Поле шукаў – паляшук

Пра начальніка УП «Ляхавіцкае ПМС» Валерыя Богната можна гаварыць як пра асобу неардынарную. У яго ёсць свой пункт гледжання, які ён заўсёды пераканаўча аргументуе.

Ён умее ўдумліва планаваць, пры дапамозе хіба толькі яму вядомай формулы можа пралічыць сітуацыю на перспектыву. Але больш за ўсё вымушае ставіцца да яго з павагай  захапленне гэтага чалавека справай, якой служыць — прафесіяй меліяратара.

Напэўна таму, што вырас на Палессі, з малых гадоў ведае праблемы «людзей на балоце», заўсёды  хацеў дапамагчы сваім землякам «жыць на зямлі». «Хто такі паляшук? — задае пытанне Валерый Уладзіміравіч і сам адказвае:  — Той, хто поле шукаў»… Ён некалі і пайшоў у меліяратары, каб знайсці тое поле — бяскрайняе і ўрадлівае, на якім колас у час спеласці пад цяжарам зярнят хіліцца долу.

Колькі такіх бясцэнных гектараў падарыў хлебаробам калектыў, які ўзначальвае Богнат! Дарэчы, за 8 гадоў працы на Ляхавіччыне кіраўніком прадпрыемства Валерый Уладзіміравіч са-браў вакол сябе аднадумцаў, лю-дзей адданых справе, зацікаўленых ёю. У прамым сэнсе слова — сабраў, бо да яго прыходу ад калектыву меліяратараў амаль нічога не засталося: высокакваліфікаваныя экскаватаршчыкі, бульдазерысты, трактарысты разышліся ў пошуках зарплаты.

Цяпер ужо можна прызнацца: калі Валерый Уладзіміравіч узначаліў ПМС, асаблівай упэўненасці ў тым, што ён падніме на ногі прадпрыемства і выведзе яго «ў людзі», не было. А ён даказаў усім: калі адносіцца да справы па-гаспадарску, калі не таптацца на месцы, а мысліць, як таго па-трабуе час, — усё атрымаецца. Пад ляжачы камень вада не цячэ — з гэтым згодны начальнік  Ляхавіцкага ПМС, які пастаянна ў пошуку аб’ёмаў работ для свайго прад-прыемства.

Нехта іншы, магчыма, спакойна кіраваў бы скарочаным удвая калектывам, асвойваў бы планава выдаткаваныя грошы, плаціў людзям мізэрную зарплату. Але гэта не з характарам Валерыя Богната, якому трэба пастаянна ісці наперад, дабівацца высокай прадукцыйнасці працы, укараняць новыя тэхналогіі. Летась, напрыклад, ПМС асвоіла 5,5 мільярда рублёў капіталаўкладанняў, выпрацоўка на аднаго работніка склала 95 мільёнаў рублёў. Прадпрыемства па выніках мінулагодняга працоўнага спаборніцтва стала другім у вобласці, за ім стабільна замацаваўся статус  аднаго з лепшых  у сістэме меліярацыі.

А Богнат выношвае мару ўмацаваць імідж прадпрыемства. Ён перакананы, што дабіцца гэтага можна. Будучыня — за новымі тэхналогіямі, якія патрэбна пастаянна ўкараняць у вытворчасць. Для ПМС — гэта ўкамплектаванне машынна-трактарнага парка сучаснай тэхнікай. Сёння экскаватаршчыкі і бульдазерысты амаль усе працуюць на тэхніцы новага пакалення айчыннай вытворчасці — камфартабельнай і высокапрадукцыйнай. Узяты курс на абнаўленне тэхнікі працягваецца, і яго вартасць працаўнікі адчулі найперш на зарплаце.

Зразумела, па працы  і пашана. Аляксандр Гутырчык мае нагрудны знак дэпартамента «Ганаровы меліяратар», як і Іван Краўчук, прыйшла вестка аб узнагароджанні знакам і Міхаіла Дзянішчыка. Не адстаюць ад сваіх калег Уладзімір Халецкі, Анатоль Цімашкевіч, заўсёды можна спадзявацца на выдатную работу зваршчыка Мікалая Якоўчыка і токара Вацлава Геруса. Вельмі адказна ставяцца да сваіх абавязкаў інжынерна-тэхнічныя работнікі, сярод якіх Ніна Клявец, Наталля Брэзіна і іншыя.

