Лета звонкае кліча нас

Яшчэ літаральна тыдзень, і пачнецца доўгачаканая пара школьных канікулаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі марылі пра яе, без перабольшвання, з пачатку навучальнага года. Нарэшце яны адпачнуць ад заняткаў, ледзь не цэлы дзень змогуць праводзіць на свежым паветры, купацца, адправяцца ў вандроўкі па турыстычных сцяжынках, пазнаёмяцца з прыгожымі краявідамі і гістарычнымі мясцінамі Ляхавіччыны, іншых куточкаў Беларусі.

Па-ранейшаму адзін з самых папулярных сярод мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак — адпачынак у прышкольных лагерах і любімай усімі «Чайцы». Гэты аздараўленчы лагер настолькі запатрабаваны, што адно ўзгадванне яго назвы выклікае ў рабят і іх бацькоў станоўчыя эмоцыі. Кожная змена ў гэтым маляўнічым куточку непадобная на іншую.

Фантазія ў тутэйшых важатых і выхавальнікаў надзвычай багатая, таму з першага да апошняга дня ўсіх 4-х змен (працягласць кожнай — 18 сутак) жыццё ў лагеры насычанае, багатае на разнастайныя цікавыя па-дзеі, конкурсы і сустрэчы. Тут усё, як у вялікай дружнай сям’і: разам выходзяць на працоўны дэсант, разам загартоўваюцца, аргані-  зоўваюць і праводзяць мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы. Для кожнага знойдзецца занятак па душы з улікам інтарэсаў і схільнасцяў.

Акрамя ўсяго іншага, лагер — гэта выдатная педагагічная практыка і магчымасць для студэнтаў ССНУ і ВНУ, якія працуюць тут у якасці педагогаў, павучыцца ў больш вопытных калег. І не дзіўна, што раз’язджаюцца і рабяты, і дарослыя са слязамі на вачах — так цяжка ім развітвацца.

Немалая заслуга ў паспяховай рабоце летніка — педагога з вялікім стажам і важкім багажом ідэй, шматгадовага дырэктара Надзеі Патапчык. Яна заўсёды падтрымлівае ў пачынаннях сваіх маладых калег, дапамагае і словам, і справай.

Як сёлета дарослыя падрыхтаваліся да летняга дзіцячага адпачынку? Як падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч, галоўнае — стварыць у летніках належныя санітарныя і бытавыя ўмовы для паўнацэннага дзіцячага адпачынку.

Сёлета для 1475 рабят розных узростаў (менавіта столькі плануецца аздаравіць за 3 месяцы) на Ляхавіччыне будуць працаваць 18 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем на базе ўсіх сярэдніх школ раёна (за выключэннем Навасёлкаўскай СШ, у якой запланаваны рамонтныя работы). Акрамя таго, ва ўсіх 4  дашкольных установах горада будуць створаны кругласутачныя лагеры, дзе падчас адной змены працягласцю 18 дзён плануецца адпачынак каля 100 шасцігодак. У «Чайцы» за 4 змены паправяць здароўе і адпачнуць каля 400 юных ляхавічан.

— Усё большую папулярнасць заваёўваюць профільныя кругласутачныя лагеры са зменай 9 дзён для рабят, якіх аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы і схільнасці. Так, другі год запар на базе Дараўскага ДС-СШ будзе працаваць лагер з кругласутачным знаходжаннем «Эўрыка», дзе адпачываць і сама-ўдасканальвацца ў прадметах лінгвістычна-матэматычнага профі-лю будуць адораныя рабяты ўсяго раёна. Тут таксама будзе дзейнічаць і абаронча-спартыўныя лагер «Выратавальнік», арганізаваны сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях для старшакласнікаў. За змену ў ім адпачнуць і паглыбяць веды па вышэй згаданых накірунках 40 падлеткаў, — расказала Святлана Юрлевіч.

Не застануцца сам-насам і аматары вандровак, сярод іх папулярны і запатрабаваны перасоўны палатачны лагер «Рабінзоны», арганізатарам якога з’яўляецца цэнтр турызму і краязнаўства. Падлеткі, якія цікавяцца падарожжамі і краязнаўствам, з задавальненнем браніруюць сюды пуцёўкі. Надыходзячым летам у «Рабінзонах» адпачнуць 20 старшакласнікаў. Для юных спартсменаў канікулы — таксама любімая пара, але многія не збіраюцца заставацца без трэніровак.

