Крок да здароўя

Хто сказаў, што справа пажылых людзей — сядзець дома, займацца гаспадаркай, гадаваць унукаў і праўнукаў?  Людзі пажылого ўзросту маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, яны з задавальненнем і інтарэсам удзельнічаюць у грамадскіх справах, спартыўных спаборніцтвах, конкурсах, аглядах мастацкай самадзейнасці.  Не толькі душой, але і духам, і целам не старэюць ветэраны.

Што пацвердзіла міжраённае спартыўнае свята «Крок да доўгажыхарства», якое прайшло ў  мінулую пятніцу на базе лыжаролернай трасы ў вёсцы Казлякевічы Баранавіцкага раёна.  Яно было арганізавана, каб падтрымаць у пажылых людзей інтарэс да заняткаў фізічнай культурай, дапамагчы яшчэ раз адчуць сваю запатрабаванасць і  неабходнасць. На старт выйшлі 6 каманд-удзельніц  з Баранавіцкага раёна, а таксама  спартыўныя дружыны з Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў. Гонар Ляхавіччыны адстойвала каманда клуба пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва «Асілкі».

Удала прадэманстравала  хуткасць, спрытнасць, кемлівасць  наша дружына ў складзе Пятра Бабко, Сямёна Багушэвіча, Мікалая Міхалені, Ірэны Касьяні, Раісы Салаўёвай, Ірыны Гардзейчык на чале з капітанам Барысам Макарэвічам. «Асілкі» ў кожным з конкурсаў былі на вышыні і паказвалі добрыя вынікі. З азартам падтрымлівала ўдзельнікаў  група балельшчыкаў з Ляхавічаў. У выніку ўсіх стартаў перамогу святкавалі ганцавічане.  Спартыўная зборная пажылых людзей  нашага раёна заняла 4 месца.

Акрамя спартыўных спаборніцтваў усе ўдзельнікі свята па жаданні маглі атрымаць кансультацыю спецыялістаў Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, медыцынскіх работнікаў гарадской паліклінікі № 3. Спонсарамі мерапрыемства выступілі прадпрыемствы Баранавіцкага раёна, у падрыхтоўцы ляхавіцкай каманды дапамогу аказалі аддзел адукацыі райвыканкама і ТЦСАН.

Жанна ЛЕШЫК,
загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *