Людзі і сувязі
Днямі сваё прафесійнае свята адзначаць электрасувязісты. Невялікі (усяго 59 чалавек) і даволі малады (сярэдні ўзрост 38 гадоў) калектыў раённага вузла электрасувязі вырашае без перабольшвання стратэгічныя задачы: забяспечвае насельніцтва і арганізацыі надзейнай і якаснай тэлефоннай сувяззю, паслугамі перадачы даных, правадным вяшчаннем.
Тэлефоны, факсы, інтэрнэт, электронная пошта і лакальныя сеткі настолькі ўвайшлі ў наша жыццё, што без іх сёння нельга ўявіць работу абсалютнай большасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Што і казаць, за 16 гадоў з моманту стварэння РВЭС электрасувязь зрабіла шырокі крок наперад. Пра гэта напярэдадні свята карэспандэнт «ЛВ» размаўляў з начальнікам РВЭС Анатоліем Лукашэвічам, які прыгадаў далёка не ўсе, але, бадай, самыя яскравыя перамены:
— З 1998 года ў раёне пачалася замена каардынатных тэлефонных станцый на электронныя — з больш шырокім спектрам паслуг і больш якаснай сувяззю. На сённяшні дзень з 27 АТС на Ляхавіччыне ўсяго 4 станцыі каардынатнага тыпу, а электронныя нумары маюць больш як 11 тысяч тэлефонных абанентаў з 11891. Сёння ёсць магчымасць ствараць новыя тэлефонныя нумары на абсталяванні сеткі перадачы даных — без устаноўкі камутацыйнага абсталявання. Для задавальнення заяў па ўстаноўцы тэлефонаў шырока выкарыстоўваецца тэхналогія WLL, пры якой не патрабуецца пракладка кабеля. Такім чынам тэлефон сёння можна ўстанавіць у любой кропцы раёна. Прычым, у чарзе стаяць не давядзецца — яе ў РВЭС ліквідавалі яшчэ некалькі гадоў таму.
Дарэчы, у апошнія гады тэлефанізацыя па папулярнасці адышла на другі план. Летась, напрыклад, устаноўлена ўсяго 400 тэлефонаў. Затое колькасць карыстальнікаў інтэрактыўнага тэлебачання вырасла больш як на тысячу, амаль на столь-кі ж — колькасць карыстальнікаў высокаскораснага інтэрнэта. Наогул, сёння амаль кожны другі наш абанент карыстаецца паслугамі перадачы даных — высока-скорасным інтэрнэтам byfly (на базе якога, між іншым, дзейнічае адна з цікавых навінак «Белтэлекама» — відэапартал) ці інтэрактыўным тэлебачаннем Zala.
Апошнія 3-4 гады штогод ў мадэрнізацыю сетак сувязі раёна ўкладваецца ад 2 да 4 мільярдаў рублёў. Ільвіная частка інвестыцый накіроўваецца на пракладку валаконна-аптычных ліній сувязі, галоўная перавага якіх — устойлівасць сувязі. Ужо ў бліжэйшы час плануецца працягнуць «валакно» ў аграгарадок Конькі, а гэта значыць, што і туды ўрэшце прыйдзе Zala.
Планаў шмат. І ўсе, што залежаць ад прафесіяналізму электрасувязістаў (а ў ім я не сумняваюся), наш калектыў здольны вырашыць паспяхова.
Расказ пра сапраўдных прафесіяналаў — адна з добрых традыцый «ЛВ». Як стаць майстрам, асам у сваёй справе? Чарговы раз адказ на гэтае пытанне мы імкнуліся знайсці падчас знаёмства з Уладзімірам Сідуном.
