Трымайцеся на вадзе!
Летам многія імкнуцца адпачыць ад спякоты і клопатаў каля вадаёмаў. І, расслабіўшыся, забываюць пра магчымую небяспеку. Між тым, толькі летась у краіне вада забрала 516 чалавечых жыццяў, у тым ліку 6 дзіцячых. Часцей за ўсё прычынамі ўтаплення становяцца няўменне плаваць, купанне ў забароненых і незнаёмых месцах і ў нецвярозым стане, пакіданне дзяцей без нагляду дарослых.
Трагедыя можа здарыцца, напрыклад, калі чалавек раптоўна трапляе ў халодную ваду ці пры эмацыянальным шоку ад спалоху – наступае рэфлекторны параліч сэрца. У такім выпадку адсутнічаюць характэрныя прыкметы ўтаплення: скура і слізістыя загінуўшага бледныя і ў лёгкіх не бывае вады.
Пры стомленасці або страце прытомнасці вада пападае ў дыхальныя шляхі і закупорвае іх. Калі чалавек адчувае, што топіцца і ў паніцы пачынае некаардынавана рухацца на вадзе, то стамляецца, канчаткова выбіваецца з сіл і пагружаецца ў ваду. Міжвольны глыбокі ўдых – і лёгкія запаўняюцца вадой. Праз мінуту-паўтары паражаюцца клеткі галаўнога мозга, чалавек страчвае прытомнасць, яшчэ каля дзвюх мінут – і сэрца спыняецца.
У справе выратавання пацярпелага лік ідзе ў прамым сэнсе на хвіліны. У першую чаргу, яго трэба дастаць з вады. Для гэтага – падплыць ззаду, узяць падпаху або за валасы, павярнуць тварам уверх і плыць да берага. Важна не даць захапіць сябе, каб не пайсці да дна самому.
Нават калі «хуткую» ўжо выклікалі, да яе прыезду чалавеку, які наглытаўся вады, на беразе трэба адразу ж аказаць першую дапамогу. Калі ён у прытомнасці – распрануць, выцерці насуха, ухутаць і сагрэць, пры гэтым мэтазгодна паспрабаваць выклікаць ірвоту, раздражняючы корань языка і заднюю сценку глоткі.
Калі пацярпелы без прытомнасці, неабходна неадкладна прыступаць да рэанімацыйных мерапрыемстваў: павярнуць яго на бок, каб ачысціць поласць рота і глоткі ад слізі, глею і пяску (рабіць гэта пальцам, абкручаным насоўкай ці іншым матэрыялам); пасля, павярнуўшы на спіну, правесці штучную вентыляцыю лёгкіх метадам «з рота ў рот» ці «з рота ў нос».
Калі штучная вентыляцыя лёгкіх праводзіцца правільна, то мяняецца колер скуры, пацярпелы пачынае самастойна дыхаць. Пасля гэтага трэба расцерці яго, сагрэць, даць цёплае піццё і перадаць медыкам.
Калі ж у пацярпелага адсутнічаюць дыханне і сэрцабіццё, неабходны закрыты масаж сэрца і штучная вентыляцыя лёгкіх.
Для правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў пацыента ўкладваюць на спіну. Пры правядзенні штучнай вентыляцыі лёгкіх і закрытага масажу сэрца адначасова павінна быць зроблена два ўдохі метадам «з рота ў рот» ці «з рота ў нос» і 30 кампрэсій на грудную клетку. Частата кампрэсій 100-120 у мінуту для дарослых, 100 –
для дзяцей. Усё гэта неабходна рабіць вельмі хутка, бо літаральна праз тры-чатыры мінуты пасля спынення сэрца гінуць клеткі галаўнога мозга. Пры эфектыўных рэанімацыйных мерапрыемствах (з’явіўся пульс, скура паружавела, зрэнкі звузіліся) пацярпелага расціраюць, саграюць і адпраўляюць у медустанову.
На вадзе трэба быць акуратнымі і асцярожнымі. Прапісныя ісціны – купацца толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, уважліва сачыць за дзецьмі падчас купання, у нецвярозым стане трымацца далей ад вады. Жыццё – бясцэнная каштоўнасць, якая даецца чалавеку аднойчы.
Прыкметы ўтаплення
Пры закупорцы дыхальных шляхоў вадой скура і слізістыя ў пацярпелага рэзка сінюшныя, вушныя ракавіны, губы і кончыкі пальцаў – фіялетава-сіняга колеру. Бачныя вены галавы і шыі – рэзка набухлыя, твар адутлаваты, з рота і носа выцякае шмат пены з прымессю крыві.
Штучная вентыляцыя лёгкіх праводзіцца так
«З рота ў рот»
Нос заціскаюць пальцамі, робяць глыбокі ўдых, шчыльна прыціскаюцца губамі да скуры вакол рота пацярпелага і робяць глыбокі выдых. На ротавую поласць пацярпелага неабходна пакласці насоўку ці бінт. Пры глыбокім выдыху неабходна сачыць за рухам грудной клеткі пацярпелага.«З рота ў нос»
Губамі шчыльна прыціскаюцца да скуры вакол носа пацярпелага. Закрываючы рот, робяць глыбокі выдых (пры выдыху ротавую поласць пацярпелага трэба раскрыць). Дыханне праводзіцца з частатой 12-14 дыхальных рухаў у мінуту.
Уладзімір АЎДЗЕЙ, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ЦРБ.