Злётны і «ўлётны» выхадны. Актыўныя, спартыўныя, творчыя і ініцыятыўныя ляхавіцкія школьнікі

Актыўныя, спартыўныя, творчыя і ініцыятыўныя нашы школьнікі. Мінулыя выхадныя таму пацвярджэнне.

«Піянеры, на свята! Піянеры, на збор!», – пратрубіў гарніст у Дзень піянерскай дружбы на плошчы Перамогі ў Ляхавічах. І пяцікласнікі адразу пасур’ёзнелі перад урачыстым момантам. Чырвона-зялёныя гальштукі 19 мая на раённым піянерскім зборы ўпершыню прымералі 270 хлопчыкаў і дзяўчынак. За доўгую і насычаную гісторыю піянерскага руху ў раённай арганізацыі БРПА склаліся добрыя традыцыі, сярод якіх – прыём у піянеры ля помніка воінам-вызваліцелям у Ляхавічах.
Ганаровы абавязак піянераў – памятаць тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу, быць удзячнымі за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, адзначыла старшыня раённага савета ГА БРПА Аксана Субоцкая.
Лепшай піянерскай дружынай раёна прызнана дружына імя Мікалая Цацына (Малагарадзішчанскі ВПК, педагог-арганізатар Надзея Лапіч). За ініцыятыўнасць і творчасць, актыўны ўдзел у папулярызацыі і развіцці піянерскага руху адзначаны піянерскія дружыны імя Мікалая Гастэлы (СШ №2), імя Юрыя Гагарына (Крывошынская СШ), «Сонечная» (СШ №1).
Прадоўжыла свята гульнявая праграма «Піянерская сцежка».
Два выхадныя дні рабяты з 12 устаноў адукацыі ўдзельнічалі ў раённым турысцка-краязнаўчым злёце. Праходзіў ён у прыгожым лясным мястэчку каля вёскі Набярэжная і прысвячаўся Году малой радзімы. Больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак сапернічалі ў спартыўным і краязнаўчым арыентаванні, тэхніцы горна-пешаходнага турызму, адказвалі на пытанні віктарыны, вязалі вузлы, малявалі карыкатуры і г.д.
У турыстычным блоку першае месца заваявалі рабяты з Конькаўскага ВПК (настаўнік Вячаслаў Ксёнжык), у краязнаўчым перамогу раздзялілі гімназія (Міхаіл Курловіч) і Малагарадзішчанскі ВПК (Ганна Маісеенка). Дарэчы, школьнікі з Малога Гарадзішча сталі лепшымі і ў конкурсным блоку.
Нядзеля прынесла дзяўчынкам з гурткоў ЦДАДіМ «Рукадзельніца» (настаўнік Рэгіна Піваварчук) і «Юны мадэльер» (Алена Мацуль) дыплом III ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. У адкрытым абласным фестывалі-конкурсе юных мадэльераў «Brest junior fashion», дзе прымалі ўдзел каля двух дзясяткаў калектываў з Брэсцкай вобласці і Мінска, нашы юныя землякі прадстаўлялі калекцыю «Ільняное натхненне».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *