На Ляхавіччыне у мінулым годзе 72 падлеткі здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні
Для падлеткаў і іх бацькоў даволі непрыемным бывае паведамленне аб неабходнасці з’явіцца на камісію па справах непаўналетніх. І добра, калі выклік датычыцца толькі правядзення прафілактычнай работы, але часцей за ўсё на пасяджэннях разглядаюцца адміністрацыйныя правапарушэнні, якія прадугледжваюць адпаведную адказнасць і непаўналетніх, і дарослых.
Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Юрыя Несцяровіча, у 2009 годзе 72 падлеткі здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, у пераважнай большасці яны кваліфікуюцца як распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах (за гэта затрыманы 27 непаўналетніх). Двойчы выклікалася на камісію юная аматарка градусных напіткаў са Сваятыч. Дарэчы, яшчэ раней да адказнасці прыцягвалася і яе маці, якая, акрамя таго, што сама злоўжывала алкаголем, яшчэ і спойвала сваю непаўналетнюю дачку…
Юрый Несцяровіч заўважыў тэндэнцыю: за распіццё спіртных напіткаў юнакі затрымліваюцца ў большасці па аднаму, а вось дзяўчаты найчасцей кампаніямі, дзе ўсе па-дзеі разварочваюцца па звыклым сцэнарыі: сабраліся, выпілі, пагаварылі на розныя тэмы і … высветлілі адносіны з дапамогай брыдкаслоўя і кулакоў. Адсюль і тэндэнцыя – павелічэнне колькасці дзяўчат, якія выклікаюцца на пасяджэнне камісіі менавіта за “п’яную” справу. У мінулым годзе разглядаліся матэрыялы на 69 юнакоў і 18 дзяўчат. З 87 падлеткаў, якія здзейснілі правапарушэнні, 56 – школьнікі.
Трывожаць і легкадумныя паводзіны непаўналетніх удзельнікаў дарожнага руху: кіраванне транспартнымі сродкамі без вадзіцельскіх правоў і ў нецвярозым стане, а таксама знаходжанне ў вячэрні час сутак на вуліцы без святлоадбівальных элементаў. Так, 17-гадовы ляхавічанін у маі 2009 года быў затрыманы за кіраванне матацыклам без вадзіцельскага пасведчання, а праз некалькі месяцаў – за кіраванне гэтым жа транспартным сродкам ужо ў стане алкагольнага ап’янення. Куды глядзелі бацькі юнака, калі куплялі яму мотатэхніку? Яны патуралі запытам сына і, мабыць, мала ўвагі ўдзялялі таму, чым ён займаецца ў вольны час. І калі ў першым выпадку аматар язды на матацыкле атрымаў папярэджанне (улічваючы станоўчую характарыстыку з месца вучобы), то ў другім – штраф у памеры 875000 рублёў. Бацькі адмовіліся плаціць за правапарушэнні сына, і суд абавязаў юнака выплачваць штраф.
На жаль, ёсць падставы гаварыць пра хуліганскія выхадкі і дробныя крадзяжы, учыненыя падлеткамі. Аналізуючы прычыны і матывацыю такога роду правапарушэнняў, Юрый Несцяровіч адзначыў: “ Дзеці хочуць мець тыя рэчы, якія не могуць дазволіць ім бацькі — мабільны тэлефон, дарагую ручку і г.д., і крадуць іх у іншых ці ў магазіне. А некаторыя такім чынам самасцвярджаюцца”. Каб папярэдзіць падобныя ўчынкі, трэба выяўляць схільнасць да іх. А гэта — сумесная работа класных кіраўнікоў, сацыяльных педагогаў, псіхолагаў і, безумоўна, бацькоў.
Што датычыць падлеткавай злачыннасці, то ў 2009 годзе яна засталася на пазалеташнім узроўні. Дзякуючы выніковай прафілактычнай рабоце ўстаноў адукацыі, раённага аддзела ўнутраных спраў, камісіі па справах непаўналетніх, не было дапушчана ніводнага выпадку паўторнага злачынства, учыненага адной і той жа асобай. Але некаторых злачынстваў, учыненых юнакамі і дзяўчатамі, можна было пазбегнуць, калі б не патуранне з боку дарослых і іх абыякавыя адносіны да ўласнай маёмасці. На выхадныя ў госці да сям’і ляхавічан прыехала 16-гадовая сваячка. Скарысталася адсутнасцю гаспадароў, узяла пластыкавую картку, прачытала код, які быў запісаны на паперы, і зняла пэўную суму грошай, за што і была прыцягнута да крымінальнай адказнасці.
Як адзначыў Юрый Несцяровіч, камісіяй па справах непаўналетніх быў накладзены штраф у памеры 1 мільёна 155 тысяч рублёў на дарослых і ў суме 6 мільёнаў 580 рублёў на падлеткаў, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні. У раённы бюджэт паступіла 47 працэнтаў ад агульнай сумы спагнанняў.
Яшчэ адзін важны накірунак работы камісіі — выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18. За мінулы год з неўладкаваных сем’яў, дзе дарослыя зусім перасталі клапаціцца пра сваіх сыноў і дачок, адабраны і накіраваны ў прытулкі 9 дзяцей (у 2008 годзе – 17). Пры гэтым актыўна вядзецца работа па аднаўленні ў бацькоўскіх правах.
Паспяхова сумесна дзейнічаюць органы апекі, служба занятасці, сацыяльна-педагагічны цэнтр аддзела адукацыі, кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў і арганізацый, якія забяспечваюць працоўнымі месцамі абавязаных асоб.
Каэфіціент правапарушэнняў сярод непаўналетніх, у пераразліку на 10000 чалавек, у Ляхавіцкім раёне адзін з самых нізкіх на Брэстчыне — 2,4 (сярэднеабласны паказчык — 6,1, у суседнім Ганцавіцкім раёне – 5). На пасяджэнні абласной камісіі па справах непаўналетніх работа Ляхавіцкай камісіі атрымала станоўчую ацэнку.
“Зроблена нямала, але неабходна палепшыць прафілактычную работу, не дапускаць, каб падлеткі ўжывалі спіртное, курылі, хуліганілі, брыдкасловілі. Гэта задача не толькі ўстаноў адукацыі, але і медыцынскіх устаноў, маладзёжных арганізацый. Неабходна ўдасканальваць работу і камісій па справах непаўналетніх пры сельвыканкамах, каб на ранніх стадыях выяўляць неўладкаваныя сем’і і звяртаць своечасовую ўвагу на праблемных падлеткаў”, — перакананы Юрый Несцяровіч.
Галіна Канько.