Тэма тыдня: Форум «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх»
Форум «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх» праходзіць у Мінску 23-25 мая. Яго арганізатарам выступіла экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог». Мерапрыемства павінна пакласці пачатак штогадоваму адкрытаму і маштабнаму дыялогу паміж вядучымі экспертамі з Усходняй Еўропы, Еўрапейскага саюза, Расіі, ЗША і Кітая. Мінск прадастаўляе якасна новую пляцоўку для дыскусій аб сучасным і будучым рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.
У цяперашнім форуме прымаюць удзел 350 экспертаў і афіцыйных асоб з больш як 40 краін. Сярод спікераў — генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, намеснік памочніка генеральнага сакратара НАТА па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Джэймс Апатурай, экс-генсакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, генеральны дырэктар сакратарыята Савета дзяржаў Балтыйскага мора Майра Мора, экс-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен.
24 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у форуме.
Значнасць Мінска як зручнай перагаворнай пляцоўкі ўзрастае — Лукашэнка
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на міжнароднай экспертнай канферэнцыі «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».
«Не выпадкова гэта мерапрыемства праходзіць у Мінску. Тут ужо традыцыйна прадстаўнікі розных краін і рэгіёнаў планеты могуць у абсалютна спакойнай абстаноўцы і поўнай бяспецы абмяркоўваць абсалютна любыя, нават самыя вострыя пытанні. Дзякуючы шматвектарнай знешняй палітыцы краіны, павазе да замежных партнёраў, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашай дзяржавы ўзрастае яго значнасць як зручнай пляцоўкі для любых перагавораў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў удзел у канферэнцыі экспертаў, вучоных і прадстаўнікоў краін Заходняй і Усходняй Еўропы, Расіі, ЗША і Кітая. «Гэта пацвярджае глабальнасць разглядаемых вамі праблем. Паколькі размова ідзе аб канцэптуальных аспектах міжнароднай бяспекі, канкрэтных «гарачых» і «замарожаных» канфліктах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, мінская экспертная пляцоўка прызначана садзейнічаць абмену меркаваннямі, аргументаванай дыскусіі і пачатку дыялогу, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў міжнародных адносінах.
«Любы разважлівы чалавек пацвердзіць, што сёння няма больш важнага пытання, чым захаванне міру і забеспячэнне яго ўстойлівага развіцця. Таму важна выпрацаваць і прадставіць палітыкам дакладныя прапановы, як гэта зрабіць з захаваннем інтарэсаў усіх бакоў. Яшчэ лепш, калі вашы ідэі будуць уздзейнічаць на шырокую грамадскую свядомасць. Для многіх людзей відавочна, што з моманту заканчэння халоднай вайны еўрапейская архітэктура бяспекі яшчэ не перажывала такога глыбокага сістэмнага крызісу», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь унесла ініцыятыву аб неабходнасці пачатку новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі, які павінен быць накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах дзяржаў на агульнай прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі. «Не мае значэння, як ён будзе называцца — Новы Хельсінкскі працэс, «Хельсінкі-2″ ці яшчэ як-небудзь. І не важна, дзе ён будзе праходзіць. І зусім не важна, хто тут ініцыіруе гэты працэс. Мы ўсе павінны яго ініцыіраваць, таму што мір даражэйшы за ўсё. Важна, каб такі дыялог пачаўся і яго вынікам стала рэальнае ўмацаванне міжнароднай бяспекі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: сучасныя міжнародныя адносіны нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной
«Вялікім геапалітычным ігракам пара задумацца пра стан сучасных міжнародных адносін, якія ўжо вельмі нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У ліку яе прычын Федэральны прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў «хісткасць фундаменту» адносін паміж вялікімі дзяржавамі, а таксама «адсутнасць волі і інструментаў для фарміравання даверу і мірнага балансу інтарэсаў».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што некаторыя палітыкі ўжо забылі і жахі Другой сусветнай вайны, якая скончылася не так даўно.
«Вялікія дзяржавы, прызначаныя быць надзейнымі гарантамі стабільнасці, сёння не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з сур’ёзнейшых пытанняў. З аднаго боку, яны гавораць пра важнасць захавання архітэктуры сучаснай бяспекі, а з іншага — не пакідаюць спроб абысці вета ў Савеце Бяспекі ААН», — канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць перш за ўсё адсутнасцю гарантый недапушчэння маштабнага ўзброенага канфлікту, няхай нават ненаўмыснага. Ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый у свеце прынцыповыя супярэчнасці паміж дзяржавамі накопліваюцца і прымаюць вострую форму.
«На авансцэну зноў выходзіць стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж вядучымі краінамі. Зноў, няхай і знайшоўшы зручную прычыну, яны робяць стаўку на сілу, у тым ліку ваенную, як адзін з відаў пашырэння сваіх інтарэсаў. Прамое і ўскоснае парушэнне міжнароднага права, пагарджанне ім становіцца палохаючай практыкай, якая апраўдваецца аналагічнымі дзеяннямі апанентаў», — заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што паміж Захадам і Расіяй набіраюць абароты санкцыйнае і інфармацыйнае проціборства, гандлёвыя войны. Нагнятаецца сітуацыя паміж ЗША, ЕС і Расіяй, у што ўцягваюць і Кітай. Актыўна раскручваецца махавік гонкі ўзбраенняў.
Прэзідэнт адзначыў, што важнейшай адметнасцю сённяшняй сітуацыі з’яўляецца непрадказальнасць, калі нават так званыя чырвоныя лініі ўжо нікога не спыняюць.
Акрамя таго, разам з беспрэцэдэнтным ростам тэрарызму і колькасці рэгіянальных канфліктаў, магутнымі сацыяльна-эканамічнымі дысбалансамі, фундаментальнымі пагрозамі дэмаграфічнага і экалагічнага характару з’яўляюцца новыя выклікі, якія «муціравалі». У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы ўпамянуў электронныя і лічбавыя метады, якія выкарыстоўваюцца ў палітычнай барацьбе і медыяпрасторы, кіберуздзеянне.
«Нават вялікі спорт, уключаючы Алімпійскія гульні, якія некалі былі сімвалам прымірэння, зноў становіцца разменнай манетай у палітычных гульнях. Мы нават паспелі забыць аб такім відзе процістаяння», — сказаў Прэзідэнт.
Лукашэнка: Еўропа можа паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў паміж Усходам і Захадам
«Калі сёння вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца паміж сабой, то гэта не азначае, што ўсе астатнія краіны павінны сядзець моўчкі і чакаць іх указанняў. Упэўнены, што Еўропа можа і павінна паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў, існуючых паміж Усходам і Захадам. Стаць месцам урэгулявання злабадзённых праблем. Перш за ўсё такіх, як украінскі крызіс», — заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, цалкам відавочна, што многія ранейшыя рэцэпты глабальнага і рэгіянальнага кіравання, пераадолення канфліктаў і натуральных супярэчнасцей ужо не прыдатныя.
«Яны часта не спрацоўваюць, а новыя яшчэ не выпрацаваны. На жаль, у гэтых умовах сусветныя ігракі не гатовы да спынення спіралі канфрантацыі і нават да кампрамісаў. Мы бачым, што ніводная міжнародная праблема рэальна не вырашаецца», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён прывёў шэраг прыкладаў: Блізкі Усход, Сірыя, Украіна. Няпроста складваецца абстаноўка вакол Паўночнай Карэі. «Зноў закручваецца небяспечны вузел вакол пагаднення па іранскай ядзернай праграме. Паказальна, што не толькі Расія, наш саюзнік, але і Еўрасаюз бачаць пагрозы для бяспекі ў гэтым рэгіёне ў сувязі з парушэннем існуючых дамоўленасцей», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
«І нам, Беларусі, і многім краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, прадстаўнікі якіх тут прысутнічаюць, ёсць небяспека апынуцца на лініі цывілізацыйнага разлому. Упэўнены, што такая перспектыва названым мною краінам непрымальна. Ужо з’яўляецца відавочнай узаемасувязь, здавалася б, далёкіх канфліктаў у іншых рэгіёнах свету і нелегальнай міграцыі, а таксама пагрозы тэрарызму ў Еўропе. Бяспека з абстрактнага паняцця стала канкрэтнай, адчувальнай з’явай, а яе адсутнасць у любы момант можа закрануць кожнага з нас», — сказаў беларускі лідар.
Лукашэнка: Беларусь не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі
«Беларусь — суверэнная дзяржава і дакладна ўсведамляе сваё становішча на міжнароднай восі каардынат. Мы не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі і ўсяго Усходу. Для нас у прынцыпе непрымальнае пытанне, з кім мы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Проста наша становішча дае адказ на гэта пытанне. Мы гэта месца жыхарства беларускага народа не выбіралі — так Бог вызначыў. Адсюль наша і знешняя палітыка, і пазіцыя наогул».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што саюзніцкія адносіны Беларусі з Расіяй, арыентацыя на інтэграцыю ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза ні ў якай меры не ўшчамляюць інтарэсаў краін Еўропы. І наадварот — развіццё адносін з ЕС, ЗША, Захадам не супярэчыць дынаміцы цеснага ўзаемадзеяння на Усходзе, а служыць стварэнню зоны даверу.
«Знешнепалітычныя ініцыятывы Беларусі шырока і абсалютна вядомыя. Гэта пашырэнне ідэй партнёрства інтэграцыйных аб’яднанняў у Вялікай Еўропе, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні бяспекі і супрацоўніцтва. Яны з’яўляюцца лагічным адлюстраваннем аб’яднальнага парадку дня, які Мінск прапануе іншым членам сусветнай супольнасці», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: Беларусь не рвецца ў міратворцы, але канфлікт ва Украіне трэба ліквідаваць як мага раней
«Апошнім часам нас пачынаюць папракаць, што мы нібыта рвёмся ў міратворцы. Мы нікуды не рвёмся. У нас сваіх праблем больш, чым дастаткова. Але я ўжо сказаў аб нашай зацікаўленасці ў спакоі ва Украіне. Калі ва Украіне не будзе міру, будзе горача не толькі нам, але і ўсім вам. Гэты канфлікт як мага раней трэба не проста пагасіць — ліквідаваць. І ў гэтым вы можаце на нас разлічваць. Мы зробім усё, аб чым дамовяцца канфліктуючыя бакі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на Данбасе прадаўжаюць гінуць ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары, да гэтага часу цалкам не выкананы ні адзін пункт мінскіх пагадненняў.
«Украіна — не проста наш сусед. Як і расіяне, гэта брацкі нам народ. Мы за кароткі прамежак часу прынялі ў сябе больш за 150 тыс. украінскіх перасяленцаў і іх сем’яў. Дапамагаем ім у працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. Аказваем гуманітарную дапамогу людзям па абодва бакі «лініі размежавання» на Данбасе, — адзначыў беларускі лідар. — У якім фармаце ні праходзілі б перагаворы — «нармандскім», трохбаковай кантактнай групы, двухбаковым «Волкер — Суркоў», — бакі заўсёды могуць разлічваць на садзейнічанне Беларусі».
Прэзідэнт перакананы, што адзіны шлях урэгулявання любых міжнародных спрэчак — адмовіцца ад эмоцый, крыўд, забабонаў, прадузятасці, узаемных абвінавачанняў і вярнуцца да дыялогу.
Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны — Лукашэнка
«Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны. Гэты кампанент павінен быць пакладзены ў аснову ўсяго. Будзе развівацца эканоміка ў дзяржавах, будуць мець людзі рабочае месца, а значыць, і хоць нейкія даходы для таго, каб задаволіць свае патрэбнасці і сваёй сям’і, — будзе мір. Гэты падыход мы мэтанакіравана падтрымліваем на ўсіх узроўнях, уключаючы АБСЕ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што для забеспячэння неканфрантацыйнага і ўстойлівага развіцця рэгіёна на фоне ўзрастаючага геапалітычнага процістаяння многія дзяржавы недаацэньваюць рэалізацыю шматузроўневых інтэграцыйных праектаў.
«Знаходзячыся на стыку Еўразійскага і Еўрапейскага саюзаў, Беларусь асабліва зацікаўлена ў іх узаемным збліжэнні. Трэба пераходзіць ад абстрактных размоў да канкрэтнага ўзаемадзеяння. Агульных інтарэсаў вельмі шмат: у эканоміцы, энергетыцы, экалогіі, гуманітарным супрацоўніцтве, транспарце, лагістыцы, у барацьбе з нелегальнай міграцыяй, трансгранічнай злачыннасцю, наркаманіяй, гандлем людзьмі і гэтак далей», — прывёў прыклады Кіраўнік дзяржавы.
Менавіта праз іх крок за крокам можа выбудоўвацца мадэль збліжэння двух буйнейшых інтэграцыйных утварэнняў і напрацоўвацца ўзаемны давер, перакананы Аляксандр Лукашэнка. «Лічым, што гэта нясе вялізныя выгады для ўсяго кантынента — ад Атлантыкі да Ціхага акіяна», — заўважыў ён.
«Не павінны з’яўляцца новыя раздзяляльныя лініі, а ўрэгуляванне зацяжных канфліктаў можа адбывацца пры дапамозе шматбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Такую логіку неабходна проціпастаўляць тым, хто распаўсюджвае меркаванне, што Захад і Усход не патрэбны адзін аднаму», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краінам трэба зноў навучыцца слухаць і чуць аргументы адзін аднаго, быць гатовымі да разумных кампрамісаў.
«Гавару і аб расійскіх, і аб еўрапейскіх, амерыканскіх, кітайскіх партнёрах. Аб вялікіх і малых краінах, блізкіх і далёкіх суседзях», — дадаў беларускі лідар.
Фармат дыялогу ў АБСЕ неабходна паступова пашыраць — Лукашэнка
«Сёння рэальнасцю стаў свет шматпалярны. Узрос уплыў іншых, нееўрапейскіх рэгіёнаў. Неабходна паступова пашыраць фармат дыялогу ў рамках АБСЕ. Прыцягваць да яго такіх ігракоў, як Індыя, Японія і, вядома, Кітай, які дзякуючы рэалізацыі сваёй ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях» паступова ператвараецца ў фактар еўрапейскай палітыкі, як бы камусьці гэтага не хацелася», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, цяпер як ніколі вялікая патрэбнасць у дзяржавах-аднадумцах, зацікаўленых у канструктыўным абмеркаванні ўсяго комплексу існуючых праблем.
Прэзідэнт канстатаваў, што пры крызісе сферы бяспекі, узмацненні канфрантацыі і практычна поўнай адсутнасці даверу магчымасці дыпламатыі істотна абмежаваны. Іх крытычна мала.
«Адной з дзейсных пляцовак для дыялогу з’яўляецца АБСЕ, якую неабходна сумесна падтрымаць, калі хочаце — рэанімаваць. Многія ўжо забылі, што такое АБСЕ. Мы бачым намаганні ў гэтым напрамку генеральнага сакратара Грэмінгера, а таксама цяперашняга італьянскага старшынства ў АБСЕ. Але і яны паасобку нічога не зробяць, ім патрэбна падтрымка», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь гатова да актыўнага ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам, выканаўчымі структурамі і інстытутамі гэтай арганізацыі, італьянскім старшынствам, з усімі дзяржавамі-ўдзельніцамі, якія падзяляюць гэтыя падыходы. «Мы гаворым на адной мове ў духу Хельсінкі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перакананы, што такі дыялог, колькі б часу ён ні запатрабаваў і якія формы ні прымаў бы, у выніку прывядзе да фарміравання новых канструктыўных адносін у рэгіёне АБСЕ.
«Ужо сёння відаць, што гэта работа будзе цяжкай, доўгай і запатрабуе кансалідацыі нашых намаганняў. Але мы можам і павінны абапірацца на гэтым шляху на пазітыўны вопыт Хельсінкскага працэсу, які сапраўды вырашыў шмат міжнародных пытанняў. Аднак трэба пазбавіцца ад ілюзій і пазбегнуць памылак пры адаптацыі і развіцці гэтага працэсу на нашай прасторы. Яго не трэба аднаўляць аўтаматычна», — лічыць беларускі лідар.
Лукашэнка заклікае сярэднія і малыя краіны не адыгрываць ролю статыстаў у сусветнай палітыцы
«У выніку непрымірымасці пазіцый ключавых ігракоў менавіта сярэднія і малыя краіны атрымліваюць унікальную магчымасць ініцыіраваць прапановы па дыялогу і мерах даверу. Неабходна ёю скарыстацца, а не адыгрываць ролю статыстаў або саюзнікаў па ваенна-палітычных блоках, такіх як НАТА або АДКБ, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба ў добрым сэнсе парушыць манаполію дыялогу па гэтых пытаннях толькі паміж вялікімі краінамі».
