На ляхавіцким льнозаводзе знайшлі альтэрнатыву газу
Лён даўно, трывала і небеспадстаўна асацыіруецца ў якасці аднаго з нашых сімвалаў ці візітных картак. Як і, у працяг сельскагаспадарчай тэмы скажам, бульба альбо той жа белы бусел на жніўным полі. Бясспрэчна, аднак, і тое, што за апошнія гады “льняная візітоўка” ў цэлым Беларусі і асобных яе раёнаў-рэгіёнаў прыкметна страціла ў сваёй колішняй маштабнасці. Мае месца высокая затратнасць вытворчасці пры, наадварот, незаўсёды належнай якасці канчатковага прадукту. Што, канешне, негатыўным чынам адлюстроўваецца на яго канкурэнтаздольнасці. Эканамічныя, тэхналагічна-тэхнічныя, арганізацыйныя і шэраг іншых пытанняў сталі таму прычынай. Аднак факт: нягледзячы на рознага роду дзяржаўны пратэкцыянізм, думаецца, большасць прадпрыемстваў, структур і падраздзяленняў галіны, мякка скажам, зорак з нябёс не хапае.
Няпростая сітуацыя і на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Сезон нарыхтовак атрымаўся, увогуле, паспяховым. Асабліва ў плане аб’ёмаў назапашанай сыравіны. У той жа час, недахоп абаротных сродкаў, маральная састарэласць і матэрыяльная зношанасць асноўнай тэхналагічнай лініі, некаторыя іншыя моманты і фактары не дазваляюць вывесці эканоміку прадпрыемства на жаданы ўзровень. Нягледзячы на арганізацыйныя намаганні, выключную ашчаднасць у вядзенні вытворчага працэсу, аптымальна магчымую эканомію матэрыяльных рэсурсаў. Мэта: максімальнае, аднак, не ва ўрон спажывецкім характарыстыкам канчатковага прадукту, зніжэнне выдаткаў на яго вытворчасць.
У сабекошт любой рэчы “закладзены” і значныя энергетычныя выдаткі, выкарыстаныя ў працэсе яе вытворчасці. Электрычная энергія, цеплавая. З першай коратка і пачнём. Што першасная льноперапрацоўка, а іменна ў тым вытворчае прызначэнне ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, патрабуе выкарыстання значных аб’ёмаў электрычнай энергіі, – аксіёма. Варта пабываць у цэху, каб пачуць і пабачыць. Канвеерныя стужкі, разнастайнага прызначэння вентылятары, многія іншыя машыны і механізмы прыводзяцца ў дзеянне з дапамогай электрычных матораў. Як правіла, досыць магутных і, адпаведна, такіх жа “апетытных” у плане спажывання электраэнергіі. Раней таксама, аднак магчымасць асабліва шчыльна заняцца пытаннямі эканоміі электрычнасці на заводзе з’явілася параўнальна нядаўна — некалькі гадоў таму, з увядзеннем у дзеянне так званай модульнай кацельні, якая ўзяла на сябе ўсю нагрузку па ацяпленні жылога пасёлка. Расходныя рабочыя параметры заводскай кацельні, што да таго працавала на “два франты”, адпаведна, зменшыліся. У сувязі з гэтым была праведзена і аптымізацыя электрамашын пад новыя ўмовы работы. Крывая спажывання электраэнергіі пайшла ўніз. У дадатак да чаго ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” пэўную частку прывадаў тэхналагічнага абсталявання цэха аснасціў так званымі частотнымі пераўтваральнікамі. Такім чынам, рэальнасцю стала дыферэнцыраванае спажыванне электраэнергіі ў залежнасці ад патрэбнасцяў нагрузкі ў даны канкрэтны момант і іншае. Адно да другога, і каэфіцыент энергазберажэння прадпрыемства па выніках работы ў мінулым годзе склаў -16,6 працэнта ў параўнанні з годам 2008. Пры тым, што папярэдняя задача стаяла дасягнуць адзнакі -12.
Шырокая ў выкарыстанні, лён – культура яшчэ і ці не безадходная. У тым сэнсе, што пабочныя прадукты яго перапрацоўкі знаходзяць гаспадарчае (ці гаспадарскае, больш правільна) выкарыстанне.
У залежнасці ад якасці зыходнага матэрыялу, 44-50 працэнтаў ільновалакна можна атрымаць з кожнай тоны трасты ў выніку яе перапрацоўкі. Астатняе – кастрыца. На ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” гэты пабочны матэрыял прыстасаваліся выкарыстоўваць у якасці энерганосьбіту. Ды так трывала, што, у прыватнасці, апошнім часам кастрыца стала абсалютнай альтэрнатывай прыроднаму газу ці іншаму віду паліва. Адзін з цеплагенератараў заводскай кацельні быў прыстасаваны для работы іменна на кастрыцы. У штатным рэжыме матэрыял пры дапамозе пнеўматранспартнай сістэмы паступае ў кацельню непасрэдна з вытворчага цэха. Згарае, а выдзеленага цяпла хапае для вытворчасці тэхналагічнай пары, ацяплення адміністрацыйнага будынка, бытавых памяшканняў і, часткова, прамысловага цэха. Хоць у асабліва марозныя дні гэтай зімы падобнае правіла працавала не заўсёды. Па словах дырэктара льнозавода Аляксандра Бурбіцкага, часам адчуваўся дэфіцыт кастры, даводзілася пераразмяркоўваць. У цёплы перыяд, наадварот, застаецца і на іншыя мэты. Напрыклад, прадугледжаны накапляльнік “да запатрабавання”, вядзецца яе продаж сельгаспрадпрыемствам, іншым, хто мае ў тым патрэбу, і г.д.
Дарэчы, дзённая, калі так можна сказаць, вытворчасць кастры на заводзе складае прыкладна 10-11 тон.
Акрамя прамой эканоміі, звязанай з адсутнасцю расходаў на набыццё энерганосьбітаў, варта звярнуць увагу і на іншы момант. Менавіта: адпадае неабходнасць траціцца на правядзенне работ і мерапрыемстваў па яе ўтылізацыі. Расходныя артыкулы, канешне ж, не параўнальныя, аднак, адно да другога. Чым не альтэрнатыўны від паліва?
Іван КАВАЛЕНКА.
ну,что же?Молодцы!))