У разрэзе апытання. У Ляхавічах прайшло пасяджэнне камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага перапісу
Лічбавы склад насельніцтва, яго размяшчэнне на тэрыторыі краіны, міграцыя і ўмовы жыцця, нацыянальны склад і многія іншыя пункты дазваляе вызначыць перапіс. Ацэньвае таксама змяненні і ў колькасным выражэнні, падлічвае дамашнюю гаспадарку, характарызуе адукацыйны ўзровень, занятасць, эканамічную актыўнасць насельніцтва і г.д.
Такім чынам, перапіс – гэта не проста статыстычны вынік, лічбы і факты, так сказаць, у разрэзе, а інструмент эканамічнага і сацыяльнага прагназавання, правядзення дэмаграфічных і сацыяльных даследаванняў, аптымальнага размеркавання працоўных рэсурсаў і г.д.
Апошні раз у Беларусі перапісваліся ў 2009 годзе. Наступная кампанія адбудзецца з 4 па 30 кастрычніка 2019 года і будзе мець некаторыя новаўвядзенні.
– Прадугледжана стварэнне стацыянарных участкаў (па тыпу выбарчых) і перапісвацца будзем без папяровых носьбітаў – з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў. Яны добра зарэкамендавалі сябе падчас пробнага перапісу ў Маладзечанскім раёне – эканомяць час і даныя апытання аўтаматычна ўносяцца ў базу, забяспечана высокая якасць запаўнення перапісных лістоў. Можна таксама будзе перапісацца і праз інтэрнэт. Калі рэспандэнт па нейкіх прычынах не зможа з’явіцца на ўчастку і не не зробіць адзнаку ў інтэрнэце, то рэгістратары прыйдуць да яго дадому, – расказала пра асаблівасці перапісу-2019 начальнік аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна Вольга Вялічка.
На пасяджэнні раённай камісіі, якое прайшло на мінулым тыдні, яе старшыня – намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень акрэсліла першачарговыя задачы па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага перапісу ў нашым раёне. Адна з іх – упарадкаванне назваў вуліц, нумарацыі дамоў і кватэр у райцэнтры, вёсках і аграгарадках, а таксама неабходнасць змяшчэння на прыватных сядзібах шыльдаў з нумарам дома і назвай вуліцы (на вуглавых).
Наталля ПЕРАПЕЧКА.