Больш адказную пазіцыю трэба было б заняць і НАТА, лічыць Прэзідэнт. «Многія праблемы, з якімі мы сутыкнуліся сёння, былі выкліканы пашырэннем НАТА на ўсход, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Я маю права гэта сказаць, таму што гэта ўсё было на маіх вачах — на вачах першага Прэзідэнта Беларусі».
Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў дзеянні асобных палітыкаў, што могуць негатыўна ўплываць на сітуацыю ў свеце. «Мы, часта назіраючы некаторыя рухі, часам нязграбныя, сусветных палітыкаў вялікіх перш за ўсё дзяржаў, спрабуем зразумець матывы іх учынкаў. Мне здаецца, што некаторыя з іх мяркуюць: «Вось сёння я нешта сказаў ці скажу, няважна як, — заўтра гэта ўсё адыдзе, можна адкруціць, вярнуць час назад». Самая вялікая памылка гэтых палітыкаў у тым, што сёння сказаў — заўтра зрабіў, думаючы аб тым, што гэта не прывядзе да нейкага глабальнага крызісу. Але ў палітыцы і жыцці так: сказаў, зрабіў — назад вярнуць немагчыма», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
«Таму перш чым гаварыць і рабіць, здавалася б на першы погляд, нязначныя крокі ў тым ці іншым напрамку, трэба думаць, што сказаць, а самае галоўнае — што зрабіць. І разумець, што любы крок можа прывесці да такіх наступстваў, якія ўсё больш і далей будуць уцягваць не толькі цябе, але і многія народы ў непрымальны для свету працэс, — падкрэсліў беларускі лідар. — На жаль, мы, палітыкі, вельмі захварэлі на гэту страшную хваробу».
«Вы — эксперты, вы — не простыя людзі. Вы людзі, якія фарміруюць падобнае і іншыя меркаванні палітыкаў. Вы не проста ўплываеце на палітыкаў, вы ім у рукі даяце не толькі тэксты выступленняў, але і сутнасць той палітыкі, якую яны і іх краіны праводзяць. Надышоў ваш час падумаць аб тым, як будзе развівацца наша планета не толькі заўтра, але і ў перспектыве», — заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка заклікае захоўваць мір і запрашае ў Мінск прадстаўнікоў любых палітычных поглядаў
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсё, аб чым гаварылі на канферэнцыі прадстаўнікі розных бакоў, з’яўляецца праўдай. «Гэта факт. Нікуды не дзенешся. І калі мы будзем лоб у лоб настойваць на тым, што было сказана, — не знойдзем рашэння ні адной праблемы. Цяжка адкласці, вынесці за дужкі або падвесці рысу пад тым, што сказана і што было. Але трэба. Можа, многае вынесці за дужкі і вызначыць тыя кропкі, дзе мы можам знайсці агульнае і атрымаць вынік», — сказаў ён.
«Вось у гэтым напрамку прыязджайце ў Мінск у любы час з любымі палітычнымі перакананнямі. Вам здавалася, што ў Мінск нельга прыехаць, таму што тут не церпяць альтэрнатыўнага пункту гледжання. Вы будзеце «прыемна расчараваны», пабываўшы тут, асабліва тыя, хто першы раз. Тут якраз не праводзяць нараду, калі няма розных і нават альтэрнатыўных пунктаў гледжання. Прыязджайце, абмяркоўвайце. Калі з майго боку што-небудзь патрэбна будзе для гэтага — скажыце. У напрамку міру я гатовы ісці», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае — захаваць мір.
«Мы пераконваем адзін аднаго, як добра, калі мір, як важна, каб гэты мір быў. Вось вы цяпер выйдзеце на вуліцу і паглядзіце вакол: прырода, сонца, паветра добрае, людзі задаволеныя, што спакойна і мірна. Я кажу не толькі пра Беларусь, а пра любую краіну. Няўжо гэта хочацца каму-небудзь разбурыць? Навошта, каб зноў мільёны людзей гінулі? Усё гэтым сказана. Давайце захаваем гэта», — заклікаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, многія ўжо забылі, што такое вайна, і ў свеце застаецца ўсё менш сведкаў тых падзей. «Ну, дык давайце будзем верыць тым, хто яшчэ застаўся жывы і гаворыць пра гэту вайну, як пра жах і трагедыю. І не дапусцім яе. Мір настолькі няўстойлівы, што адзін няправільны крок і палыхне страшная вайна. І там ужо ніхто не будзе гаварыць пра прычыны, хто вінаваты… Мы будзем забіваць адзін аднаго. Навошта, дзеля чаго?», — паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
«Давайце будзем жыць, гадаваць дзяцей, адукацыю ім даваць добрую, будзем тварыць. Вось і ўсё. І ў гэтым напрамку трэба рабіць захады, а не ўспамінаць, хто што зрабіў і хто куды рушыў. Давайце адыдзем ад гэтага і зробім канкрэтныя захады», — дадаў Прэзідэнт.
Грэмінгер заклікае надаць палітычны імпульс мінскім пагадненням
Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, выступаючы на форуме «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх», заклікаў надаць палітычны імпульс мінскім пагадненням.
Томас Грэмінгер назваў крызіс ва Украіне самай вялікай праблемай у рэгіёне і заклікаў разам працаваць над яе вырашэннем. «Нам трэба запусціць палітычны імпульс, каб дапамагчы далей рухацца мінскім пагадненням, — сказаў ён. — У рамках пасяджэння нармандскай чацвёркі можна зрабіць так, каб пачаць рухацца ў правільным напрамку».
Генеральны сакратар АБСЕ выказаў упэўненасць, што арганізацыя з цягам часу зможа прадставіць зручную платформу для дыялогу, і ў сувязі з гэтым адзначыў, што АБСЕ трэба падумаць пра «Хельсінкі-2».
У цэлым генеральны сакратар заклікаў усе дзяржавы да дыялогу, без якога не атрымаецца зрабіць крок наперад і пераадолець узрастаючы скептыцызм адносна існуючага парадку. Без гэтых намаганняў, упэўнены ён, можна загнаць сябе ў сітуацыю, з якой складана выйсці.
Бардзюжа адзначае актыўную пазіцыю Беларусі ў пошуку выйсця са складанага становішча ва Усходняй Еўропе
Мікалай Бардзюжа, які займаў у 2003-2017 гадах пасаду генеральнага сакратара АДКБ, выступаючы на форуме «Мінскага дыялогу», — адзначыў актыўную пазіцыю Беларусі ў пошуку выйсця са складанага становішча ва Усходняй Еўропе.
«Беларусь зноў бярэ на сябе адказнасць за арганізацыю работы па пошуку выйсця з вельмі складанага становішча ва Усходняй Еўропе», — адзначыў Мікалай Бардзюжа. Ён звярнуў увагу, што Мінск не першы раз становіцца пляцоўкай для пошуку рашэнняў вельмі складаных знешнепалітычных праблем, у тым ліку такіх, як сітуацыя з Нагорным Карабахам, на Данбасе.
Мікалай Бардзюжа выказаў перакананасць, што для зніжэння напружанасці ва Усходняй Еўропе «ўсе ўключаныя бакі павінны праявіць сапраўдную палітычную волю». Ён падкрэсліў таксама, што з пазіцыі сілы або перавагі змяніць сітуацыю ва Усходняй Еўропе да лепшага не атрымаецца.
Беларусь імкнецца да поўнай празрыстасці пры правядзенні ваенных вучэнняў — прадстаўнік НАТА
Беларусь імкнецца забяспечваць поўную празрыстасць пры правядзенні ваенных вучэнняў. Аб гэтым сёння заявіў намеснік памочніка генсакратара НАТА па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Джэймс Апатурай на форуме «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх» у Мінску.
Беларускі бок імкнецца да зніжэння напружанасці, працуе над тым, каб палепшыць дыялог. «Трэба ўсяляк садзейнічаць празрыстасці, калі ідзе размова аб правядзенні ваенных вучэнняў. Беларусь цалкам адпавядае літары і духу закону ў гэтым сэнсе, — сказаў Джэймс Апатурай. — НАТА адпаведным чынам рэагуе на такія імкненні».
Прадстаўнік альянсу заклікаў вярнуцца да празрыстасці і прадказальнасці па ваенных пытаннях. Ён выказаў пункт гледжання, што рэальнае паляпшэнне сітуацыі ва Усходняй Еўропе залежыць непасрэдна ад паляпшэння адносін паміж Захадам і Усходам, паміж Расіяй і НАТА, у прыватнасці. «Рэгіён атрымаў бы перавагу ад гэтага», — перакананы Джэймс Апатурай.
БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.