Дзённы – надзённы
У гэтым падраздзяленні райбальніцы пануе асаблівая атмасфера — нібы «ціхі час» увесь дзень. І пры гэтым пацыентаў тут шмат, медыкі без справы не застаюцца ні на хвіліну. Складваецца ўражанне, што медыцынскія сёстры не ходзяць, а лятаюць. Ды і пацыенты імкнуцца асабліва не гаманіць, а спакойна, дакладна выконваюць усе рэкамендацыі і назначэнні.
Размова ідзе пра аддзяленне дзённага знаходжання хворых, паслугі якога даволі папулярныя і запатрабаваны не толькі сярод гараджан, але і жыхароў бліжэйшых вёсак. А чаму б і не? Усё асноўнае лячэнне хворы атрымлівае ва ўмовах бальнічных палат і працэдурных кабінетаў, адпачывае пасля кропельніц, уколаў і фізіятэрапеўтычных працэдур. Абавязкова, як і ў стацыянары, здаюцца ўсе патрэбныя аналізы, робіцца кардыяграма і іншыя, згодна дыягназу, абследаванні. Напрыклад, ультрагукавое даследаванне, фібрагастра- і рэнтгенаскапіі і іншыя. Гэта многапрофільнае аддзяленне: тут аказваецца дапамога пацыентам тэрапеўтычнага, неўралагічнага, хірургічнага і гінекалагічнага профілю.
Абход хворых абавязкова праводзіць урач: пацікавіцца самаадчуваннем, выслухае скаргі і падкарэкціруе лячэнне, пры неабходнасці прызначыць дадатковае абследаванне. Такім чынам, выканаўшы ўсе неабходныя прадпісанні, чалавек пакідае бальніцу і вяртаецца ў звыклыя ўмовы жыцця.
— Я ўпершыню лячуся на дзённым стацыянары. І задаволены. Тут створаны выдатныя ўмовы, з урачом аддзялення і пацыентам пашанцавала: высокакваліфікаваны спецыяліст, чулы чалавек. І медыцынскія сёстры віртуозы ў сваёй справе: так паставяць кропельніцу, што болю не адчуеш. Праз некалькі гадзін можна і дамоў, — дзеліцца ўражаннямі пацыент аддзялення ляхавічанін Сяргей Кузняцоў.
На карысць дзённага — кампетэнтнасць, уважлівасць, спагадлівасць тутэйшых медыкаў. Колькі цёплых і шчырых слоў сказана пацыентамі ў адрас вопытнага доктара, прафесіянала і проста добразычлівага чалавека — урача дзённага стацыянара Кацярыны Куляшовай. Для яе кожны хворы, незалежна ад узросту — не проста пацыент, а асоба са сваім характарам, парогам болю. І да любога Кацярына Аляксееўна знаходзіць падыход, падбірае індывідуальнае лячэнне. Акрамя назначэння неабходных лекавых сродкаў, яна абавязкова дае рэкамендацыі па здаровым ладзе жыцця. А дапаўняюць гэта словы падтрымкі і ўвага ўрача, якія так патрэбны пацыентам.
У медыцыне Ляхавіччыны Кацярына Аляксееўна з 1982 года. 6 гадоў працавала ва Ураджайнінскай участковай бальніцы, потым у райбальніцы. З 2008 года яна ўрач дзённага стацыянара. За гэты час сотні пацыентаў на сабе праверылі і адчулі прафесіяналізм доктара Куляшовай, памножаны на клопат і ўвагу.
— Хворы звяртаецца са спадзяваннем, што яму абавязкова дапамогуць. Каб лячэнне было выніковым, недастаткова правільна паставіць дыягназ і падабраць прэпараты, правесці зацверджаны пратакол лячэння, неабходна выявіць першапрычыну хваробы, прымусіць чалавека дапамагаць медыкам у барацьбе з ёю. Як вядома, хвароба хутчэй адступае, калі хворы сам імкнецца да выздараўлення і настроены на аптымістычны лад, — пераканана Кацярына Аляксееўна.
— Наш доктар — самы лепшы, яна прыслухоўваецца да кожнага слова хворага, ніводную скаргу не пакідае без увагі. Я не першы раз на дзённым стацыянары. І заўсёды іду сюды з упэўненасцю, што тут абавязкова «падрамантуюць», — расказвае пацыентка Валянціна Сяргей.
З 8.00 і да 20.00 у буднія дні і з 8.00 да 14.00 у выхадныя і святочныя — дзённы працуе ў звычайным працоўным рытме: агляды, кропельніцы, уколы, працэдуры… Большасць пацыентаў — з сардэчна-сасудзістымі паталогіямі, хваробамі апорна-рухальнага апарату, дыхальнай сістэмы і іншымі. Як адзначае Кацярына Куляшова, у захворванняў ёсць і сезонны характар. Напрыклад, з пачаткам работ на дачах, участках і агародах абвастраюцца хваробы апорна-рухальнага апарату: папрацаваў на градцы — нагадвае пра сябе радыкуліт і г.д. У халодную пару года больш атакуюць прастудныя і вірусныя захворванні.
— У нас лечацца не толькі тыя, хто атрымаў лісток непрацаздольнасці, але і без адрыву ад вытворчасці. Да абеду — атрымліваюць лячэнне, пасля ідуць на змену, — расказвае ўрач.
Пасля назначэння лячэння пацыент трапляе ў клапатлівыя рукі медыцынскіх сясцёр Сняжаны Чайкоўскай і Людмілы Вітко. Сястрычкі, як ласкава іх называюць хворыя, па-майстэрску спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Дзіву даешся, як усё паспяваюць: аднаму паставіць кропельніцу, другому зняць, трэцяму выдаць накіраванне на фізіяпрацэдуры, чацвёртаму — зрабіць ін’екцыю і г.д. А яшчэ — раз-пораз забегчы ў палату, каб пацікавіцца, як самаадчуванне хворых. Прычым робяць усё хутка, ненавязліва, спагадліва. І так кожную змену, якая доўжыцца па 12 гадзін.
— Канешне, у нашай рабоце галоўнае — дапамагчы хвораму справіцца з хваробай, перамагчы яе. Але пры гэтым не трэба забываць, што кожны чалавек асаблівы. Кагосьці варта падба-дзёрыць, іншаму растлумачыць, з кімсьці пагаварыць пра жыццё, выслухаць, — разважае Сняжана Чайкоўская і дадае: Асабліва прыемна, калі пасля лячэння ў нас — чалавек зноў радуецца жыццю, усміхаецца.
За чысцінёй і парадкам у аддзяленні сочаць санітаркі Жанна Домаш і Соф’я Касянкова. І ад іх працы, адносін да справы, добрасумленнасці, дабрыні ў многім залежыць і атмасфера ў дзённым стацыянары, і настрой пацыентаў, а значыць і хуткасць выздараўлення.
… Адна з жаночых палат. Пацыенткі ляжаць пад кропельніцамі і ціха размаўляюць пра ўсё, агульных тэм знаходзіцца нямала. Міжволі размова заходзіць пра лячэнне ў дзённым.
— Як добра, што такое аддзяленне прыдумалі. Я вось паспяваю дома ва Ураджайнай і за гаспадаркай прыгледзець, і лячэнне тут атрымліваю. Дай Бог здароўя і Кацярыне Аляксееўне, і такім клапатлівым сястрычкам, і ўсім работнікам дзённага стацыянара, — дзякуе медыкам былы калега Галіна Голец. Адно засмучае жанчыну, што няма такога стацыянара ў вёсцы.
Галіна КАНЬКО