Свой самы першы радыёпрыёмнік — прасцейшы, усяго з трох дэталяў — выхаванец школы-інтэрната сабраў гадоў у 7. Крыху пазней любімым школьным прадметам стала фізіка, па якой мець ніжэй за 4 балы лічыў для сябе непрымальным. Потым была служба ў арміі, дакладней — на флоце, дзе і давялося асвойваць азы прафесіі сувязіста. Выдатныя веды, устойлівыя навыкі і канчатковае разуменне, што менавіта гэта — справа жыцця прыйшлі падчас вучобы ў ваенным вучылішчы ў Калінінградзе (пазней давялося вучыцца яшчэ і ў Маскве) і службы ў радыётэхнічных войсках. Лёс склаўся так, што з марской перапрафіляваўся на авіяцыйную тэхніку і шмат гадоў забяспечваў надзейнай сувяззю з зямлёй самалёты і верталёты…
Пасля працяглай работы ў замежжы вярнуўся дадому. Выйшаў у адстаўку. Але сядзець без справы не змог, уладкаваўся на работу ў раённы вузел электрасувязі. Яго сённяшняя пасада — электраманцёр па рамонце тэлефонных апаратаў — магчыма, не самая высокая, але надзвычай важная і патрэбная. Вось ужо 15 гадоў былы ваенны Уладзімір Сідун дорыць «другое жыццё» тэлефонам, якія па розных прычынах выйшлі са строю. Толькі за апошнія гадоў 5 давялося разабраць-сабраць 750 апаратаў.
Калі гэты сціплы чалавек бярэцца за работу — майстэрства не схаваеш! Чаруе над старэнькімі тэлефонамі, каб яны і надалей служылі сваім гаспадарам па прамым прызначэнні. Без праблем установіць і настроіць новыя «наварочаныя» апараты. Акрамя гэтага — абслугоўвае таксафонны парк РВЭС (а гэта 30 таксафонаў у райцэнтры і вёсках). Здаецца, пра тэлефоны самых розных вытворцаў і марак ён ведае ўсё.
— Уладзімір Сідун не проста прафесіянал, а, можна сказаць, ювелір у сваёй справе. Калі шчыра, то не многім са спецыялістаў даводзіцца чуць у свой адрас столькі ўдзячных водгукаў ад абанентаў, як нашаму Лаўрэнцьевічу, — так ацэньвае работу свайго падначаленага начальнік РВЭС Анатолій Лукашэвіч.
Не так многа людзей, у якіх прафе-сійныя абавязкі поўнасцю супадаюць з хобі — захапленнем і справай для душы. Уладзімір Лаўрэнцьевіч — якраз з такіх, у вольны ад работы час любіць… рамантаваць складанае радыётэхнічнае абсталяванне:
— Для мяне вельмі цікава — знайсці той элемент, часам зусім маленькі і, здавалася б, нязначны, з-за якога адмаўляецца працаваць усё ўстройства. Пакапацца ў кнігах і часопісах (сярод любімых — «Радыё», «Радыёаматар», «Радыёканструктар» і іншыя) і, канешне, інтэрнэце — без яго сёння цяжкавата было б. Тэлефонныя апараты, як і іншая тэхніка, мяняюцца, удасканальваюцца, іх рамонт патрабуе іншых, зусім новых падыходаў. Няпроста бывае знайсці замену імпартнай дэталі. Але гэта таксама цікава — пашукаць, пакруціць, падумаць…
Сваё захапленне Уладзімір Лаўрэнцьевіч здолеў перадаць сыну, для якога радыёэлектроніка таксама стала прафесіяй. Асаблівая падстава для гонару — тое, што і ўнукі растуць нераўнадушнымі да справы яго жыцця: 7-гадовы Мірон займаецца ў радыё-школе і з захапленнем расказвае дзядулю пра асаблівасці камп’ютарных праграм і ўстройстваў, для малодшага Яраслава камп’ютар таксама рэч знаёмая. Нават 9-месячная Мілана ўжо настойліва спрабуе націснуць кнопку на сістэмным блоку. Так што ўпаўне магчыма, дынастыя будзе мець працяг…
Святлана БЕЛЬМАЧ
Дзякуй за добры артыкул пра добрага чалавека