Кветкі для медыкаў. Напрыканцы мінулага тыдня ў Ляхавічах людзі ў белых халатах адзначылі прафесійнае свята

Такімі прыгожымі, творчымі і яркімі нашых медыкаў даводзіцца бачыць не часта. Мы прывыклі да іншага: строгіх белых халатаў, дзелавой засяроджанасці і адначасова спагадлівай добразычлівасці – іх прафесія абавязвае да такога раскладу.

Але ў мінулую пятніцу нашы медработнікі дазволілі сабе быць крыху больш усмешлівымі, гучнымі і прыметнымі, чым звычайна. І на гэта мелася важкая нагода – урачысты сход, прымеркаваны да прафесійнага свята. У гарадскім Доме культуры сабраліся прадстаўнікі розных медыцынскіх пакаленняў, у тым ліку ветэраны і тыя, хто толькі ступіў на прафесійны шлях, прадстаўнікі гарадскіх і сельскіх медустаноў, урачы, медыцынскія сёстры, фельчары, малодшы медперсанал.
Ад імя раённай улады да работнікаў устаноў аховы здароўя звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, уручыла ўзнагароды райвыканкама і райсавета дэпутатаў. Ад душы віншаваў калег галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч. На сцэну падымаліся лепшыя медыкі – тыя, хто служыць прыкладам прафесіяналізму і актыўнай грамадскай пазіцыі. Вельмі аптымістычны момант – на сцэне маладое медыцынскае папаўненне. Толькі летась на работу ў розныя падраздзяленні ЦРБ прыйшло больш за 40 маладых спецыялістаў.
Дарэчы, свята стала чарговай цудоўнай магчымасцю пераканацца: сярод медыцынскіх работнікаў нямала творчых і таленавітых асоб. Гэта пацвердзіла і выстава-конкурс кветкавых кампазіцый, для якой з самых звычайных раслін з дапамогай умелых рук і фантазіі былі створаны арыгінальныя «букеты» – пастараліся ўсе медустановы ЦРБ.
А яшчэ аказалася, што тыя, каму мы давяраем сваё здароўе, здольны здзівіць выдатным вакалам. Самыя гучныя апладысменты за канцэртныя нумары, без перабольшання, дасталіся калегам, якія не пабаяліся ўзяць у рукі мікрафон і праспяваць. Сярод такіх, напрыклад, і прафсаюзны лідар ляхавіцкіх медыкаў – урач-оталарынголаг Васілій Гарбачоў.
Вялікую колькасць віншаванняў нашы медыкі атрымалі і ў святочную нядзелю, у тым ліку ад сваіх пацыентаў.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. Больш фота тут

Фрагменты свята. Узнагароды калегам уручыў галоўны ўрач Георгій Хлябовіч

Сярод узнагароджаных – загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі ЦРБ Сяргей Памазанскі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *