Маруся-гаспадыня. Што ні свята ў аграгарадку Навасёлкі, то абавязкова чарговым сюрпрызам вызначыцца тутэйшая жыхарка Марыя Буцько

Што ні свята ў аграгарадку Навасёлкі, то абавязкова чарговым сюрпрызам вызначыцца тутэйшая жыхарка Марыя Буцько. Умеліца, майстрыха –  нездарма яе клічуць Марыяй-гаспадыняй. Адкуль столькі талентаў у вясковай жанчыны? Сама яна лічыць, ад мамы Алены Яфімаўны, якая адна (муж загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны) паднімала траіх дзяцей і ўмела сваімі рукамі рабіць усё.

Пякарская навука

– Задавальненнем было назіраць, як мама замешвае цеста. А потым падглядаць: лопаюцца бурбалкі, і яно падымаецца. Калі была малая, мне дазвалялася мазаць верх яйкам ці алеем, каб атрымалася бліскучая скарынка. Падрасла, дапамагала мясіць цеста. Раней пяклі чорны хлеб пастаянна, а булкі толькі да святаў, – успамінае Марыя Максімаўна.
Тая пекарская навука, а разам з ёй і жаданне частаваць выпечкай іншых, як бачым, не прайшлі дарэмна.
Будучага мужа Марыя сустрэла ў сваёй вёсцы, што ў Баранавіцкім раёне. Мікалай прыехаў сюды на курсы вучыцца на механізатара. Дамоў на хутар пад Навасёлкі вяртаўся ўжо з жонкай. У 1961 годзе пераехалі ў пабудаваны на ўскрайку вёскі ўласны дом. Тут нарадзіліся і хадзілі ў мясцовую школу сыны Мікалай і Канстанцін.
Слава пра Марыю і яе смачныя пірагі разнеслася па акрузе. Сёння яна ўжо і не ўспомніць, хто першы папрасіў спячы каравай на вяселле. Потым заказы паступалі адзін за адным.
– Старалася дагадзіць кожнай пары, каб хоць нечым каравай адрозніваўся ад папярэдняга: то птушачку, то кветачку, то лісцік з цеста зляплю. І людзям радасць да такой святочнай падзеі, і сабе прыемна. А наконт смаку, хоць і адным рэцэптам карыстаюся, але ён заўсёды розны атрымліваецца. Сама не ведаю чаму, – расказвае жанчына.
Здароўе стала падводзіць, ды і вясельныя караваі цяпер заказваюць у кандытарскай, таму 75-гадовая Марыя Буцько каравайнай справай займаецца вельмі рэдка. Аднак, смак яе выпечкі навасёлкаўцы не забываюць. Яна па-ранейшаму да розных святаў частуе сваімі пірагамі. А яшчэ выпякае прасвіркі ў царкву і нават да Вялікадня вялікую прасвіру –
артас.
Жанчына не прызнае навамодныя сіліконавыя і керамічныя формы, аддае перавагу старым бляшаным. Сцвярджае, галоўнае для пірагоў не ператрымаць іх у печы і не дастаць раней. А па печыве відаць, гатовае яно ці яшчэ даць крышачку прапячыся.
Марыя Максімаўна ўпэўнена:
– Любая страва, прыгатаваная з душой, натхненнем і для людзей, якім жадаеш дабра, абавязкова будзе смачнай. А пірагі вельмі адчувальныя да настрою тых, хто іх пячэ. Гатуйце з радасцю!

Цюльпаны на падушцы

На бялюткім абрусе ваза з галінкамі бэзу, россып яркіх цюльпанаў, праўда, не сапраўдных, а вышытых на пасцельнай бялізне, абрусах, ручніках. У Марыі Буцько іх шмат. А колькі раздарыла! Расказвае:
– Калі падгляжу ўзор, што і сама прыдумаю. Вельмі ж падабалася бачыць канчатковы вынік. Раней магла ўсю ноч сядзець, пакуль апошні лісточак на ручніку не закончу.
Майстрыха яна і ў ткацтве. Капы, сурвэткі, коўдры (агнём гарыць чырвоная герань, побач шыкоўная вяргіня), на серванце, шафе, стале – і ўсё сваімі рукамі. Жанчына расказвае, што прыходзілі школьнікі, цікавіліся ткацтвам, вышыўкай, фатаграфавалі. Хто ведае, можа мясцовая моладзь прадоўжыць гэту захапляльную ткацкую навуку.
І яшчэ адзін талент Марыі-гаспадыні: колькі тутэйшых модніц фарсілі ў сукенках, спадніцах, блузках, пашытых ёю! Паспявала абнаўляць гардэроб мужа, сыноў, свой. Ці хапала часу? Марыя Максіўмаўна ўсміхаецца: галоўнае – жаданне і натхненне, а суткі, яны ж вялікія –
цэлых 24 гадзіны.

Цудоўны агародчык

Такі бэз, як у двары дома №21 па вуліцы Сонечнай, мала дзе ўбачыш. Саджанцы калісьці Марыя Буцько выпісвала з Прыбалтыкі. Як жа пышна цвітуць кусты, а які водар! У агародчыку перад хатай розныя кветкі дружна суседнічаюць з клубніцамі. Асаблівы гонар гаспадыні – аранжавай квецені айва. Увогуле, двор, як і дом, дагледжаны, акуратны. Канешне, адной спраўляцца цяжка, муж памёр 12 гадоў назад, але Марыя Максімаўна стараецца. Гаворыць, што без работы жыць прэсна, а за справай і пра хваробы забываеш, і пра перажыванні (пяць гадоў як не стала аднаго з яе сыноў).
– Жыць трэба так, каб не сорамна было перад людзьмі і Богам, – сцвярджае жанчына.
Напамінам пра тую сустрэчу на Сонечнай па рэдакцыі разносіўся цудоўны водар бэзу ад Марыі Буцько.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Айцец Сергій, настаяцель храма Ражджаства Іаана Прадцечы:
– Марыя Буцько – добрая прыхажанка, клапатлівая, сардэчная. Яна дома вырошчвае расаду для кветнікаў, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю нашай царквы.Такія таленты і працавітасць у яе ад Бога і ад бацькоў.

Таццяна ПІШЧ, вясковы стараста:
– Сапраўды, Марыя Максімаўна адметная гаспадыня. Кулічы, пірагі, вышыванкі, тканыя і вязаныя вырабы – усё арыгінальнае, не зблытаеш з іншымі. І кветкавод яна выдатны. На свяце вёскі прызнавалася пераможцай у конкурсах па добраўпарадкаванні сядзібы, кулінарным, творчым. Сустракаем гасцей у аграгарадку – без пірагоў ад Марыя Буцько не абысціся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *