Жарабковічы – “алімпійская” кропка

Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці працягвае правядзенне спартыўна-адукацыйнай акцыі «Алімпізм і моладзь». Новай «алімпійскай» кропкай на спартыўнай карце рэгіёна стаў Ляхавіцкі раён: на базе Жарабковіцкай сярэдняй школы прайшло алімпійскае свята, пры-свечанае Гульням ХХХ Алімпіяды ў Лондане.

Тры клубы «Юны алімпіец» (а ў госці да гаспадароў прыехалі юныя спартсмены з Начаўскай і Навасёлкаўскай сярэдніх школ) прынялі ўдзел ва ўрачыстым парадзе. Лепшыя спартсмены школы вынеслі флаг НАК Беларусі і сімвалічны алімпійскі факел, а юныя артысты парадавалі гасцей і ўдзельнікаў творчымі нумарамі.

Насычанай была і спартыўна-адукацыйная праграма акцыі: сваю хуткасць, спрыт і трапнасць рабяты праявілі ў алімпійскай спартландыі, а творчыя здольнасці і веды ў алімпійскай віктарыне.

Прыемным дапаўненнем да праграмы стаў прагляд фільма аб дзейнасці НАК Беларусі і алімпійская аўтограф-сесія, якую правяла для юных спартсменаў чэмпіёнка свету па акадэмічным веславанні, удзельніца Гульняў ХХVІІ Алімпіяды 2000 года ў Сіднеі, майстар спорту міжнароднага класа Ірына Базілеўская.

Пераможцы і прызёры конкурсаў атрымалі ад Прадстаўніцтва НАК салодкія прызы і сувенірную прадукцыю, фотаальбомы «Брэстчына алімпійская», а таксама сертыфікаты ўдзельніка акцыі «Алімпізм і моладзь», плакаты са спартсменамі-алімпійцамі Брэстчыны і календары Алімпійскіх гульняў, распрацаваныя і выпушчаныя Прадстаўніцтвам спецыяльна да Гульняў у Лондане.

Ірына АЛЬШОВА,
прэс-сакратар Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *