Калі «зорачкі» сышліся. У Ляхавічах «Сузор’е талентаў» сабрала самых пераможных школьнікаў

У першую пятніцу мая гарадскі Дом культуры літаральна ззяў ад неверагоднай колькасці юных зорачак, таленавітых, паспяховых, творчых, кемлівых, спартыўных. У гэты дзень віталі пераможцаў раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў, якія сваімі дасягненнямі ўславілі сваю школу, сваю малую радзіму, свой раён.

Побач з выхаванцамі – педагогі. Таленавіты настаўнік дзеліцца ведамі і дапамагае раскрыць талент свайго вучня. Не проста вучыць, а натхняе на скарэнне «навуковых» вяршынь, ён сілкуе сваёй энергіяй, становіцца прыкладам. Яны ў гэты «сузорны» дзень, як заўсёды, побач са сваімі вучнямі.
Традыцыйны раённы фестываль «Сузор’е талентаў» – святочна-хвалюючая падзея ў адукацыйным свеце раёна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса ўручыў узнагароды тым нашым юным землякам, чые імёны гучалі на міжнародным і рэспубліканскім узроўнях.
Са святам творчасці, інтэлекту і поспеху ад усяго сэрца  павіншавала вучняў і іх настаўнікаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. Яна пажадала ніколі не спыняцца на дасягнутым, удасканальвацца і ісці да сваёй мэты.
Больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячым хваляваннем, але, безумоўна, з гонарам падымаліся на сцэну для ўзнагароджання граматамі і прэміямі. Кожны ў сваёй намінацыі: «З навукай у будучыню», «Са спортам і турызмам па жыцці», «Адоранасць у творчасці» – за свае  поспехі, прагу да ўдасканалення, імкненне штосьці зрабіць для сваёй радзімы.
А арыгінальныя творчыя нумары ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці зрабілі гэта свята яшчэ ярчэйшым. Наша ляхавіцкае сузор’е юных талентаў утвараецца яркімі зорачкамі, іскрыць, зіхаціць і, што самае прыемнае, папаўняецца новымі крыніцамі святла.
Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *