Падлетак жадае папрацаваць. У Ляхавіцкім раёне школьнікам ёсць дзе адпачыць
Летам і мары каляровыя – такое шчыра-мастацкае прызнанне пачула неяк ад школьнікаў. Рабяты чакаюць самых доўгіх і любімых канікулаў з нецярпеннем і вялікім жаданнем, плануюць, хто чым будзе займацца, перапісваюцца ў сацыяльных сетках, расказваюць, куды хацелі б адправіцца адпачываць.
Бацькі таксама ў роздуме, чым заняць сына ці дачку, у якіх з’явілася мора вольнага часу. Аздараўленчы лагер – тое, што трэба! І любімы многімі летнік «Чайка» актыўна прыхарошваецца, рыхтуецца да новага сезона. Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Саракавік удакладніла: за пяць змен адпачнуць 490 дзяцей. Першая (з 4 па 12 чэрвеня ) і пятая (з 14 па 22 жніўня) змены зноў спартыўна-аздараўленчыя: трэніравацца і адпачываць тут будуць выхаванцы СДЮШАР. З 15 чэрвеня стартуе другая змена, трэцяя таксама дакладна па графіку – з 5 па 22 ліпеня, чацвёртая – з 25 ліпеня па 11 жніўня.
Аматарам паходнага жыцця прыйдзецца даспадобы перасоўны лагер «Рабінзоны», які прапануе 9 захапляльных падарожных дзён па раёне. З 15 па 23 чэрвеня ім прадастаўляецца магчымасць адчуць сябе сапраўднымі турыстамі.
Адукацыйна-аздараўленчы профіль з вучэбна-даследчай дзейнасцю плануецца ў «Эўрыцы». Прапішацца летнік на 9 дзён у Падлескім вучэбна-педагагічным комплексе «Дзіцячы сад-базавая школа» разам з «Выратавальнікам», які будзе мець абаронна-спартыўны накірунак адпачынку – шэфамі тут выступяць супрацоўнікі Ляхавіцкага РАНС. У праграме майстар-класы ад выратавальнікаў і шмат чаго карысна-пазнавальнага.
Бацькоўская даплата за пуцёўку ў лагер складае 10 працэнтаў ад яе кошту.
На базе амаль усіх школ раёна, у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама ў СДЮШАР у чэрвені адкрыюцца лагеры з дзённым знаходжаннем, дзе ўсё прадумана да дробязяў: ад смачных сняданкаў да забаўляльна-пазнавальнай праграмы.
У кожнай школе на лета прапішуцца рознаўзроставыя атрады, дзе і конкурсам месца знойдзецца, і спаборніцтвам, а галоўнае, рабяты будуць заняты цікавай справай.
…Падлетак жадае працаваць. Такія аб’явы-посты ўсё часцей з’яўляюцца ў сацыяльных сетках. Школьнікі хочуць мець уласна заробленыя грошы на кішэнныя расходы. Якія маюцца варыянты іх працаўладкавання ў раёне?
Запрашаюць лагеры працы і адпачынку ў СШ № 1 і СШ № 2, Крывошынскай і Мала-гарадзішчанскай установах адукацыі. Другасная занятасць прадугледжана ў Крывошынскай СШ і Конькаўскім ВПК. Рабяты зоймуцца праполкай кветак і гародніны, навядзеннем чысціні на тэрыторыі сваіх школ, рамонтам кніжак, іншым. Так яны заробяць уласныя грошы і карысна адпачнуць.
Дарэчы, працоўны ўзрост пачынаецца з 14 гадоў, а для работы патрабуецца пісьмовая згода аднаго з бацькоў. Рабятам ад 14 да 16 гадоў пры працягласці працы пяць і больш дзён выдаецца адпаведны дакумент – працоўная кніжка.
– Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адпраўляў запыты наконт летніх вакансій для школьнікаў і моладзі ў больш як два дзясяткі арганізацый раёна, у тым ліку і індывідуальным прадпрымальнікам. Станоўча адказалі толькі некалькі, і то гатовы працаўладкаваць яны не падлеткаў – маладых людзей ва ўзросце да 31 года, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела Алена Клімовіч.
Сёлета ў раёне арганізуюцца сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, педагагічныя атрады з ліку моладзі. Шчыраваць яны будуць у ліпені-жніўні ў «Шляху новым», «Жарабко-вічах», «Начы», аздараўленчым лагеры «Чайка». Каледжскі «Флагман» таксама ў страі. Як заўсёды, у лдакаўскім студэнцкім атрадзе удзельнічаюць самыя актыўныя і нераўнадушныя.
Яшчэ май, але школьнікі ўжо бачаць чэрвень. Задача ж дарослых – зрабіць лета бяспечным і цікава-здаровым.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.