Уключыць рэзервы
На красавіцкім пасяджэнні райвыканкама вялікая размова ішла пра работу жывёлагадоўчага комплексу Ляхавіччыны. Увага акцэнтавалася на эфектыўнасці развіцця малочнай жывёлагадоўлі
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч крытычна ацаніў ход спраў і выніковасць работы «малочнікаў» раёна. Пры тым адзначыў, што існуюць вялікія рэзервы, выкарыстанне якіх дазволіць істотна палепшыць сітуацыю. Кіраўнік раёна нагадаў элементы, што з’яўляюцца базай і на чым грунтуецца паспяховасць работы: дастатковасць і належная якасць кармоў, умовы і эфектыўнасць работы кадраў і зноў такі ўмовы – утрымання жывёлы.
Некалькі сельскагаспадарчых прад-прыемстваў раёна працягваюць дэманстраваць станоўчую вытворча-эканамічную дынаміку. Едзьце да іх вучыцца, звярнуўся да кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў заапрофілю першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Камінскі.
Пытанне кармоў разгледжана з пазіцыі надзённай актуальнасці: з дня на дзень у раёне стартуе касавіца. Першы ўкос траў, як правіла, лепшы і большы, чым наступныя, менавіта ад яго выніковасці ў значнай ступені залежыць гадавы кормасклад сельгаспрадпрыемстваў. Правесці першы этап корманарыхтоўкі ў вызначаныя тэрміны і на належным узроўні якасці – гэта задача хоць і зразумелая, але гучала ў ходзе пасяджэння неаднойчы. Так званыя курганы: ні аднаго кілаграма сенажу, запатрабаваў старшыня райвыканкама, у такой форме закладзена быць не павінна. Толькі траншэі выкарыстоўваюць у якасці кармавых ёмістасцяў. Апошнія, канешне, павінны прайсці належную перадсезонную падрыхтоўку. Плюс новае будаўніцтва: прагучала лічба 14 – такой колькасцю сянажна-сіласных траншэй павінен прырасці АПК раёна.
Па словах начальніка райсельгасхарчу, малочны поспех на 60-70 працэнтаў фарміруе створаная кармавая база. Малако – аснова жывёлагадоўлі, якая, у сваю чаргу, з’яўляецца прыярытэтнай галіной сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, прыносіць гаспадаркам галоўны прыбытак.
Грамадскі статак раёна на гэты час фарміруюць 30125 галоў буйной рагатай жывёлы. Калі за аптымальную аснову браць формулу «100 галоў БРЖ на 100 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў», гэтыя тысячы не з’яўляюцца для нас аптымальнай лічбай. Задача павелічэння статка ўвогуле і кароў у тым ліку з’яўляецца адной з асноўных на бліжэйшую перспектыву.
Эканоміку сельгаспрадпрыемстваў вызначае як колькасць, так і якасць прададзенага на перапрацоўку малака. Здаровая карова дае малако экстра-якасці. На паніжэнне гатунковасці сырадою «працуюць» людзі: нязначнае, здавалася б, адхіленне ад тэхналогіі, неашчаднасць работы на нейкім з этапаў экстру ператвараюць у прадукт, напрыклад, першага гатунку. Працэнт такой прадукцыі ў агульным аб’ёме малака раёна недапушчальна высокі. Гэта хоць і не брак у прамым сэнсе слова, але відавочная і немалая для малакавытворцы страта выручкі. І, як прагучала, паказчык якасці ў меншай ступені залежыць ад сучаснасці абсталявання МТФ. На першым месцы – сучаснасць падыходаў, адносіны кожнага да свайго ўчастка работы.
Найважнейшая роля ў сістэме жывёлагадоўлі адводзіцца тэхнікам-асемянатарам. Ад работы спецыя-лістаў гэтага профілю залежыць вельмі і вельмі многае. Узнаўленне статкаў буйной рагатай жывёлы, напрыклад, што для раёна ў цэлым і для многіх сельгаспрадпрыемстваў у прыватнасці з’яўляецца асабліва важным пытаннем.
Кадры – гэта аснова асноў у любой справе, не выключэнне і жывёлагадоўля. У асобных гаспадарках не хапае іх – прафесійных, адказных, добрасумленных у адносінах да справы і даручанага ўчастка работы. З чарговым выпускам ЛДАКа сітуацыя абяцае выправіцца. У якой ступені і як надоўга, залежыць ад шэрага фактараў. Увогуле ж, як прагучала ў ходзе пасяджэння, падбіраць ветэрынараў, заатэхнікаў і іншых спяцоў непасрэдна падчас размеркавання ва ўстановах адукацыі – не лепшы варыянт. Фарміраваць цікавасць да работы канкрэтнага выпускніка на канкрэтным прадпрыемстве варта пачынаць, калі той знаходзіцца яшчэ ў студэнцкай аўдыторыі. Зацікавіць, сустрэць, дапамагчы на стартавым этапе. І шанцы на выніковасць павялічваюцца істотна.
Іван КАВАЛЕНКА.