А Станчыкі – са Станчыкоў. Кропка на карце: Станчыкі

Пачуўшы на вуліцы чужыя галасы, баба Волька выйшла ў двор. У Станчыках звычайна цішыню парушаюць рэдкія машыны і спеў вясковага гадзінніка – пеўня. А тут ля яе дома разгарнулася сапраўдная фотасесія: у населены пункт, які стаў чарговым адрасам праекта «ЛВ» «Кропка на карце», завіталі газетчыкі.
Станчыкі – кропка адметная. І не толькі асаблівай вясковай утульнасцю, апранутасцю ў зеляніну, а і колькасцю жыхароў. Сёння тут зарэгістраваны… два чалавекі – Вольга Булатая і Раіса Станчык. Дзе нарадзіўся там і згадзіўся – як раз пра іх. Як гэта – быць гаспадынямі цэлай вёскі – бабулі падзяліліся з карэспандэнтам раёнкі.

Дарагая баба Волька
Жыццё пражылі – багацця не нажылі, расказвае Вольга Булатая. Некалі вёска была на паўсотні дамоў, і ў кожным не па адным дзіцяці. Усе пры справе. Кароў пасвілі, агарод палолі-палівалі, слалі-падбіралі лён, шчыравалі з бацькамі ў полі і г.д. А калі вольная хвіліна – гайда на Ведзьму, што пракладае сабе дарогу недалёка ад вёскі. Тады рака была паўнаводнай і рыбнай, нават бабры вадзіліся.
Вольга Іосіфаўна скончыла толькі два класы. Чытаць навучылася па газетах, а навуку пісьма не адолела. І зараз, кажа, як напішу, потым разабраць не магу. А чытае, дарэчы, у свае за 90 без акуляраў. Што тут жа і прадэманстравала, трымаючы ў руках чарговы нумар «Ляхавіцкага весніка». З раёнкай, падкрэслівае, сябруе ўсё свядомае жыццё.
Цікаўлюся ў бабулі Волькі рэцэптам доўгажыхарства. Усміхаецца і разводзіць рукамі, няма яго, кажа. Працавала многа і заўсёды людзям жадала дабра. Вельмі любіць сустракаць гасцей – у яе заўсёды ёсць чым іх пачаставаць. Галоднае дзяцінства паклала свой адбітак – маюцца прадукты пра запас. На свята Яна – на свой дзень нараджэння – чакае стрыеч-ных пляменнікаў, унукаў – яны яе самыя блізкія. Добры памочнік Вользе Булатай – хрэснік Барыс, больш за дзесяцігоддзе ён жыве ў яе доме.

Ваенныя старонкі
Вёска глядзіць на наваколле з узвышша. У ваеннае ліхалецце з-за такога размяшчэння не раз на яе сыпаўся дождж з куляў, людзі шукалі паратунку ў акопах. А летам 1944 года фашысты спалілі Станчыкі. Вярнуліся вяскоўцы на папялішча… Туліліся ў падвалах, зямлянках. Галадалі, добра, што крапівы і лебяды расло ўдосталь…
На вясковых могілках стаіць помнік, на чорным мармуры высечана: «Вечная памяць і слава верным сынам, якія загінулі ў баі за вызваленне нашай Радзімы».
Ураджэнец Станчыкоў Мікалай Цвірко ў дзяцінстве чуў ад бацькі расказ, як у гады вайны той стаў сведкам трагедыі. Пазіцыі рускай батарэі знаходзіліся недалёка ад вёскі, а фашысты ішлі з боку Трабавічаў. У бок немцаў паляцела граната: трох забіла, а чацвёрты паспеў выстраліць… Вяскоўцы паха-валі дваіх сваіх салдатаў.

Мірны працяг
Адрадзілася вёска – нарадзілася нанова, паціху выраслі рознакаляровыя домікі. Няхай сціплыя, але свае. Бацька Вольгі Булатай пасадзіў некалі дуб. Дрэва больш за стагоддзе расце, пазірае з вышыні сваёй магутнасці. Калісьці на ім гнездаваў бусел. Птушка давярала людзям, заходзіла нават у дом.

