Родныя па крыві. Сусветны дзень донара, які адзначаецца 14 чэрвеня, сёлета пройдзе пад лозунгам «Падумай пра другіх. Здай кроў. Падзяліся жыццём»

Загадчык кабінета трансфузіялагічнай дапамогі райбальніцы Андрэй Курак і медсястра Марына Васілевіч.

Гэты дзень быў выбраны і заснаваны трыма арганізацыямі: міжнароднымі федэрацыямі таварыстваў Чырвонага Крыжа і арганізацый донараў крыві і Міжнародным таварыствам па пераліванні крыві. І гэта правільнае рашэнне, таму што нават само слова «донар» у перакладзе з лацінскай мовы азначае «дарыць», у нашым выпадку – дарыць жыццё. Мэта высакародная, справа міласэрная, а Дзень донара дае магчымасць выказаць падзяку людзям, якія добраахвотна дзеляцца сваёй крывёю, не атрымліваючы за гэта асобых узнагарод і адзнак. Прычым многія робяць гэта рэгулярна, не адзін раз на год.
Пытанне донарства крыві і яе кампанентаў важнае для дзяржавы і ключавое для нашай аховы здароўя. Па сутнасці, ад яго вырашэння вельмі часта залежыць сама магчымасць і якасць аказання высока-тэхналагічнай медыцынскай дапамогі і ў мірны час, і ў надзвычайных сітуацыях. Наўрад ці знойдзецца галіна медыцыны, якая не выкарыстоўвала б для выратавання жыцця і здароўя чалавека метад пералівання крыві і яе кампанентаў.
І яшчэ немалаважная акалічнасць, якая тычыцца здаровага ладу жыцця. Менавіта донар адказна ставіцца да свайго здароўя, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю і, адпаведна, невыпадкова лічыцца надзейным работнікам.
А для саміх донараў здача крыві з’яўляецца асэнсаваным праяўленнем дапамогі таму, хто трапіў у бяду, і пра нейкую матэрыяльную выгаду ад свайго кроку гэтыя высакародныя людзі не думаюць.
Не думалі пра яе і 102 нашыя землякі, якія сёлета прыходзілі ў кабінет трансфузіялагічнай дапамогі райбальніцы, каб здаць сваю кроў. Здаць бескарысліва, свядома, падзяліцца жыццём з зусім незнаёмымі людзьмі. А бывае, што донарамі становяцца пасля таго, як іх блізкіх выратавала чыясьці кроў. Сёлета трое ляхавічан менавіта такім чынам далучыліся да бескарыслівага донарства.
Што датычыць медыцынскіх работнікаў, то многія людзі ў белых халатах лічаць сваім абавязкам зноў і зноў паўтараць гэту гуманную працэдуру: загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Міхаіл Буйкевіч рабіў гэта ўжо 36 разоў, медсястра-анестэзістка Ларыса Кунцэвіч – 38. І спіс гэты можна працягваць.
Што можна адчуваць у дачыненні да чалавека, чыя кроў выратавала жыццё ці вярнула здароўе? Рытарычнае пытанне. Надта дарагі гэта дар, які зусім чужога робіць родным па крыві. Такая місія донара.

ФАКТ

Дарэчы, дарослы чалавек без небяспекі для жыцця можа страціць каля літра крыві. На станцыі пералівання звычайна донар здае 500 мілілітраў, і гэта колькасць аднаўляецца арганізмам вельмі хутка. Заадно атрымліваюць магутны стымул да работы эндакрынная і імунная сістэмы. Заўважана, што донары са стажам значна радзей прасту-джваюцца і хварэюць грыпам, а таксама пакутуюць анкалагічнымі і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Донарства станоўча ўплывае і на псіхічнае здароўе чалавека.

Андрэй КУРАК,
загадчык кабінета трансфузіялагічнай
дапамогі райбальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *