Тэма тыдня: Міжнародная выстаўка «Белагра-2018»
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Белагра-2018» праходзіць 5-10 чэрвеня ў гандлёва-лагістычным цэнтры «Глобус Парк» у аграгарадку Шчомысліца Мінскага раёна. Удзел у выстаўцы прымуць 536 кампаній з 28 краін, сярод якіх Аўстрыя, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Іспанія, Італія, Польшча, Расія, ЗША, Украіна, Фінляндыя і іншыя.
Калектыўныя экспазіцыі прадстаўляюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, канцэрн «Белдзяржхарчпрам», Белкаапсаюз і іншыя міністэрствы і ведамствы Беларусі. Асобнымі экспазіцыямі прадстаўлены прадпрыемствы Чэхіі, Індыі, Пакістана, Кіраўскай вобласці Расіі.
Штогод «Белагра» становіцца адной з галоўных пляцовак для дзелавых перагавораў. У гэтым годзе выстаўку наведаюць больш за 20 афіцыйных дэлегацый з розных краін.
Праграма выстаўкі напоўнена практычнымі дэманстрацыямі, прэзентацыямі і майстар-класамі. Запланаваны і конкурсы, у прыватнасці дэгустацыйны «Чэмпіён смаку», «Лепшы араты», конкурс на лепшую племянную карову.
Акрамя «Белагра-2018» у час Беларускага аграпрамысловага тыдня з 5 па 10 чэрвеня ў Мінскім раёне пройдуць міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Белферма», «Белпрадукт», «Прадмаш. Холад. Упак».
Вынікі работы прамысловасці, навукі і аграрнага сектара прадстаўлены на «Белагра-2018» — Русы
Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы ў час афіцыйнага адкрыцця выстаўкі.
«На выстаўцы «Белагра-2018» мы можам убачыць своеасаблівую справаздачу аб тым, што зрабілі нашы прамыслоўцы, вучоныя, аграрыі. Выстаўка стала своеасаблівым новым Зялёным тыднем у нас у Беларусі. 28 дзяржаў выказалі жаданне паўдзельнічаць у нашай выстаўцы. Каля 540 кампаній прадставілі на «Белагра» вынікі сваёй працы. Дазвольце пажадаць усім удзельнікам выстаўкі эфектыўных кантрактаў», — сказаў Міхаіл Русы.
Прамысловасць і навука ўнеслі значны ўклад у поспехі Беларусі ў аграрнай сферы — Сямашка
Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка ў час цырымоніі афіцыйнага адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2018».
«Хацеў бы адзначыць ролю прамысловасці ў поспехах Беларусі ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Уклад прамыслоўцаў у тым, што яны далі аграрыям сучаснае абсталяванне і новыя тэхналогіі. Прывяду некалькі лічбаў. У 1990-1991 гадах у сельгасвытворчасці Беларусі працавалі 1 068 тыс. чалавек. У мінулым годзе — 272 тыс., гэта значыць у чатыры разы менш, але пры гэтым выпусцілі прадукцыі ў два разы больш. Што датычыцца збожжавых, мы наблізіліся да 10 млн т, малочнай прадукцыі вырабляем у 1,7 раза больш, мясной прадукцыі — у 1,3 раза. Інакш кажучы, эфектыўнасць працы вырасла ў 5-6 разоў. У гэтым заслуга навукі і прамысловасці. Іх дасягненні нараўне з іншымі мерамі далі магчымасць зрабіць сельскагаспадарчую галіну экспартна арыентаванай», — сказаў Уладзімір Сямашка.
Экспарт беларускіх прадуктаў харчавання ў студзені-красавіку вырас на 9,3 працэнта
Аб гэтым паведаміў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «Белагра-2018».
«Аграпрамысловы комплекс Беларусі па выніках работы за пяць месяцаў дэманструе дадатную дынаміку свайго развіцця. Валавая прадукцыя ва ўсіх катэгорыях узрасла на 3,5 працэнта. Пры гэтым забяспечаны рост вытворчасці малака на 80 тыс. т, мяса — на 8 тыс. т. Гэта дало магчымасць забяспечыць сыравінай нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы, забяспечыць прадуктамі харчавання ўнутраны рынак і прадаць лішкі за межы краіны. За студзень-красавік рэалізавана за мяжу харчовай прадукцыі на суму $1,644 млрд — на $140 млн больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (на 9,3 працэнта)», — сказаў Леанід Заяц.
Веснавыя палявыя работы ў Беларусі праведзены паспяхова — Заяц
«Мы даволі паспяхова правялі ўвесь фронт веснавых палявых работ. За кароткі тэрмін выканалі ўвесь комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на сяўбу збожжавых і фарміраванне ўраджаю. Цяпер актыўна вядзём нарыхтоўку травяных кармоў. Нарыхтавана ў сукупнасці ўжо больш за 3 млн т сенажу і сіласу. Гэта вышэй за ўзровень мінулага года», — сказаў Леанід Заяц. Рэальная заработная плата аграрыяў вырасла на 14 працэнтаў, прадукцыйнасць працы — на 22 працэнты.
Разам з тым міністр звярнуў увагу на неспрыяльны ўплыў гарачага надвор’я на развіццё сельгаскультур. «Мы прымаем меры, выкарыстоўваем усю перадавую практыку з улікам кліматычных умоў, каб атрымаць добры ўраджай», — заявіў ён.
Беларусь і Расія могуць абмеркаваць пытанне прасочвальнасці сельгаспрадукцыі на саюзным Саўміне 13 чэрвеня
Беларусь і Расія могуць абмеркаваць механізм абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы 13 чэрвеня. Аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 6 чэрвеня ў час наведвання міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2018».
Кіраўніку ўрада далажылі аб выніках тэсціравання механізма абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі з Расіяй. Першым яго пачалі выкарыстоўваць тры брэсцкія прадпрыемствы — «Савушкін прадукт», «Санта Брэмар» і Брэсцкі мясакамбінат, якія з пачатку праекта адправілі ў Расію ўжо больш за 70 сертыфікатаў. «Пасяджэнне саюзнага Саўміна пройдзе 13 чэрвеня, там трэба гэта пытанне яшчэ раз абмеркаваць. Павінна быць выбудавана дакладная сістэма, каб не перарываліся пастаўкі прадукцыі», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Ён даручыў дэталёва прапрацаваць механізм падключэння беларускіх прадпрыемстваў да гэтай сістэмы.
Як растлумачыў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, Беларусь і Расія дамовіліся сінхранізаваць нацыянальную сістэму ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці жывёл і прадукцыі жывёльнага паходжання Беларусі і расійскую сістэму «Меркурый». «У нас ужо адпрацаваны тры пілотныя прадпрыемствы, але ў цэлым каля 400 прадпрыемстваў будуць удзельнічаць у гэтай сістэме», — расказаў ён. Віцэ-прэм’ер удакладніў, што цяпер адпрацоўваецца дастаўка сертыфіката да канкрэтнага атрымальніка з выхадам на магазіны, каб на любым этапе можна было прасачыць рух тавару. Паўнацэнна пачаць працаваць гэта сістэма павінна з 1 ліпеня.
Намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што вельмі важна працаваць сумесна з расійскімі калегамі, каб своечасова карэкціраваць узаемадзеянне. «Калі трэба дапрацаваць сістэму, то неабходна рабіць гэта сінхронна, у адным напрамку. Але мяркуючы па першых выніках, усё атрымалася, як мы і дамаўляліся», — заявіў ён.
На пытанне, ці дапаможа ўкараненне механізма абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі пазбегнуць такіх сітуацый, як увядзенне часовых абмежаванняў на пастаўку некаторых відаў беларускай прадукцыі, Міхаіл Русы адказаў, што гэта адна з задач такой работы. «У тым ліку гэта дасць магчымасць пазбегнуць такіх праблем, як цяпер у нас па пастаўках малака на расійскі рынак. Не будзе лішніх крыватолкаў — адкуль прыйшла прадукцыя, чыя сыравіна. Усё адразу будзе відаць», — канстатаваў ён.
Прэм’ер-міністр у час наведвання «Белагра» азнаёміўся таксама з сельскагаспадарчай тэхнікай, якую вырабляюць беларускія прадпрыемствы, у прыватнасці, МТЗ, «Амкадор», «Бабруйскаграмаш». Прадэманстраваны і новыя сучасныя камбайны «Гомсельмаш». «Уражанні ад тэхнікі вельмі добрыя. Тыя параметры, якія выставіла Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, выкананы. Цяпер ёсць тры камбайны рознай мадыфікацыі, я прапанаваў накіраваць іх на вытворчыя выпрабаванні адразу ў гаспадаркі, каб самі аграрыі ацанілі тэхніку», — сказаў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.
«Амкадор» павялічыць пастаўкі тэхнікі ў Валагодскую вобласць
Аб гэтым паведаміў губернатар Валагодскай вобласці Алег Куўшыннікаў у час адкрыцця выстаўкі «Белагра-2018».
«Мы рэалізуем сумесны праект «Саюзны трактар». Літаральна ўчора падпісалі пагадненне і выходзім на фінішную прамую. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства прамысловасці Беларусі, Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі мы плануем у два разы павялічыць вытворчасць беларускай трактарнай тэхнікі на тэрыторыі Валагодскай вобласці. Акрамя таго, мы сёння дамовіліся з МАЗам аб адкрыцці дылерскага і сэрвіснага цэнтра для паставак беларускіх аўтобусаў на тэрыторыю нашага рэгіёна. Дамовіліся з «Амкадорам» аб павелічэнні паставак сельгастэхнікі і тэхнікі для нарыхтоўкі драўніны. У складзе вялікай расійскай дэлегацыі мы падпісалі некалькі пагадненняў, якія адкрываюць новае акно магчымасцей для развіцця інтэграцыйных і кааперацыйных сувязей», — сказаў Алег Куўшыннікаў.
МТЗ прапрацоўвае магчымасць паставак тэхнікі на рынак Ізраіля
Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце на рынках далёкага замежжа ААТ «МТЗ» Вадзім Пратапопаў на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «Белагра-2018».
«За апошні год заключаны кантракты з некаторымі краінамі Лацінскай Амерыкі, таму мы пашырым прысутнасць на гэтым рынку. Цяпер прапрацоўваем пытанне выхаду на ізраільскі рынак. Там вельмі строгія экалагічныя патрабаванні і вялікая канкурэнцыя, таму нам будзе няпроста. Але ў гэтым годзе паспрабуем выйсці на гэты рынак і там замацавацца», — сказаў Вадзім Пратапопаў.
На «Белагра» прадстаўлены аснашчаныя сістэмай дакладнага земляробства энерганасычаныя трактары МТЗ: «BELARUS-3525» на гусенічным хаду і «BELARUS-4522» магутнасцю 450 к.с. Таксама сярод экспанатаў можна ўбачыць мадэль «BELARUS-1221» на звадкаваным прыродным газе. А ў ролі шоўмена, які запрашае наведвальнікаў у зону экспазіцыі тэхнікі «МТЗ-Холдынг», выступае шасціметровы трактар-трансформер.
«Гомсельмаш» прадставіў на «Белагра-2018» суперкамбайн
«Сёння на выстаўцы з навінак прадстаўлены так званы суперкамбайн — КЗС-2124КР. Тая машына, якая дэманстравалася кіраўніку дзяржавы ў мінулым годзе, была дапрацавана. Укаранёны сістэма аўтаваджэння, сістэма дакладнага земляробства. Цяпер у гэтым камбайне ёсць усе самыя неабходныя камбайнеру опцыі, якія могуць дапамагчы яму ў рабоце, а ў нечым нават яго замяніць», — расказаў начальнік маркетынг-цэнтра прадпрыемства Дзмітрый Муляр.
Прадстаўлены дзве мадэлі збожжаўборачных камбайнаў з гібрыднай схемай абмалоту КЗС-1319 і КЗС-3219КР. «Акрамя таго, мы тут прэзентуем універсальны мабільны энергетычны сродак МС-350, які можа працаваць як трактар і як кормаўборачны камбайн. На выстаўцы дэманструецца не маючы аналагаў у свеце газаматорны збожжаўборачны камбайн КЗС-4118К. Ён працуе на кампрыміраваным прыродным газе», — растлумачыў начальнік маркетынг-цэнтра.
Прадукцыя «Гомсельмаша» пастаўляецца на рынкі 38 краін. «Мы ажыццявілі першыя пастаўкі машын у Судан, Егіпет, Пакістан. Там паспяхова праведзены выпрабаванні нашых збожжаўборачных камбайнаў. Яны ўжо практычна ўвайшлі ў каталог тэхнікі, закупка якой падтрымліваецца на мясцовым узроўні», — адзначыў Дзмітрый Муляр.
Вядуцца пастаўкі ў краіны Лацінскай Амерыкі: Аргенціну, Перу. «Гомсельмаш» імкнецца асвойваць рынкі еўрапейскіх краін. «Нашы намаганні накіраваны і на асваенне афрыканскага рынку. Ёсць планы па пастаўцы машын у Зімбабвэ, Нігерыю, Эфіопію. Не забываем і пра Азію. Нядрэнна зарэкамендавалі сябе ў Кітаі, прадаём тэхніку ў Іран, створана сумеснае прадпрыемства ў Індыі», — дадаў Дзмітрый Муляр.
БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.