Мілы доктар

У самага маладога загадчыка аддзялення райбальніцы добрыя вочы, светлая усмешка, шчырае жаданне дапамагчы і грунтоўны прафесіяналізм. Без перабольшання: медыцыне шанцуе, калі ў яе ўліваецца лінія жыцця такіх спецыялістаў, як Аксана Вечар. Усяго пяць гадоў як закончыла Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт, а яе ведае ўжо ўвесь раён і пацыенты называюць мілым доктарам. Так было, калі працавала ў Савейкаўскай урачэбнай амбулаторыі, так і сёння, калі ўзначальвае тэрапеўтычны стацыянар ЦРБ. Аксана Сяргееўна — адміністратар строгі і патрабавальны, лечачы ўрач кампетэнтны і сардэчны, чалавек добразычлівы і чулы. Гэта так цудоўна, калі прафесіяналізм дапаўняецца міласэрнасцю і спагадай — спалучэнне, якое залежыць не толькі ад ведаў, але і ад хараства душэўнага. Нямала цёплых слоў ужо адрасавалі доктару Вечар удзячныя пацыенты, нават з-за межаў рэспублікі ў раёнку даслаў ліст чалавек: дзякуй за маму, якая жыве ў Ляхавіцкім раёне і лячылася ў тэрапіі, асабліва ўрачу Аксане Сяргееўне — «яна не толькі лечыць, але і дае надзею». Што да гэтага можна дадаць?!  Ва ўсіх сэнсах: сардэчная дастатковасць — проста здорава. Са святам, мілы доктар!

Вольга СВЯТЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *