Чыстая субота на Ляхавіччыне
Па добрай традыцыі адной з красавіцкіх субот уся Беларусь выходзіць на рэспубліканскі суботнік. Хтосьці ў гэты дзень наводзіць чысціню і прыгажосць на вуліцах роднага горада ці вёскі, іншыя праводзяць гэты дзень на працоўных месцах.
Заробленыя на рэспубліканскім суботніку грошы традыцыйна накіроўваюцца на важныя справы, напрыклад, паляпшэнне ўмоў аздараўлення і адпачынку дзяцей. Сёлета запланавана частку сродкаў накіраваць на будаўніцтва новага музея Вялікай Айчыннай вайны і стварэнне яго музейнай экспазіцыі.
Традыцыйна менавіта ў гэты вясновы час праводзяцца суботнікі і месячнікі па добраўпарадкаванні. Райвыканкам прыняў рашэнне ўстанавіць кожны чацвер адзіным санітарным днём па ўборцы горада. За прадпрыемствамі і арганізацыямі замацаваны зоны адказнасці, на тэрыторыі якіх неабходна падтрымліваць належны санітарны парадак.
Цяпер па ўсёй краіне, у тым ліку і на Ляхавіччыне, праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні. У раёне распрацаваны план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні чысціні на ўсіх тэрыторыях. Работы кіпяць амаль паўсюдна. Аднак, калі некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі ўжо даўно паклапаціліся, каб замацаваныя за імі тэрыторыі выглядалі «на ўсе 100 працэнтаў», то іншыя чагосьці чакаюць.
Хто сапраўдны гаспадар, а хто «так сабе» мы паспрабавалі высветліць падчас сумеснага рэйду «ЛВ» і аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама ў мінулы аўторак, 17 красавіка. Дарэчы, менавіта ў гэты дзень пытанне добраўпарадкавання разглядалася на апаратным пасяджэнні ў старшыні райвыканкама.
За тэрыторыю паабапал дарогі на ўездзе ў горад з боку Баранавічаў у адказе Ляхавіцкая ПМК-17. Якраз на момант рэйду тут працавалі работнікі гэтай будаўнічай арганізацыі: зграбалі мінулагодняе лісце. Дарэчы, што датычыцца ПМК-17, то будаўнікам неабходна навесці парадак і каля адміністрацыйных будынкаў і вытворчых памяшканняў былой СПМК-18. На момант рэйду там было не зусім прыбрана, мякка кажучы.
Са станоўчага боку варта адзначыць Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Сіламі навучэнцаў, выкладчыкаў і рабочыхдобраўпарадкавана тэрыторыя студэнцкага «гарадка», пабелены дрэвы ў садзе, а таксама прыбрана тэрыторыя ад вуліцы Юбілейнай да Палявой.
Работнікі ПМК-13 у аўторак прыбіралі паабапал дарогі на Русінавічы ад вуліцы Палявой да крыніцы. А вось на падведамаснай тэрыторыі гэтай будаўнічай арганізацыі парадак наведзены даўно, прычым зайздросны.
Як заўсёды, радуюць вока тэрыторыі Ляхавіцкага ПМС, ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас», ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя», РАНС, ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ДРБУ-200 і г.д.
Між іншым, меліяратары не толькі арыгінальна аформілі падведамасную тэрыторыю, але і ідэальна добраўпарадкавалі сваю зону адказнасці — тэрыторыю ад гарадской «Крыніцы» па вуліцы Леніна да каналізацыйна-помпавай станцыі ўздоўж ракі Ведзьма.
Прыемна ўразіла і райветстанцыя. Вакол усё падфарбавана, пабелена, разбіты клумбы, падстрыжаны кусты і, наогул, — ні парушынкі, ні церушынкі.
Чысціня і парадак даўно сталі візітоўкай аўтобусных прыпынкаў. Аднак, на гэты раз знайшлося месца лыжцы дзёгцю ў бочцы мёду. На прыпынку «Гаргаз» — смецце, пустыя бутэлькі, аднаразовы посуд, недакуркі, абгорткі і г.д. А дзіравыя ёмістасці, якія, па ўсім бачна, выконваюць ролю скрынак для смецця на аўтобусным прыпынку каля чыгуначнага вакзала, не паддаюцца ніякай крытыцы.
А вось парк на вуліцы Вакзальнай — узорны ў плане добраўпарадкавання, дрэвы пабелены, ад мінулагодняга лісця нічога не засталося, усё смецце сабрана. Праўда, маленькая заўвага: хацелася, каб падчас абрэзкі дрэў ім надавалася аднолькавая форма — так больш прыгожа.
На жаль, па-ранейшаму ёсць прэтэнзіі да добраўпарадкавання тэрыторыі прамысловай зоны каля магазіна па вуліцы Вакзальнай. Так, там прыбіраліся, але, відаць, яшчэ мінулай восенню. Цяпер то тут, то там — сухія галінкі дрэў і кустоўя, рэшткі по-ліэтыленавай плёнкі, папера і іншае смецце.
Па традыцыі эталонам навядзення парадку выступаюць установы адукацыі: школы, пазашкольныя ўстановы, дзіцячыя сады. Напрыклад, дзіцячы сад № 4, які размешчаны на вуліцы Арлоўскага. Двор гэтай дашкольнай установы падобны на казку, у якой знайшлося месца і расфарбаваным у яркія колеры домікам, і разнастайнаму спартыўнаму абсталяванню, і нават экзатычным жывёлам, праўда, цацачным, якія затаіліся ў вясновай траўцы.
Узяліся за навядзенне парадку і райпоўцы. Ім, згодна плана арганізацыйна-тэхнічных патрабаванняў, трэба не толькі прыбраць замацаваныя тэрыторыі, але і пабяліць бардзюры, разбіць кветнікі і газоны каля магазінаў, зрабіць прыстасаванні для веласіпедаў каля тых гандлёвых кропак, дзе яны адсутнічаюць. Непасрэдна ў дзень рэйду рамантаваліся прыступкі магазінаў «Шчара» і «Тэхніка».
Работнікі камунгаса прыбіраюць тэрыторыі гаражных масіваў, наводзяць парадак на дварах, устанаўліваюць дарожныя знакі, робяць ямачны рамонт на вуліцах райцэнтра, прыбралі паркі і скверы.
З пачатку красавіка па добра-ўпарадкаванні зроблена шмат, але ёсць яшчэ месцы, дзе неабходна не толькі добра папрацаваць, але і праявіць густ, творчасць, каб зрабіць месца, дзе мы жывём, яшчэ больш прывабным, утульным і прыгожым.
Святлана КАБЯШОВА, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.
Галіна КАНЬКО, карэспандэнт «ЛВ»