя і заўтрашнія можна праверыць на вартасць з дапамогай надзейнага тэста — кніжнай мудрасці, мудрай кніжнасці: яны пра жыццё ведаюць усё.
Праходзіць час, і зноў хочацца ўзяць у рукі томік Чэхава ці Купрына, і смага па непераўзыдзеных радках Багдановіча яшчэ якая, і так цягне праз друкаваныя старонкі сустрэцца з Караткевічам, Купалам ці самім Пушкіным… Ці праз «Біблію для каханай» — з нашым Леанідам Пранчаком, пачытаць лірычнага і зноў жа нашага Алеся Бадака. Адкрыць іх па-новаму. І ўпусціць у свой свет новыя фарбы, новыя ноты, новыя думкі. А, значыць, стаць багацейшым. Не на грошы, а на больш дарагую каштоўнасць — не матэрыяльную, а спрадвечную.
Сёння крочу па маршруце экспедыцыі Дзмітрыя Струкава. Апынулася ў дзевятнаццатым стагоддзі і дзіўлюся на выявы помнікаў архітэктуры, пейзажаў, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, многія з якіх сёння… не існуюць. Гэта не міраж: геніяльны мастак зрабіў за тры гады падарожжа па Паўночна-Заходнім краі замалёўкі і пакінуў дар шчодрага, відушчага сэрца і вялікага таленту будучыні — у тым ліку ўсім нам. Кніга з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» «Дзмітрый Струкаў. Альбом малюнкаў 1864-1867 г.», як адзначана ў суправаджэнні, уключае амаль 200 малюнкаў, пуцявыя нататкі мастака, каментарыі сучасных даследчыкаў. І самае галоўнае, што «на аснове шырокіх іконаграфічных сведчанняў дае магчымасць убачыць багацце беларускай духоўнай сакральнай культуры, і, перш за ўсё, яе страчаных шэдэўраў».
Гэты альбом — дарагое для душы адкрыццё. І так прыемна, што выйшаў ён (і па вартасці ўжо ацэнены на шматлікіх міжнародных кніжных выставах, а таксама кнігалюбамі і знаўцамі гісторыі і мастацтва) у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», якім кіруе наша вядомая зямлячка, журналістка Таццяна Бялова.
…Любімы філосаф на ўсе часы — кніга, кніга, кніга.