Дом, у якім утульна ўсім

Гэты астравок ведаў відаць здалёк. Шмат пакаленняў вучняў спяшаліся сюды на чарговую сустрэчу з новымі падзеямі і сябрамі. А ў апошнюю суботу красавіка тут і ўвогуле было шмат гасцей, якія прыехалі і прыйшлі сюды, каб павіншаваць імянінніцу з юбілеем, ды яшчэ якім — Дараўская школа адзначала 150-годдзе.

Слаўная гісторыя адной з лепшых навучальных устаноў раёна пачыналася ў 19 стагоддзі: у 1862 годзе тут у грамадскім доме прыняло першых вучняў Дараўскае народнае вучылішча.

Школа не толькі вучыць і выхоўвае, яна разам з людзьмі ўпэўнена крочыць па бязмежных прасторах гісторыі: у 1930-1939 г.г. тут была польская школа, амаль адразу пасля вызвалення ад гітлераўскай акупацыі — 1 верасня 1944 года — зноў пачаліся заняткі. Канешне, цяпер цяжка даведацца, як склаўся лёс 14 юнакоў і дзяўчат з першага пасляваеннага выпуску 1947 года. Цікавы факт: у 1949-1950 навучальным годзе разумнаму, добраму, вечнаму тут вучыліся 340 рабят. Больш за 30 гадоў спачатку проста школа, а цяпер вучэбны комплекс Дараўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа знаходзіцца па сваім сённяшнім адрасе. Прасторны трохпавярховы будынак з утульнымі калідорамі і светлымі класамі стаў другім домам для мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, а вялікая, з густам добраўпарадкаваная тэрыторыя радуе вока ўсіх. Выпускнікі розных гадоў, куды б ні занёс іх лёс, па-ранейшаму любяць сваю школу і беражліва захоўваюць успаміны пра яе, настаўнікаў, сяброў. У гэтым можна было пераканацца і падчас святкавання юбілею.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасцей звярнулася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама СвятланаЮрлевіч. Яна адзначыла, што 150-гадовы юбілей — гэта юбілей ведаў, творчасці, майстэрства і прафесіяналізму. Кіраўнік аддзела адукацыі ўручыла шэрагу былых і сённяшніх настаўнікаў і работнікаў школы ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама, аддзела адукацыі. А школа ў якасці падарунка атрымала тэхнічныя сродкі навучання: медыяпраектар, экран і ноўтбук. Цёплыя словы і пажаданні гучалі з вуснаў старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святланы Бялецкай.

Пад гукі знаёмых мелодый на экране, які нібы звязваў сённяшні дзень з мінулым, з’яўляліся фотаздымкі тых, хто ў розныя гады кіраваў педагагічным калектывам установы. Аляксей Новік, Васілій Сокал, Аляксандр Шчурскі… На жаль, гэтых людзей ужо няма сярод нас, але яны пакінулі след у душах сваіх вучняў і калег. 25 гадоў Дараўскую сярэднюю школу ўзначальваў цікавы і неардынарны чалавек, выдатнік асветы БССР, настаўнік, якога любілі дзеці, Іван Бондзік. Ён быў ганаровым госцем на свяце і нямала ўспамінаў падарыў прысутным. Іван Карнеевіч перадаў дырэктарскую эстафету Міхаілу Дыдышку, а цяпер навучальную ўстанову ўзначальвае «свой чалавек»  Ала Бубен. Чаму свой? Усё вельмі проста: Ала Пятроўна калісьці пачынала тут настаўнічаць, была і завучам, а цяпер кіраўнік, прычым, як адзначаюць многія, — паспяховы.

Колькі на юбілеі было шчымлівых момантаў! Калі «ўжывую» загучала «Адажыа» Альбіоні і на экране сталі з’яўляцца фотаздымкі настаўнікаў, якія пайшлі з жыцця, сэрцы многіх сціснуліся ад немагчымасці вярнуць мінулае і такіх блізкіх і родных людзей, а на вачах заблішчалі слёзы…

А потым узялі слова тыя, хто ў розныя гады настаўнічаў у гэтай школе. Зала заціхла, калі выступала любімая не адным пакаленнем вучняў Соф’я Бубен, настаўніца з 40-гадовым стажам. Яе ўспаміны ўразілі. Расказвала яна пра тое, як некалі з баянам мясцовыя настаўнікі і вучні выступалі на палявых станах, на фермах, у вытворчых майстэрнях, дапамагалі мясцовай гаспадарцы ў розных сельскагаспадарчых работах. А потым у якасці  падарунка атрымлівалі экскурсіі ў Кіеў, Маскву, Ленінград і нават  адпачынак у Есентуках.

Апладысментамі сустракалі прысутныя і яшчэ адну любімую настаўніцу — Кіру Піліпчык.

Своеасаблівая адметнасць школы-юбіляркі — пераемнасць пакаленняў. Многія яе выпускнікі вяртаюцца ў родныя сцены ўжо ў якасці настаўнікаў. І прэзентавалі сябе яны на цвёрдую дзясятку.

Запомнілася і незвычайнае падарожжа па «Доме, у якім утульна ўсім» — гэта сённяшні Дараўскі ДС-СШ. Настаўнікі,псіхолагі, музыканты, выхавальнікі, бібліятэкары, тэхнічныя работнікі і повары — дружны, з’яднаны калектыў, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Яны такія розныя, але такія аднолькавыя ў сваім імкненні падзяліцца з дзецьмі часцінкай сваёй душы. А школьнікі адказваюць ім тым жа. Трэба было бачыць, з якім энтузіязмам і натхненнем рабяты выступалі ў сцэнках, спявалі, танцавалі падчас канцэртнай праграмы.

У школы нямала сяброў-партнёраў. І адзін з іх — СВК  «Дарава». Старшыня гаспадаркі Уладзімір Пятроўскі бывае тут часта, дапамагае ў падрыхтоўцы да кожнага навучальнага года, не застаюцца без увагі і іншыя просьбы калектыву аб дапамозе. А рабяты, у сваю чаргу, працуюць і на зборы каменняў, і на ўборцы бульбы, і падчас жніва. Вось і на свята Уладзімір Пятроўскі прыйшоў не з пустымі рукамі — падарыў сучасную газонакасілку і экскурсію ў любое месца Беларусі — на выбар школьнікаў.

Саюзнік школы і сельскі Савет. Старшыня Конькаўскага сельвыканкама Раман Бубен — прыхільнік здаровага ладу жыцця, і таму падарункам для школы стала турыстычная палатка і мячы. Каляровы прынтар ад імя ўсіх бацькоў уручыла на свяце старшыня бацькоўскага камітэта Ларыса Бурбіцкая.

У Дараве на працягу доўгага часу ў міры і добрасуседстве, побач і разам жывуць католікі і праваслаўныя. Яшчэ  нашы продкі гаварылі: пакуль у вёсцы ёсць храм і школа — вёска будзе жыць. Частыя госці ў рабят і настаўнікаў свяшчэннаслужыцелі  мясцовых царквы і касцёла. І на юбілеі цёпла віншавалі са святам настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца айцец Іаан і ксёндз Ян — пробашч касцёла Узнясення Дзевы Марыі.

За 150-гадовую гісторыю школа дала пуцёўку ў жыццё сотням сваіх выпускнікоў. Сярод іх — людзі розных прафесій: медыкі і настаўнікі, будаўнікі і інжынеры, спецыялісты сельскай гаспадаркі і бізнесмены. І якое ж свята школы без яе выпускнікоў, якія віншавалі школу, настаўнікаў. Людзі пры-ехалі сюды, каб хоць на імгненне вярнуцца ў цудоўны свет школьнага дзяцінства і юнацтва.

У гэты юбілейны вечар неаднойчы гучалі шчырыя словы падзякі ў адрас таленавітага калектыву дараўскіх педагогаў. Яны сапраўды падарылі сваім былым і сённяшнім вучням і калегам вялікае свята — сустрэчу з мінулым. А наперадзе ў школы з багатай спадчынай новыя старонкі твор-чай біяграфіі, якую напішуць сённяшнія і будучыя выпускнікі.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *