Наша надзейная граніца
Падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць 1-2 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста ацаніў надзейнасць аховы дзяржаўнай граніцы. У нашым рэгіёне гэта задача на ўкраінскім напрамку ўскладзена на Пінскі пагранічны атрад, байцы якога ахоўваюць раздзяляючую Беларусь і Украіну прыгранічную лінію, што пралягае праз
пяць раёнаў Брэстчыны – Кобрынскі, Драгічынскі, Іванаўскі, Пінскі і Столінскі.
Аляксандр Лукашэнка 1 чэрвеня наведаў пагранзаставу «Дзівін» у Кобрынскім раёне.Прэзідэнту далажылі аб прымаемых мерах па забеспячэнні пагранбяспекі краіны ў цэлым, а таксама аб мерапрыемствах па ахове дзяржграніцы на ўчастку Пінскага пагранічнага атрада. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі спецыяльнай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў органах пагранічнай службы, элементамі інтэграванай сістэмы аховы дзяржаўнай граніцы, а таксама арганізацыяй нясення пагранічнай службы і ўмовамі побыту пагранічнікаў, пагутарыў з ваеннаслужачымі і іх сем’ямі.
Размова ішла як пра асабістае, так і пра важныя дзяржаўныя і міжнародныя пытанні. Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне, што ён лічыць галоўнай пагрозай свету. «Асноўная пагроза, як я яе бачу, – сутыкненні інтарэсаў вялікіх дзяржаў». Беларускі лідар адзначыў, што малыя і сярэднія дзяржавы, якіх большасць, не павінны, як флюгеры, рухацца ў рэчышчы палітыкі буйных сусветных ігракоў. «Мы павінны праводзіць жорсткую палітыку і разам выступаць за свае інтарэсы», – лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ўпамянуў і аб сітуацыі ва Украіне ў плане перспектыў развіцця геапалітычнай абстаноўкі ў рэгіёне.
Шэраг пытанняў датычыў далейшай падтрымкі сацыяльных праграм, магчымых ільгот пры паступленні ў ВНУ для тых, хто адслужыў тэрміновую службу. Гаворачы аб ільготах, Кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб захоўваць і нарошчваць спектр аказваемай падтрымкі і льгот для сем’яў з дзецьмі. Прэзідэнт разам з гэтым заўважыў, што ў Беларусі і так існуюць вялікія льготы для сем’яў з дзецьмі ў параўнанні з замежнымі краінамі.
2 чэрвеня Кіраўнік дзяржавы наведаў Брэсцкую Чырванасцяжную пагранічную групу імя Ф.Э. Дзяржынскага.
Беларускія пагранічнікі стаяць на варце рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым пастраенні асабовага складу Брэсцкай пагранічнай групы і курсантаў Інстытута пагранічнай службы. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, знаходзячыся на ключавых транзітных шляхах, якія злучаюць Поўнач і Поўдзень, Еўропу і Азію, Беларусь з’яўляецца на-дзейным партнёрам многіх дзяр-жаў у папярэджанні і спыненні трансгранічнай злачыннасці, нелегальнага бізнесу і іншых негатыўных працэсаў.
«Нашым ваеннаслужачым удалося значна знізіць наплыў нелегальных мігрантаў у дзяржавы Еўрасаюза. Сістэматычна на граніцы выяўляюцца асобы, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі рэгулярна выяўляюцца каналы наркатрафіка», – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сёння ў свеце па-ранейшаму трывожна і непрадказальна, ваеннае проціборства адбываецца практычна на ўсіх кантынентах. Нагнятаецца сілавое процістаянне, у тым ліку непасрэдна ля межаў Беларусі.
«Прычым вы, як ніхто іншы, ведаеце, што ўзброеныя сутыкненні пачынаюцца менавіта на граніцы. Няпростая мiжнародная абстаноўка і небяспека тэрарыстычных актаў прымушаюць бесперапынна падтрымліваць высокі ўзровень баявой гатоўнасці пагранічных органаў», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Для павышэння баяздольнасці і мабільнасці пагранічныя войскі аснашчаюцца найноўшымі ўзорамі тэхнікі і ўзбраення. Абсталёўваюцца рубяжы, будуюцца сучасныя комплексы застаў, паляпшаюцца бытавыя ўмовы для асабовага складу.
Прэзідэнт заўважыў, што сёння, як і сто гадоў таму, забяспечыць надзейную бяспеку на граніцы без падтрымкі мясцовага насельніцтва немагчыма. Таму неабходна ўвесь час удасканальваць узаемадзеянне з жыхарамі прыгранічча.
Прэзідэнту далажылі аб абстаноўцы на дзяржаўнай граніцы Беларусі, мерах, якія прымаюцца па яе ахове, выкарыстанні сіл і сродкаў для выканання задач, што стаяць перад органамі пагранічнай службы.
Аляксандр Лукашэнка наведаў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», дзе ўсклаў кветкі да Вечнага агню. Там жа Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з прадстаўнікамі СМІ.
Прэзідэнт пракаменціраваў матэрыялы, якія з’яўляюцца ў прэсе саюзнікаў аб тым, што Беларусь нібыта займаецца гістарычным сепа- ратызмам. Аляксандр Лукашэнка выступіў з рэзкай крытыкай спроб прыватызаваць Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. «Камусьці карціць, што дзіўна – у Расіі, прыватызаваць гэту Перамогу. Як быццам не было на вайне іншых – беларусаў, украінцаў, грузінаў, армян, таджыкаў, туркменаў… Увесь Савецкі Саюз ваяваў. Загінулі нават не сотні і не тысячы, а сотні тысяч. Мы кожнага трэцяга скалечылі і страцілі. Уся Беларусь – гэта помнік. Тысячы спаленых вёсак, ні ў чым не вінаватых людзей, старых, дзяцей», – сказаў Прэзідэнт.
І Брэсцкая крэпасць з’яўляецца агульнай святыняй для многіх народаў, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што акцыя «Беларусь помніць» бярэ карані з савецкіх часоў. «Тады яшчэ і «Бессмяротнага палка» не было. Ён з’явіўся пазней. Дык нам што цяпер, перакрэсліць нашу традыцыю, выкінуць нашы чырвона-зялёныя стужкі і бегчы за некім?» – паставіў пытанне беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі пры гэтым падкрэсліў, што сэнс і мэта абедзвюх акцый аднолькавыя – ушанаваць памяць загінуўшых.
У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся меркаваннем, як павінна сёння будавацца работа Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Нядаўна аб’яднанне правяло чарговы з’езд, і цяпер маладзёжная арганізацыя ў пошуках новых шляхоў свайго развіцця.
Патрэбна жывая работа з моладдзю, без ашуканства і фармалізму, заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Мне хацелася б, каб наш «камсамол» – БРСМ – быў больш актыўным, каб усё грамадства бачыла не проста нейкія перыядычныя акцыі, але кожнага чалавека на справе», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Адміністрацыі Прэзідэнта даручана пачаць цесную работу з БРСМ, каб рэструктурызаваць дзейнасць аб’яднання, вызначыць асноўныя напрамкі яго работы. У бліжэйшы час Прэзідэнт сустрэнецца з кіраўніцтвам і найбольш актыўнымі членамі маладзёжных аб’яднанняў і іншых грамадскіх арганізацый.
Па матэрыялах БЕЛТА.