Паскораная дапамога
Набраўшы па тэлефоне нумар 103, мы спадзяёмся на хуткую медыцынскую дапамогу. Іншы раз лік ідзе на хвіліны. Каб паспець выратаваць жыццё чалавека, дапамагчы суняць боль, імчыць у любы час сутак машына хуткай дапамогі. Дыспетчар, запісаўшы выклік, у лічаныя секунды перадае яго фельчару, які, на спецыяльна абсталяваным і ўкамплектаваным неабходнымі медыцынскімі апаратамі аўтамабілі, адпраўляецца па адрасе. Усе, хто працуе ў аддзяленні хуткай, медыцынскай дапамогі, забяспечаны рацыяй і мабільнымі тэлефонамі, каб пастаянна трымаць сувязь з дыспетчарам. Медыкі аддзялення хуткай дапамогі — людзі асаблівага складу: камунікабельныя, з добрым сэрцам, яны прымаюць рашэнне маланкава і прафесійна граматна. Усё гэта і пра фельчараў Галіну Маневіч (на здымку), Сяргея Данільчыка, Аляксандра Чайкоўскага, многіх іх калег. Дзіву даешся, як ім удаецца спалучаць чуласць і ўважлівасць да хворых з настойлівасцю і трываласцю, выступаць у ролях тэрапеўта, педыятра, траўматолага, рэаніматолага… Правільна і якасна аказаная першая медыцынская дапамога часта вызначальная ў далейшым лячэнні і выздараўленні.