Іх жаданне ўлічана: такую магчымасць дае спартыўны лагер, які функцыянуе на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Як расказала дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч, сёлета за 3 змены (па 9 дзён кожная) з кругласутачным знаходжаннем тут плануюць прыняць 168 юных аматараў спорту і здаровага ладу жыцця, яшчэ 100 рабят адпачнуць у дзённым спартыўным летніку на базе ДЮСШ.

Для работы ва ўсіх лагерах падабраны выхавальнікі і важатыя — лепшыя педагогі і студэнты-практыканты. Як адзначыла Святлана Юрлевіч, усяго ў лагерах ад-дзела адукацыі будзе працаваць каля 250 педагогаў, з якіх 62 — у «Чайцы». Конкурсы і віктарыны, вандроўкі і падарожжы, тэматычныя дні і сустрэчы, экскурсіі і заняткі ў гуртках, дыскатэкі і танцавальныя праграмы, спартландыі і «Зарніца» — далёка не поўны пералік таго, што чакае хлопчыкаў і дзяўчынак. Не варта хвалявацца бацькам пра харчаванне і здароўе дзяцей. Побач з рабятамі заўжды будуць медыкі. А повары парадуюць традыцыйна разнастайным меню і смачнымі стравамі.

На пачатку гэтага тыдня на апаратным пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне арганізацыі сёлетняй аздараўленчай кампаніі. Пра гатоўнасць летнікаў да адкрыцця сезона расказала Святлана Юрлевіч. Пра неабходнасць стварэння бяспечных умоў для здароўя рабят і выкананне санітарна-эпідэмічных нормаў і правілаў гаварылі галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў і намеснік галоўнага ўрача райбаль-ніцы Міхаіл Куляшоў. Ішла размова  пра важнасць прафілактычнай работы сярод дзяцей і дарослых, бо бяспека — агульная справа.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб дзеці не толькі весела, цікава і змястоўна правялі летнія канікулы, але каб паправілі здароўе і, галоўнае, — каб не здарылася ня+шчасных выпадкаў. «Дзеці — наша галоўнае багацце, і задача дарослых, зрабіць іх адпачынак толькі карысным, каб бацькі не хваляваліся, адпраўляючы дзяцей у летнікі», — зазначыў старшыня райвыканкама.

Дарэчы, пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку ў лагерах, як і арганізацыйнага  характару, вырашаюцца паспяхова. Усяго на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аздараўленчых лагераў сёлета з раённага бюджэту выдаткавана 156 мільёнаў рублёў. На падрыхтоўку «Чайкі» да пачатку сезона зрасходавана больш за 80 мільёнаў рублёў. Прычым, касметычны рамонт рабілі без прыцягнення будаўнікоў — уласнымі сіламі. Закупляюцца спартыўны інвентар, настольныя гульні, плануецца набыць спартыўна-гульнёвы комплекс, а, магчыма, нават катамаран.

Што датычыцца кошту пуцёвак, то яны падаражэлі, аднак, застаецца нязменным тое, што большую частку расходаў на іх набыццё возьме на сябе дзяржава. Так, кошт пуцёўкі ў «Чайку» вагаецца ў залежнасці ад узросту дзіцяці ад 1382550 да 1445010 рублёў (бацькоўская даплата складае, адпаведна, ад 150 000 да 170 000 рублёў). За 9 дзён у «Рабінзонах», «Эўрыцы», «Выратавальніку» бацькам давя-дзецца заплаціць каля 160 000 рублёў, пуцёўка каштуе прыкладна 390 000 рублёў. У прышкольных лагерах за 18 дзён бацькоўская даплата складзе 88520 рублёў. Дарэчы, сума бацькоўскай даплаты за пуцёўкі ў летнікі Ляхавіччыны значна ніжэй, чым у іншых раёнах Брэстчыны. Дарослыя пастараліся, каб лета для рабят было цікавым і захапляючым. Якім будзе сёлетні летні адпачынак, пакажа час, а пакуль  — аб’яўлены чарговы збор у летнікі. Адпачнуць рабяты добра, значыць, і вучыцца будуць добра.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *