Сабака бывае шалёным

10 мая 2018 г. у Ляхавіцкую райветстанцыю звярнулася жыхарка аграгарадка Падлессе, чый сабака паводзіў сябе неадэкватна: грыз палкі, сцяну хлява, стаў агрэсіўным у адносінах да гаспадароў, у яго з’явілася вадабоязь, асіп голас. Падазрэнне на захворванне шаленствам ветэрынарныя спецыялісты пасля лабараторнага даследавання пацвердзілі.
На даны падворак накладзены каранцін. Праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы: прафілактычная вакцынацыя сабак і катоў, правяраецца выкананне правілаў утрымання дамашніх жывёл, праводзіцца адстрэл дзікіх драпежных жывёл (ліс, ваўкоў, янотападобных сабак) і бадзяжных дамашніх.
Дзяржаўная ветслужба раёна папярэджвае: каб засцерагчы сябе і сваіх гадаванцаў ад заражэння, усе ўладальнікі дамашніх сабак і катоў павінны выконваць пэўныя меры па ўтрыманні сабак (сабака павінен утрымлівацца на ланцугу або ў вальеры, не дапускаць кантактаў з бадзяжнымі жывёламі); прышчэпліваць дамашніх сабак і катоў супраць шаленства, а пры першых прыкметах нетыповых паводзін жывёлу трэба неадкладна паказаць ветэрынарнаму ўрачу.
У выпадку, калі вас пакусала ці падрапала жывёла, неадкладна звяртайцеся ў лячэбна-прафілактычную ўстанову для атрымання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі. А за «агрэсарам» неабходна ўстанавіць ветэрынарнае назіранне на працягу 10 дзён.

 

Даведачна.
Шаленства – гэта вострае інфекцыйнае захворванне нервовай сістэмы, смяротнае як для жывёл, так і для людзей. Заразіцца шаленствам можна праз укус або асліненне, нанесеныя хворай жывёлай. Комплекс антырабічных прышчэпак адносіцца да надзейных сродкаў папярэджання шаленства, а адмова ад прышчэпак альбо перапыненне недапушчальныя, паколькі могуць прывесці да трагічных наступстваў.

Іна КУЧЫНСКАЯ,ветурач райветстанцыі.

Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *