Ляхавічанін Дзмітрый Лобан выступіць ў Ванкуверы на лыжным спаборніцтве параалімпійцаў
Увага не толькі аматараў спорту і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, але і літаральна ўсіх звернута на канадскі горад Ванкувер, дзе з вялікім напалам праходзяць ХХІ зімовыя Алімпійскія гульні, у якіх прымае ўдзел і зборная каманда Беларусі.
Па тэлебачанні за пачаткам захапляючых спаборніцтваў у роднай вёсцы Ганчары пачаў сачыць і наш зямляк Дзмітрый Лобан. А літаральна на наступны дзень юнак сам паехаў на перадалімпійскія зборы, каб потым у складзе зборнай Беларусі адправіцца на параалімпійскія гульні, якія таксама адбудуцца ў Канадзе з 12 па 21 сакавіка, і прыняць удзел у спаборніцтвах лыжнікаў.
28-гадовы Дзмітрый Лобан у міжнародных стартах далёка не навічок. У мінулым годзе перамог на адной з дыстанцый на чэмпіянаце свету ў Фінляндыі, сёлета ўжо быў першым у гонцы на 10 кіламетраў на чарговым этапе Кубка свету ў Францыі і там жа стаў трэцім у спрынце.
— Дома бываю вельмі рэдка, амаль увесь час аддаю заняткам спорту – любімым лыжам. Трэніруюся пад кіраўніцтвам вопытнага трэнера Юрыя Буранава, — расказвае Дзмітрый.
Юнак яшчэ перад мінулай Алімпіядай у Турыне патэлефанаваў трэнеру і прапанаваў супрацоўніцтва. Але сустрэцца ім давялося толькі тры гады таму. З таго часу ў гэтага спартыўнага дуэта ў асноўным толькі паспяховыя выступленні на лыжных трасах. Дзмітрый Лобан разам з камандай пабываў у многіх краінах Еўропы. Летам часцей за ўсё трэніруюцца на спартыўных базах Беларусі – у Раўбічах, Навагрудку. З нецярпеннем Дзмітрый чакае адказных стартаў на сваёй першай Алімпіядзе. Ён выступіць на трох дыстанцыях: спрынт, 10 і 15 кіламетраў. У далёкай Канадзе моцны духам, загартаваны, спартыўны хлопец з вёскі Ганчары Ляхавіцкага раёна будзе спаборнічаць у параалімпійскіх стартах. Пажадаем паспяховых выступленняў земляку. Мы будзем усім раёнам хварэць за цябе, Дзмітрый!
Галіна КАНЬКО.