«Чалавек года» гучыць годна. 16-ці працаўнікам нашай вобласці прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Брэстчыны-2017». Сярод іх прадстаўнік Ляхавіцкага раёна

Дырэктар ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.

У святочнасці мая прапісаны і гэты, ужо традыцыйны для Брэстчыны, сюжэт: ушанаванне лепшых працаўнікоў і калектываў вобласці. Цырымонія адбылася 8 мая ў Брэсце.
«Працаўнікі карысталіся павагай ва ўсе часы. Яны ўслаўляюць родную зямлю, робяць яе духоўна і матэрыяльна багацейшай, захоўваюць спадчыну і сваімі рукамі будуюць будучыню нашай краіны», – падкрэсліў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс і дадаў, што сённяшнія героі дня, якія запрошаны на ўрачыстасць, з’яўляюцца «прыкладам таго, што ў раёне, невялікім горадзе ці вёсцы можна паспяхова працаваць і атрымліваць высокія вынікі». Кіраўнік вобласці выказаў упэўненасць, што ў Год малой радзімы Брэстчына будзе працаваць яшчэ больш эфектыўна.

16 нашых землякоў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Брэстчыны» за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці па выніках 2017 года. Прагучалі прозвішчы дырэктара 558 Авіяцыйнага рамонтнага завода Паўла Пінігіна, галоўнага інжынера ВПУП «Вікторыя» Юрыя Плаксіна, начальніка Баранавіцкага ДРБУ № 136 Уладзіміра Кіслага, галоўнага агранома ААТ «Агра-Моталь» Валерыя Стасевіча, начальніка Бярозаўскай СМПК-22 Рыгора Бабіча, дырэктара Пружанскага «Камунальніка» Алега Шопіка, урача-анестэзіёлага-рэаніматолага Брэсцкага абласнога радзільнага дома Сяргея Філатава, дырэктара дапаможнай школы г. Брэста Людмілы Дзенісевіч, мастацкага кіраўніка гарадскога духавога аркестра Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры Валерыя Коваля, трэнера-выкладчыка Брэсцкага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву Андрэя Фаміных, дырэктара Маларыцкага ТЦСАН Людмілы Алесік, дырэктара ТДА «Панда» Аляксандра Ласковіча, начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь, палкоўніка ўнутранай службы Канстанціна Шаршуновіча, дырэктара Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва Ліліі Страчук, дырэктара тэлерадыёкампаніі «Брэст» Ларысы Дабрадомавай.
Вельмі прыемна, што сярод узнагароджаных і прадстаўнік Ляхавіцкага раёна: дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзіміру Гунько прысвоена званне «Чалавек года Брэстчыны-2017» у галіне паліўна-энергетычнага комплексу. Торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі» летась значна павялічыў аб’ём вытворчасці і экспарту. Ён заняў ганаровае другое месца ў рэспубліцы сярод аналагічных прадпрыемстваў. Вынікова працуе над зніжэннем сабекошту прадукцыі, на чым адбіваюцца ў тым ліку эканомія і беражлівасць, эфектыўнасць тэхналагічнага працэсу, абнаўленне абсталявання. Акрамя асноўнага віду прадукцыі – паліўных брыкетаў – тут выпускаюць запатрабаваную на прадпрыемствах цаментнай вытворчасці сушонку.
У гэтых і іншых пазітыўных з’явах і пераменах ляхавіцкіх торфабрыкетчыкаў, безумоўна, істотную ролю адыгрывае кіраў-ніцтва прадпрыемства, што пераканаўча пацверджана і высокай адзнакай, якую атрымаў асабіста дырэктар. Віншуем «Чалавека года Брэстчыны-2017» Уладзіміра Гунько з узнагародай і жадаем працоўных поспехаў выдатнаму калектыву, які з’яўляецца цёзкай раёна. Гэта абавязвае!
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *