Зрабіць мару явай. Актыўная, творчая, нераўнадушная моладзь Ляхавіцкага раёна
Партрэтная галерэя моладзі Ляхавіцкага раёна
- Уся ў творчасці, і творчасць ёй да твару – гэта пра Аляксандру Абрамаву з Тухавіч. У свае 24 гады яна можа пахваліцца салідным музычным стажам. З дзяцінства захапляецца ігрой на фартэпіяна – закончыла мясцовую школу мастацтваў, вучылася па спецыяльнасці «дырыжыраванне» ў Баранавіцкім дзяржаўным музычным каледжы, а сёння ў роднай вёсцы, у роднай музычнай школе выкладае сальфеджыа. З пяшчотай расказвае пра сваіх выхаванцаў, пра тое, як вучыць іх бачыць прыгажосць, і шчаслівая ад таго, што разам з імі атрымлівае асалоду ад любімай справы.
Аляксандра адна з галасістых салістак аматарскага калектыву мастацкай творчасці «Альшанка» Востраўскага СДК, спявае і ў жаночым ансамблі «Гармонія» Тухавіцкага СДК. Дарэчы, у апошнім па сумяшчальніцве працуе і мастацкім кіраўніком. Гэта далёка не ўвесь спіс яе прыярытэтаў. Вырашыла ажыццявіць мару дзяцінства – дапамагаць іншым умацоўваць здароўе, сачыць за прыгажосцю фігуры. Яна студэнтка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучыцца на інструктара-метадыста ЛФК. А яшчэ Аляксандра Абрамава прызнаецца ў шчырай любві да сваёй малой радзімы – гэта бясконцая крыніца натхнення і творчых сіл.
- Брыгадзір малочна-таварнай фермы «Чашчы» Максім Нічыпарэнка, нягледзячы на малады ўзрост – яму 23 гады – паспеў папрацаваць тут ветэрынарным фельчарам. І ўжо крыху больш за год узначальвае МТФ. Участак працы не малы: вялікі дойны статак, гадуецца сотня цялятаў. Клопатаў хапае, але гэта падабаецца маладому загадчыку. Ён прызнаецца, што з такім цудоўным калектывам, дзе кожны імкнецца адзін аднаго падтрымаць, працаваць значна лягчэй. Адчуванне ўпэўненасці спрыяе выніку.
- Гэтыя маладыя людзі свой участак работы ведаюць ад «а» да «я». Абодва юнакі працуюць у цэху поліэтылену ТАА «Трансэлектракамплект»: Яраслаў Кручок – машыніст экструдара, Яўгеній Максімчык – апрацоўшчык вырабаў з пластмасы. Іх агульны працоўны стаж – каля 10 гадоў. Як падрыхтаваць сыравіну да экструзіі, сам працэс экструзіі і апрацоўка сыравіны з палімераў ліццём – поле іх дзейнасці. І спраўляюцца хлопцы выдатна, адзначае начальнік вытворчасці Віктар Матчэня. Дарэчы, на прадпрыемстве працуе бацька Жэні – Анатолій Максімчык, ён і пазнаёміў сына з вытворчым працэсам. А Яраслаў Кручок, калі даведаўся, што тут ёсць вакантнае месца, уладкаваўся без ваганняў і ў добрых умовах працы
на «Трансэлектракамплекце» пераканаўся асабіста. - Ні свет ні зара, на гадзінніку каля 5.00 – а яны ўжо на ранішняй дойцы. Паспаць даўжэй і паваляцца яшчэ хвілінак дзесяць у цёплым ложку – гэта не пра аператараў машыннага даення Лілію Жыжэмскую, Анжаліку Касцюк, Марыну Буйкевіч з МТФ «Чашчы» ААТ «Жарабковічы». Яны ведаюць: на ферме іх чакаюць больш за паўтысячы рагуль, і кожная патрабуе ўвагі. Але дзяўчаты складанай сваю справу не лічаць, проста працуюць – адказна, рупліва і, канешне, з любоўю да сваіх падапечных. Марына, Лілія, Анжаліка пазіруюць на фотакамеру – яны такія прыгожыя, характарныя і вельмі харызматычныя маладыя асобы!
- Прыгожа і гарманічна выглядае гэта пара. Анастасію Шахмуць і Аляксея Чыркуна часта можна ўбачыць на самых розных мерапрыемствах. Насця працуе выхавальнікам, настаўнікам інтэграванага класа ў Падлескім ВПК, імкнецца ўдзельнічаць у культурным жыцці раёна, а яе малады чалавек Аляксей заўсёды побач, падтрымлівае не толькі па жыцці, але і падчас выступленняў. Усё самае цікавае ў іх наперадзе.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.