Прафесіяналізм у спадчыну
У аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі ўрач дзяжурыць кругласутачна. І гэта зразумела — сюды трапляюць самыя цяжкія хворыя. Адзін з тых, хто вяртае іх да жыцця, — урач-анестэзіёлаг Ігар Васілевіч — дастойны прадаўжальнік урачэбнай дынастыі (бацька Аляксандр Пятровіч і маці Соф’я Тарасаўна доўгі час верай і праўдай служылі справе аховы здароўя землякоў). Ігар Аляксандравіч — сціплы інтэлігентны чалавек, у прафесіі — ас, які выдатна спалучае багатыя тэарэтычныя веды (атрыманыя падчас вучобы ў медінстытуце, на разнастайных курсах і пачэрпнутыя са спецыяльнай літаратуры, горы якой ён вывучыў) з практыкай. Ён з тых, пра каго гавораць: урач па прызванні.
Нешматслоўны, але яму верыш, як верыш многім калегам доктара Васілевіча, вопытным і маладым, урачам і медыцынскім сёстрам самага «надзвычайнага» аддзялення райбальніцы.