Ля шашы. Кропка на карце: Падсаколле Ляхавіцкага раёна
Каля 30 пастаянных жыхароў (карэнных можна пералічыць па пальцах адной рукі): старэйшай – 74 гады, малодшаму – месяц, няпоўныя два дзясяткі хат на адной вуліцы ў акружэнні гаманлівых лясоў і ціхіх палёў, на скрыжаванні дарог. На першы погляд, звычайны сельскі населены пункт. Калі б ні адно але: у пашпартах яго жыхароў – гэта вуліца Савецкая вёскі Вялікае Гарадзішча, але тутэйшыя, ды і большасць землякоў, называюць яе Падсаколлем.
Як не ўзгадаць легенду, што перадаецца тут з пакалення ў пакаленне. …Расійская імператрыца Кацярына ІІ праязджала на маскоўскім тракце (цяпер гэта старая Брэст-Маскоўская шаша). Разам са сваёй світай спынілася ў заезным двары. Пакуль людзі адпачывалі, паляўнічыя сокалы кудысьці зніклі. Вось і назвалі паселішча Падсаколлем. Паступова тут пачалі будавацца новыя дамы, а з заезнага двара вырасла цэлая вёска, якую з таго часу называлі таксама Падсаколлем. Хаця даўно афіцыйна населенага пункта з такой назвай на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна не існуе. Калі больш дакладна, то ў гаспадарчых кнігах, пачынаючы з 50-х гадоў мінулага стагоддзя, гэтая тэрыторыя адносіцца да вёскі Вялікае Гарадзішча.
Але і сёння перад уездам у вёску ўсталявана шыльда «Падсаколле». Такую назву маюць і бліжэйшыя аўтобусныя прыпынкі.
І няхай у 18 стагоддзі тут быў заезны двор, цяпер скрыжаванне можна лічыць месцам міжнароднага маштабу. З-за райпоўскага магазіна «Родны кут». Многія падарожнікі, якія праязджаюць па шашы, спыняюцца купіць што-небудзь, перакусіць ці папіць. Прадавец Тамара Столяр удакладняе: менавіта падарожнікі – асноўныя пакупнікі, хаця і мясцовыя краму не абмінаюць, сеё-тое нават просяць прывезці на заказ. Калі па нейкіх прычынах стацыянарны магазін не працуе, сюды чатыры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. На жаль, так і павісла ў паветры ідэя стварыць на базе гэтай крамы аб’ект прыдарожнага сэрвісу.
Як жа жыве насельніцтва Падсаколля, прабачце, вуліцы Савецкай Вялікага Гарадзішча?
Клопатаў у вяскоўцаў хапае ўвесь год, а летам іх прыбаўляецца. Па-майстэрску спраўляецца з плугам 28-гадовы Уладзімір Валуеў. Ён абганяе бульбу. Каня далі ў райаграсэрвісе, дзе мужчына працуе слесарам на МТК «Падбарочча».
– З такім памочнікам (ківае на трохгадовага сына), як мой Мікітка, любая справа ладзіцца, – смяецца Уладзімір.
Валуевы – сям’я мнагадзетная. Акрамя Мікіты тут выхоўваюцца дзевяцігадовы Сяргей, сямігадовая Ліка, пяцігадовы Арцём і маленькі Ванечка, ён нарадзіўся месяц назад.
– Цяжка? Не сказала б. Клопатаў шмат, часу не хапае, бясспрэчна, стамляюся, але ж…
сіл хапае на ўсё і ўсіх. Ды і муж у мяне малайчына. Медыкі прыязджаюць – урач, фельчар, патранажная медсястра. Старэйшыя дзеці бясплатна харчуюцца ў школе і дзіцячым садку. У нас усё добра, – сцвярджае мнагадзетная мама Оля.
Сусед Валуевых Аляксандр Гатоўчыц доўгі час жыў на Гродзеншчыне, потым вярнуўся дамоў даглядаць бацькоў, так і застаўся. На двары 68-гадовага гаспадара парадак, агарод праполаты. Успамінае, як з сябрамі штодня бегаў у школу-васьмігодку, што стаяла на Калёні (так тутэйшыя называюць месца, дзе калісьці сяліліся палякі). Вучняў было шмат, у кожным патоку па два класы. Цяпер ў пераемніка – Малагарадзішчанскага ВПК – 102 выхаванцы. Аляксандра Васільевіча ўсё задавальняе, праўда ёсць праблемы са здароўем – гіпертанія замучыла. Даводзіцца нават «хуткую» выклікаць.
А вось яго аднавяскоўка Валянціна Куніцкая з гонарам заяўляе:
– Дзякуй Богу, здароўе, нягледзячы на мае 74 гады, добрае. Хай маладыя зайздросцяць.
І спраўна зацягвае нітку ў іголку швейнай машынкі. Яна з маладосці шые – на заказ і для сябе. Расказвае пра вясковых модніц, якія прыбягалі да яе заказаць сукенку, спадніцу, асабліва, калі з’явіўся крымплен, а гатовых рэчаў у магазінах было мала.
Валянціна Рыгораўна – цікавая і няўрымслівая аптымістка. Але нават сёння гатова заплакаць, калі ўспамінае, як чакала свайго Юрыка – сын служыў у Афганістане. Цяпер Юрый жыве ў Ляхавічах, дачка ў Баранавічах, дзеці часта прыязджаюць да маці, дапамагаюць. Не забываюць і ўнукі.
Яшчэ адно захапленне жанчыны – кветкі. У хаце пышна квітнее герань і на вуліцы якіх толькі няма.
Грэецца на сонейку налітая ў вёдры вада, чакаюць свайго часу бутоны лілій, акуратна скошана трава. У садзе роўнымі радамі выстраіліся кусты і дрэвы. Гэта падворак дома №8. Усё акуратна, дагледжана, як без малога трыццаць гадоў назад,
калі мне давялося гуляць на вяселлі адной з чатырох дачок гаспадыні Ядвігі Лапіч – Таццяны, даўно ўжо Таццяны Сяргееўны, выхавальніцы Ліпскага дзіцячага сада.
…Дваццацігадовая Ядзя, студэнтка-завочніца Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, узначаліла малочнатаварную ферму эксперыментальнай базы «Малагарадзішчанская» і працавала на гэтай пасадзе
35 гадоў. Патрабавальная, але справядлівая, строгая, але добразычлівая – такой запомнілі яе жывёлаводы. Гэта прафе-сійныя акалічнасці. Ёсць яшчэ і жыццёвыя. У адзін момант у свае 25 яна стала маці трох
дачушак. У двухгадовай Танюшкі, якую маладая жанчына гадавала адна, з’явіліся сястрычкі – дзевяцігадовая Света і шасцімесячная Ніначка: Ядвіга выйшла замуж за ўдаўца Сяргея
Лапіча. Потым нарадзілася Ларыса. Дарэчы, трое з чатырох выбралі медсястрынскую прафесію. Для дачок бацькоўскі дом быў і застаецца самым родным і блізкім, дзе іх заўжды чакаюць.
– Прыязджайце ў госці, калі ліліі зацвітуць. Прыгажосць – не налюбавацца, – ветліва запрашае гаспадыня на развітанне.
Па вуліцы хочацца крочыць няспешна, каб удосталь адчуць ні з чым не параўнальны водар свежаскошанай травы ў аздабленні язміна.
Вось і застылы ў бронзе салдат-вызваліцель – помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай.
Пяхота, танкі, авіяцыя… у першыя дні вайны ў чэрвені 1941 года тут ішлі жорсткія баі. На гранітнай пліце надпіс (цытую даслоўна): «На брацкай магіле ў Падсаколлі №111 увека-вечыць прозвішчы загі-
нуўшых абаронцаў Айчыны: сяржант Жукаў В.А., радавы Марчанка С.А., радавы Чакуноў С.Г…»… усяго 19 прозвішчаў.
Тут заўжды прыбрана, кветкі, вянкі.
А насупраць як сімвал міру і шчасця прыгажун-бусел ахоўвае сваё гняздо.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.