Іаан – людзей запрашай!
…Даўно няма вёскі з таямнічай назвай Ведзьма (улілася ў Навасёлкі), а Раіса Станчык успамінае, як хадзілі туды ў царкву. На праваслаўнае свята Іаана Хрысціцеля сем’і ішлі на службу з усёй акругі.
Раіса Васільеўна з настальгіяй расказвае пра час, калі ў кожнай хаце па вечарах свяціліся вокны. І вось жа, кажа, зараз жывецца – лепш не прыдумаеш: паштальён прыносіць пенсію (яму яны вельмі ўдзячны за спагадлівасць), ёсць тэлефон, тэлевізар, аўталаўка прыязджае двойчы на тыдзень (мясцовыя жыхары гэтым таксама задаволены). А думкамі ў тым часе, калі былі маладымі, хоць і няпроста склаўся лёс. Рана засталася ўдавой, на яе плячах ляжала і мужчынская, і жаночая праца. Справілася. Яшчэ і спявала ў хоры – сапраўдная артыстка! Толькі здароўе падводзіць. Газетчыкі з ёй пагаварылі па тэлефоне. Жанчына знаходзі-лася ў бальніцы, але голас гучаў бадзёра – дзякуй урачам.
Для Раісы Станчык кожны прыезд дзяцей – свята. Выраслі, гаворыць, Ніна, Міша, Ала людзьмі дастойнымі. Любіць, калі ўнукі і праўнукі называюць яе пяшчотна бабулечкай. У хаце гаспадыні ўзорны парадак, кожная рэч на сваім месцы. Нягледзячы на паважаны ўзрост – 88 гадоў – садзіць агарод. І ніводнай травінкі вы ў ім не знойдзеце!
Домік вокнамі ў сад
Недалёка ад суседскіх – хата Леакадзіі Домаш. Вось дзе чалавек з маторчыкам! І на пенсіі не можа сядзець склаўшы рукі: спявае ў «Сівізне», у царкоўным хоры, працуе тэхработнікам у Навасёлкаўскім клубе і шчыруе ў Станчыках. Садзяць з мужам Мікалаем агарод, трымаюць курэй-свіней.
– Бацькоўскі дом надае сілы. Любяць сюды і дзеці з унукамі прыязджаць, – хваліцца Леакадзія Сяргееўна.
Летам з Ляхавіч да Станчыкоў 11 кіламетраў на веласіпедзе пера- адольвае з лёгкасцю. Калі і аўтобусам скарыстаецца. Нераўнадушная і ўважлівая, як толькі прыедзе, адразу спяшаецца праведаць абе-дзвюх тутэйшых бабуль. У вёсцы людзі адзін аднаму не чужыя. А Леакадзія Домаш заўсёды ўмее знайсці агульную мову – апошнія 16 гадоў перад пенсіяй працавала сацыяльным работнікам. Узгадвае, як раней збіраліся разам усёй вёскай, адзначалі святы, як нарыхтоўвалі сена і з дзясятка копак толькі адна даставалася селяніну…Дружылі, падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі. Бацька Леакадзіі Сяргей Заяц быў першым старшынёй калгаса «Сталінскі шлях».

Гучыць родна – аднавяскоўцы
Мікалай Цвірко таксама родам са Станчыкоў – яго бацькі жылі на хутары. Пра гісторыю малой радзімы ведае нямала. Расказвае, што аднавяскоўцы жывуць па ўсёй Беларусі, сталі людзьмі паважанымі, займалі высокія пасады. Пра свайго дзеда – чалавека цікавага лёсу Івана Станчыка можа расказваць доўга.
Шмат каго можна ўспом-ніць з тых, для каго Стан- чыкі – малая радзіма. Вёска – цёзка сваіх жыхароў: Станчык са Станчыкоў. Разбаўлялі гэту суполку Булатыя, Зайцы, Еўшалі (дарэчы, ураджэнец Станчыкоў Дзмітрый Еўшаль жыве ў Навасёлках, дзе доўгія гады настаўнічаў) і іншыя. На Радаўніцу з’язджаюцца землякі на бацькаўшчыну. Два гады назад Леакадзія Домаш з суседкамі «дасылала» ім тэлефонныя запрашэнні – атрымаўся сапраўдны вечар сустрэчы станчыкоўцаў. Зараз мараць зноў сабраць тых, з кім маюць агульныя карані.
Каб не знікла вёска. Каб помнілі пра яе тыя, хто адсюль пайшоў у вялікае жыццё. Каб перадаць эстафету наступным пакаленням.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Леакадзія Домаш

Вольга Булатая

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *