Медыцына па «лакальцы». У мінулы аўторак адбылося афіцыйнае адкрыццё і запуск работы лакальнай вылічальнай сеткі ў Ляхавіцкай паліклініцы
Здаецца, нядаўна мы толькі марылі трапіць на прыём да ўрача без доўгага стаяння ў чарзе па талончыку або атрымаць кансультацыю вузкага спецыяліста, не выходзячы з дому. Мары, ідэі, планы, рэалізацыя – менавіта такі шлях прайшла мясцовая ініцыятыва «Камп’ютарызацыя і інфарматызацыя аховы здароўя Ляхавіцкага раёна», якая летась стала пераможцай конкурсу ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Фінансавая дапамога Еўрасаюза склала 22375 еўра. Усяго на рэалізацыю ініцыятывы было выдаткавана каля 45000 еўра.
А ў мінулы аўторак адбылося афіцыйнае адкрыццё і запуск работы лакальнай вылічальнай сеткі ў Ляхавіцкай паліклініцы. Гэта першы і, між іншым, выніковы крок да камп’ютарызацыі і інфарматызацыі райбальніцы, што дае магчымасць аказваць медпаслугі насельніцтву ў электронным выглядзе. Але пра ўсё па парадку.
Паліклініка пачынаецца з рэгістратуры. Можна сказаць, што менавіта адсюль пачынаецца і электроннае жыццё пацыента. Калі ён звяртаецца за талончыкам, адразу рэгіструецца ў базе даных. Агульныя звесткі пра пацыента – і электронная медыцынская картка заведзена. Няхай сёння такая працэдура займае больш часу, чым было раней, пасля гэта дазволіць значна паскорыць працэс запісу. А яшчэ тут можна ўмомант даведацца пра графік работы любога ўрача, калі можна трапіць на прыём, расказвае медрэгістратар Іна Колб. Увогуле, працаваць будзе прасцей і эфектыўней, дадаюць яе калегі.
Урач-дэрматавенеролаг Анастасія Пташнік, як гаворыцца, поўнасцю ўключылася ў працэс. Спецыяльная праграма «Дзённік дэрматолага» – сапраўдны памочнік для доктара. Тут у адзіным дакуменце фіксуецца ўся неабходная інфармацыя: імя пацыента, адрас, які раз за год звяртаецца, прычына звароту, форма і месца абслугоўвання, дыягназ і г.д. Гэта ж інфармацыя дубліруецца і ў папяровым варыянце.
– Вельмі зручна, што ёсць алгарытм апытання і ўрач можа яго дапоўніць, што толькі на карысць пры аглядзе пацыента. І гэта ўсё ў канчатковым выглядзе зводзіцца ў адзіную табліцу, дзе бачна колькі пацыентаў урач прыняў за дзень. Праграмісты райбальніцы да гэтай праграмы дадалі і выпіскі з картак пацыентаў. Значыць, можна прасачыць, калі апошні раз ён звяртаўся за меддапамогай, убачыць вынікі аналізаў, дыягназ. Гэта вельмі зручна, – расказвае пра сваё знаёмства з лакальнай вылічальнай сеткай паліклінікі Анастасія Пташнік.
Загадчыца паліклінікі Наталля Гарбачова першымі вынікамі выкарыстання лакальнай сеткі задаволена. Дзякуючы спецыяльнай праграме, ёсць магчымасць адсочваць, як вядуць прыём пацыентаў урачы, ці ўсе, хто ўзяў талончыкі, прыйшлі ў назначаны час. І, у залежнасці ад занятасці медыцынскіх спецыялістаў, спланаваць за кароткі тэрмін, хто з супрацоўнікаў можа выехаць на дыспансерызацыю.
– На экране – агульная карціна працы дактароў. Уся інфармацыя змяшчаецца ў адной табліцы, а гэта значыць можна якасней планаваць работу нашых спецыялістаў, – адзначае загадчыца паліклінікі.
За бесперапыннасць і зладжанасць гэтага складанага механізма адказвае адміністратар сеткі Генадзій Труш.
А яшчэ, як зазначыў галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч, у планах далучыць да праекта бальніцу, пасля – амбулаторыі і ФАПы раёна. Так зменшыцца чарга да ўрачоў вузкіх спецыялізацый – можна будзе атрымаць анлайн-кансультацыю, калі скарга выходзіць за межы кампетэнцыі ўрача агульнай практыкі. Дарэчы, сёння практыка анлайн-кансультацый у райбальніцы пачынае набіраць абароты.
Дзякуючы сродкам, выдаткаваным на рэалізацыю мясцовай ініцыятывы, закуплена камп’ютарнае абсталяванне. А ўрачы і сярэдні медперсанал на семінарах і трэнінгах навучыліся карыстацца праграмным забеспячэннем лакальнай сеткі.
– Няхай мы робім толькі першыя крокі, але плюсы ўжо відавочныя. Перш за ўсё, палепшыцца абмен інфармацыяй паміж урачэбнымі кабінетамі. Гэта на карысць і адміністрацыйнаму кантролю. З 1 чэрвеня пачалася выдача электроннага рэцэпта. Дарэчы, набыта 6000 электронных картак, якімі нашы жыхары змогуць карыстацца ў любой аптэцы краіны і купляць са скідкай лекі, – адзначае галоўны ўрач райбальніцы.
Кіраўнік праекта ПРААН Людміла Сакалоўская павіншавала ўсіх з рэалізацыяй ініцыятывы:
– Спадзяемся, што тая база, якая створана ў рамках ініцыятывы, палепшыць эфектыўнасць працы медперсаналу і пойдзе на карысць усім жыхарам горада і раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень нагадала, што на тэрыторыі нашага раёна рэалізуецца пяць мясцовых ініцыятыў. Папулярнасць набірае ініцыятыва «Доўгая карова», а днямі зазвінелі галасы і на варкаўт-пляцоўцы. Галоўнае, што ўсе яны накіраваны на паляпшэнне ўмоў жыцця ляхавічан.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.