Заданне для мясцовай улады. У Ляхавічах прыступіў да працы новы старшыня райвыканкама
«Работа з людзьмі, дысцыпліна і жалезны парадак на месцах, тэхналогіі», – акрэсліў кола задач Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перад новымі кіраўнікамі мясцовай вертыкалі.
У мінулы аўторак Прэзідэнт разгледзеў кадравыя пытанні, у тым ліку ўзгадніў назначэнне старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Аляксандра Камінскага.
Прэзідэнт арыентаваў райвыканкамы на развіццё сферы абслугоў-вання: «Трэба даводзіць да ладу прадпрыемствы сэрвісу. Гэта і бытавое абслугоўванне, і швейныя, і цырульні. Каб мы маглі абслугоўваць людзей. Я не кажу ўжо аб гандлі. Вы жывяце ў раёнах, вам давядзецца гэтым займацца», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё часцей наведвае раённыя арганізацыі ў час рабочых паездак па краіне. Напрыклад, нядаўна вывучаў стан спраў у Жыткавіцкім раёне. «Шчыра кажучы, мне спадабалася, як там ідуць справы і планы. І вы павінны памятаць, што вы павінны быць гаспадарамі ў раёне, а ў гаспадара павінны быць адпаведныя інструменты і рычагі. Таму я ад вас патрабую, каб у вас была і будаўнічая арганізацыя, райаграсэрвіс. Каб мы аказвалі паслугі не толькі сельскагаспадарчым і прамысловым прадпрыемствам на месцы, але і людзям, насельніцтву», – заявіў беларускі лідар.
Ён таксама звярнуў увагу на сферу сельскай гаспадаркі, якая натуральным чынам знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўнікоў у раёнах.
23 мая на другой пазачарговай сесіі Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання за кандыдатуру старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Камінскага аднагалосна прагаласавалі ўсе дэпутаты.
Сесія прайшла з удзелам памочніка Прэзідэнта – галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Васілія Герасімава, першага намесніка старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Токара.
Мікалай Токар падкрэсліў, што галоўная задача мясцовай улады заключаецца ў паляпшэнні дабрабыту людзей. Каб узровень жыцця насельніцтва рос, неабходна забяспечыць дынамічнае развіццё рэгіёна.
Ляхавіцкі раён аграрны, і вельмі многае залежыць менавіта ад эфектыўнасці работы сельскагаспадарчай галіны. Мікалай Токар назваў слабыя месцы аграрнай сферы, у тым ліку нізкую прадукцыйнасць, невысокія прывагі жывёлы, недастатковы ўзровень развіцця малочнай вытворчасці і інш. Адзначана і тое, што ўрадлівасць тутэйшых зямель даволі высокая, яна супастаўная са сноўскімі землямі, але аддача гектара значна ніжэй. Абгрунтаваная крытыка прагучала ў адрас валаўтваральнага сельгаспрадпрыемства ААТ «Шлях новы», райаграсэрвіса (што датычыць райаграсэрвіса, то гэта прадпрыемства павінна эфектыўна працаваць, сур’ёзна заняцца справамі), КСУП «Ліпнянка» і «Тальмінавічы», ільнозавода. З-за нездавальняючай работы будаўнікоў зацягваецца ўвядзенне ў строй жывёлагадоўчых аб’ектаў.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама падкрэсліў, што новаму кіраўніку раёна трэба ўдзяліць першаступенную ўвагу кадравай палітыцы. Аднаму справіцца з маштабнымі задачамі немагчыма – патрэбна каманда.
Надзвычай важна захаваць у працоўных калектывах наяўныя рабочыя месцы, думаць над павелічэннем іх колькасці і стварэннем новых. Звярнуць увагу на работу малога бізнесу, палепшыць дзейнасць малых прадпрыемстваў, забяспечыць умовы для стварэння новых.
Людзі павінны адчуваць сябе камфортна.У Год малой радзімы асабліва актуальным застаецца пытанне навядзення парадку ў населеных пунктах. Гэта датычыць і вёсак, і раённага цэнтра, на добраўпарадкаванне якога выдаткоўваліся значныя бюджэтныя сродкі (тут двойчы праводзіліся абласныя дажынкі).
Важная акалічнасць – работа са зваротамі грамадзян. Праблемы людскія неабходна ведаць і вырашаць на месцах. Тут патрабуецца актыўная дапамога дэпутацкага корпуса.
Як адзначыў Мікалай Токар, у раёна – высокі патэнцыял, і ён павінен працаваць. Забяспечыць гэта – задача новага кіраўніка. Дарэчы, першы намеснік старшыні абл-выканкама канстатаваў, што негатыўныя тэндэнцыі ў вытворча-эканамічным стане раёна з’явіліся не ўчора і нават не ў апошнія некалькі гадоў, а значна раней. Сёння патрабуецца забяспечыць пазітыўную дынаміку развіцця.
Кіраўнік Ляхавіцкага раёна Аляксандр Камінскі быў лаканічным: задачы, якія пастаўлены, выканальныя. Наперадзе вялікая і маштабная праца дзеля іх рашэння, дзеля развіцця Ляхавіччыны. Ён выказаў упэўненасць, што гэта праца ўвянчаецца вынікам.
Вольга БАРАДЗІНА.
Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Аляксандр Камінскі – ураджэнец Бярозаўскага раёна, нарадзіўся ў 1980 годзе. Закончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Працоўную біяграфію пачынаў галоўным ветурачом ПУАП «Азяты» Жабінкаўскага раёна. Пасля службы ва Узброеных Сілах працаваў галоўным ветурачом, начальнікам цэха жывёлагадоўлі, намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі ААТ «Айчына» Пружанскага раёна. У ААТ «Жураўлінае» на Пружаншчыне ўзначальваў цэх жывёлагадоўлі, потым працаваў на пасадзе намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі. З 2013 па 2017 гады – дырэктар ААТ «Шані-аграпрадукт», адкуль быў накіраваны ў Ляхавіцкі раён, дзе працаваў спачатку намеснікам, потым першым намеснікам старшыні райвыканкама-
начальнікам райсельгасхарчу.