Пры падборы кадраў Валерый Богнат карыстаецца яшчэ адным правілам: лепш менш, ды лепш. Маецца на ўвазе майстэрства, прафесіяналізм і адказнасць будучага члена калектыву. Ён з вялікім задавальненнем прыме замест некалькіх «так сабе» аднаго работніка — стараннага і нераўнадушнага, дасць яму магчымасць зарабіць добрыя грошы. Напрыклад, прыйшоў на работу ў ПМС малады чалавек Сяргей Сайко. Спачатку быў радавым рабочым, пасля атрымаў прапанову сесці за штурвал экскаватара. Валерый Уладзіміравіч разглядзеў у гэтым маладым чалавеку будучага выдатнага спецыяліста.

Дарэчы, не памыліўся: сёння Сяргей у ліку лепшых экскаватаршчыкаў ПМС. У свой час такі негалосны экзамен здаваў і Андрэй Лашко, які сёння за выдатныя вынікі работы мае павагу і пашану ў калектыве. А  Андрэю Домашу давераны новы бульдозер, на якім ён перавыконвае дзённыя заданні.

Сур’ёзныя патрабаванні, строгая дысцыпліна падабаюцца не ўсім. Былі выпадкі, калі прэтэндэнты на рабочае месца адмаўляліся ад яго адразу пасля субяседавання, а то, пасля роздуму, зноў прасіліся ў калектыў і сёння працуюць паспяхова. Наогул, да маладых спецыялістаў у Богната адносіны асобыя. Калі бачыць старанне і імкненне па-сапраўднаму авалодаць прафесіяй, ён ідзе насустрач, вучыць, дапамагае. Прычым, зусім не важна, ці застанецца ў перспектыве гэты малады спецыяліст на яго прадпрыемстве. Вось як у гэтым выпадку.

Па размеркаванні трапілі на практыку ў Ляхавіцкае ПМС Ірына Садоўская і Таццяна Кузьміч, якія працуюць майстрамі. Дзяўчаты па-сапраўднаму імкнуцца авалодаць прафесіяй меліяратара, вельмі стараюцца атрымаць практычныя навыкі і маюць у гэтым значную падтрымку, слушныя рэкамендацыі начальніка. Валерый Уладзіміравіч лічыў бы за вялікую ўдачу, каб гэтыя спецыялісты засталіся працаваць у яго калектыве. Але так не атрымліваецца, і ён адпраўляе іх са спакойнай душой, маўляў, за іх прафесіяналізм яму сорамна не будзе, дзе б яны ні працавалі.

Ляхавіцкае ПМС актыўна ўключылася ў выкананне мерапрыемстваў, запланаваных праграмай «Захаванне і выкарыстанне меліярацыйных зямель у Ляхавіцкім раёне на 2011-2015 г.г.», якая прадугледжвае 4 накірункі дзейнасці: рэканструкцыя меліярацыйных зямель, аграмеліярацыйныя мерапрыемствы, рамонтныя работы на каналах, догляд сетак. Ужо сёння 200 гектараў рэканструяваных зямель, што ва ўрочышчы «Крывыя Лозы», атрымалі ў карыстанне свяцічане і ўключылі іх у севазварот. Там жа яшчэ на 200 гектарах праве-дзены культуртэхнічныя мерапрыемствы. Упарадкуюцца каналы, рамантуюцца гідра-тэхнічныя збудаванні, помпавыя станцыі і г.д. Аднак, работа ў раёне — толькі частка тых   аб’ёмаў, з якімі можа паспяхова справіцца прадпрыемства. Вось чаму Валерый Уладзіміравіч у пошуках аб’ектаў для ПМС па-за межамі Ляхавіччыны.

Сёння экскаватаршчыкі, бульдазерысты, трактарысты вахтавым метадам працуюць у Лунінецкім раёне, Радашковічах, Вілейцы, Нясвіжскім раёне. Зразумела, што ёсць свае складанасці, нязручнасці, аднак, калектыў цвёрда засвоіў простую і справядлівую ісціну: зарплату трэба зарабіць.

У нялёгкай справе меліяратараў ёсць і прыемны маральны аспект, які з’яўляецца стымулам у працы і гонарам калектыву: яны даюць хлебаробу новыя высокаўраджайныя гектары, на якіх вырошчваецца хлеб. Паляшук больш не шукае зямлі, ён шчыра на ёй працуе.

Аліна ЛАПІЧ

One thought on “Поле шукаў – паляшук

  • 04/06/2012 в 21:39
    Permalink

    Дык вось хто спляжыў нашы малыя рэкі і балоты! А і колас на фота ня хіліцца, максімум цімафееўка расьце….

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *