Рэгламентуецца дагаворам
З пытаннямі юрыдычнага характару даводзіцца сутыкацца ў многіх жыццёвых сіутацыях. Часта ў такіх выпадках патрабуецца прафесійная кансультацыя. Сёння на пытанне чытача адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Ляхавіцкага раёна Васілій Петрыў.
– Муж 6 месяцаў з 8 да 17 гадзін, за выключэннем выхадных, працаваў у адным з прыватных прадпрыемстваў, але пры гэтым працоўны дагавор з ім заключаны не быў. Заработная плата між тым яму была выплачана толькі за першыя тры месяцы працы наяўнымі грашыма. Аднак зараз дырэктар прадпрыемства адмаўляецца выплачваць яму заработную плату, паведаміўшы, што больш у яго паслугах не мае патрэбы. У сувязі з гэтым муж перастаў хадзіць на работу.
– Згодна арт. 1 Працоўнага кодэкса, працоўны дагавор – пагадненне паміж работнікам і наймальнікам (наймальнікамі), у адпаведнасці з якім работнік абавязваецца выконваць работу па вызначанай адной ці некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях ці пасадах адпаведнай кваліфікацыі згодна штатнага раскладу і выконваць унутраны працоўны распарадак, а наймальнік – прадастаўляць работніку абумоўленую працоўным дагаворам работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі і пагадненнем бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату.
Працоўны дагавор заключаецца ў пісьмовай форме. Разам з тым, згодна арт. 25 ПК фактычнае дапушчэнне работніка да работы службовай асобай наймальніка, упаўнаважанай ажыццяўляць прыём на работу, таксама з’яўляецца заключэннем працоўнага дагавора.
Прыём на работу як на падставе пісьмовага працоўнага дагавора, так і ў выпадку фактычнага дапушчэння да работы (не пазней трох дзён пасля прад’яўлення патрабавання работніка, прафсаюза) афармляецца загадам (распараджэннем) наймальніка.
Згодна ч. 1 арт. 35 ПК, працоўны дагавор можа быць спынены толькі па падставах, прадугледжаных даным Кодэксам.
У данай сітуацыі ў выпадку адмовы наймальніка ад належнага афармлення прыёму на работу і наступнага звальнення з працоўнага месца работніка, апошні мае права звярнуцца з іскам у суд аб прымушэнні наймальніка да належнага афармлення прыёму на работу і звальнення з яе, аб спагнанні нявыплачанай заработнай платы, сярэдняга заробку за кожны дзень затрымкі разліку пры звальненні.
Калі судом будзе ўстаноўлена, што мела месца фактычнае дапушчэнне працаўніка да работы, бакамі выконваліся істотныя ўмовы працоўнага дагавора, у прыватнасці, па месцы работы, канкрэтнай працоўнай функцыі (рабоце па адной ці некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях), рэжыме працы і адпачынку, умовах аплаты працы, то патрабаванні таго, хто звярнуўся, могуць быць задаволены.