Такому сузор’ю – шырокую дарогу
У аўторак у гарадскім Доме культуры панавала святочна-творчая атмасфера. На традыцыйны раённы фестываль «Сузор’е талентаў» сабралася каля 100 юных зорачак, якія перамогамі на раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах, выставах славяць сваю малую радзіму, сваю школу.
Як заўсёды, побач з рабятамі іх любімыя настаўнікі, якія не толькі навучылі іх азам майстэрства, але і натхнілі на новыя дасягненні і перамогі. І гэта поспех, удача і нават шчасце, калі адораны вучань трапляе да таленавітага настаўніка. Такі тандэм здольны на многае.
Хваляваліся ад вялікай увагі да іх галоўныя «віноўнікі» свята — юныя, але мэтанакіраваныя інтэлектуалы і музыканты, даследчыкі і спартсмены. Радаваліся за сваіх выхаванцаў педагогі і трэнеры, ганарыліся бацькі і сябры.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук адзначыў: «Нашы агульныя намаганні накіраваны на тое, каб захаваць і прымножыць інтэлектуальны і творчы рэзерв падрастаючага пакалення, ствараць умовы для выяўлення, развіцця, падтрымкі юных талентаў. Многа здольных, ініцыятыўных рабят і сёлета дасягнула значных поспехаў у адукацыі і творчасці. Яны — гонар і прыклад для іншых. Прыемна, што з кожным годам папаўняюцца рады юных талентаў, і гэта цудоўна, бо за імі будучыня нашай Беларусі».
З гонарам кіраўнік раённай вертыкалі назваў прозвішчы педагогаў Валянціны Русакевіч, Генадзія Коршуна, Людмілы Раманенка (гімназія), Соф’і Шыбкоўскай, Алены Якубец, Наталлі Сідор (СШ № 1), Наталлі Ланкуць (СШ № 2), Тамары Васько (Тухавіцкая СШ), Галіны Наумік (Жарабковіцкая СШ). Педагогі прыклалі нямала намаганняў, каб іх вучні дасягнулі такіх высокіх вынікаў.
Шмат цёплых і шчырых слоў у адрас рабят, іх настаўнікаў і бацькоў сказалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч.
І вось «Сузор’е талентаў» пачало запальваць новыя зорачкі, талент якіх і сапраўды падобны на святло зорак — таксама заварожвае, радуе і натхняе. Пад апладысменты шматлікай аўдыторыі ў зале загучалі прозвішчы юных дараванняў.
У намінацыі «З навукай у будучыню» ўшаноўвалі пераможцаў і прызёраў раённых, абласных, рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Сярод іх удзельнікі і пераможцы прадметных абласных і рэспубліканскіх алімпіяд Аляксей Заяц, Ягор Рамановіч, Марыя Пішч, Кацярына Салодкая (гімназія), Вольга Баргамон і Уладзіслаў Чаркас (СШ № 1), Дар’я Баўтрукевіч (СШ № 2), Антон Захаранкаў (Малагарадзішчанскі ДС-СШ).
Не засталіся без увагі лепшыя спартсмены і турысты, пераможцы рэспубліканскіх, абласных і раённых спаборніцтваў, злётаў, дыпламанты ў намінацыі «Са спортам і турызмам па жыцці». Яны — спартыўны гонар Ляхавіччыны.
Творчыя работы юных умельцаў, як і выдатныя выступленні танцораў, спевакоў і музыкантаў былі высока адзначаны на выставах, фестывалях, тэатральных і музычных конкурсах. Юныя самадзейныя артысты — пастаянныя ўдзельнікі разнастайных конкурсных праграм і форумаў. Пераможцаў, лепшых з лепшых віталі ў намінацыі «Адоранасць у творчасці».
Лаўрэаты ва ўсіх намінацыях былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі райвыканкама і грашовымі прэміямі, а настаўнікі атрымалі кветкі.