Яны жывуць за Ліпнянкай. Кропка на карце — Заліпенне Ляхавіцкага раёна

Калі загугліць «вёска Заліпенне», на жаль, акрамя таго, што гэта кропка на карце Ляхавіцкага раёна, нічога больш знайсці не атрымаецца. Будзем выпраўляць сітуацыю і дапоўнім звесткі Вікіпедыі няхай і не навуковымі даследаваннямі, але асабістымі назіраннямі, цікавымі людзьмі, іх успамінамі і расказамі пра сённяшняе.

…Пасля Крывошына, па дарозе на Свяціцу ўказальны знак прапануе павярнуць налева і праехаць кіламетр. Мінаеце невялікі мост – і вы ў Заліпенні. Вуліц тут чатыры – Леніна, Савецкая, Кастрычніцкая, Лясная. Чарадой размясціліся домікі, у кожнага свая арыгінальная адмеціна – дваровы дызайн, яркія кветнікі або ўвогуле нетыповы колер, у які пафарбаваны будынак. Хочацца пазнаёміцца з тымі, хто стварае такую прыгажосць.

А тады ў 1943-м…
Светла-бэзавы домік, квітнеюць аранжавыя ружы, а ў акне чырванее герань – такі цёплы вясковы пейзаж «малююць» Стэфаніда Калядзіч і яе пляменнік Андрэй.
Як жа Стэфаніда Купрыянаўна радавалася нечаканым гасцям! Любіць, калі стараста Валянціна Дыдышка заглядае ў госці. І адразу далажыла абстаноў-ку – жыццёвую:
– У мяне ўсё добра. Жыву паціху. Завіхаюся з дамашнімі справамі.
А спраў у 92-гадовай Стэфаніды Калядзіч сапраўды многа. Узрост зусім не перашкода, каб у агародзе быў ідэальны парадак, у двары – прыбрана, і дома – заўсёды чысценька і ўтульна. Канешне, пляменнік – галоўны памочнік: на ім, як гаворыцца, трымаецца ўся гаспадарка. Дапамагае і сацыяльны работнік Ірына Дыдышка. З ёй як сяброўкі – і выслухае, і дапаможа прыгатаваць, і ў агародзе разам шчыруюць, а якія закаткі атрымліваюцца ў Ірыны!
Гэта пра сённяшнее жыццё. Але Стэфаніда Купрыянаўна помніць Заліпенне зусім іншым, калі ў 1943-м сюды прыйшлі фашысты. І хоць час сцірае ўспаміны і многае забываецца, дзень 10 сакавіка 1943 года яна памятае добра:
– Прыехала шмат машын. Фашысты шукалі людзей, каб забраць іх працаваць у Германію. Канешне, у асноўным мужчын, дзяўчат было менш. Але я таксама апынулася ў той страшнай чарзе. Нас сабралі ў мясцовай школе, а на наступны дзень павезлі.
Так яна трапіла ў Германію, у Вітцэндорф. Працавалі на нямецкіх гаспадароў: давялося многаму навучыцца, спраўляцца зусім не з жаночай работай. Калі іх вызвалілі, шлях дадому стаў яшчэ адным выпрабаваннем.
– Спачатку нас адправілі пад Берлін. Я бачыла крывавы Одэр, і гэта было страшна. У дзень праходзілі па 35 кіламетраў, начаваць даводзілася пад адкрытым небам. Пасля ў Польшчу, адтуль адправілі ў Баранаві- чы, – успамінае Стэфаніда Калядзіч.
Яе тата і брат ваявалі на фронце. Калі скончылася вайна, родная хата ў вёсцы Заліпенне стала месцам, якое зноў аб’яднала іх сям’ю. Тут засталася назаўсёды. І сёння яна шчаслівая, што бачыць сваю вёску мірнай, прыгожай, любімай…

Заліпенне аб’ядноўвае і сёння
І гэта відавочна. Пераканалася, калі завітала ў госці да сямейнай пары Соф’і і Уладзіміра Дыдышкаў. Застала гаспадароў за хатнімі справамі: хто дровы нарыхтоўваў, хто кантраляваў агародную абстаноўку. Яны разам 42 гады, шчаслівыя муж і жонка, мама і тата, бабуля і дзядуля.
Соф’я Аркадзьеўна пра сваё знаёмства з гэтай цудоўнай вёскай успамінае з усмешкай. Працавала на фабрыцы ў Гродне, сяброўкі-калегі прапанавалі паехаць да іх у госці ў Заліпенне:
– Самае цікавае, што ў гэты час якраз збіралася экскурсія ў Мінск ад фабрыкі, але дзяўчаты вельмі ўжо запрашалі сюды. Прыехала, тут і засталася. Сустрэла чалавека, з якім разам ужо чатыры дзесяцігоддзі. Сям’я ў нас вялікая. Знаёмцеся, вось ідзе сын Сяргей.
У пчалярскай амуніцыі з’яўляецца Сяргей Дыдышка. Жыве ў Брэсце, але дадому, на радзіму, прыязджае амаль кожныя выхадныя. Бацькам дапамагчы, ды і сваіх крылатых падапечных праверыць. Ён, здаецца, пра пчол можа расказваць бясконца і лічыць, што ў сапраўднага гаспадара, калі ёсць дом – павінны быць і пчолы. Па заліпенскім адрасе размясціў дзевяць вуллёў, ёсць у яго пчальнік і ў Брэсце, і ў Ліпску ў цешчы.
Гасцюе ў Заліпенні і дачка гаспадароў Марына. Яна таксама прыехала з Брэста на выхадныя, а з ёй – галасістая падтрымка – дзеці Максім, Каця, Яна.
Амаль усе Дыдышкі ў зборы, толькі малодшых няма – Яўгеніі і Анатолія Шаўчэнкаў: хто на працы, хто на вучобе.
– Калі Сяргей і Марына ўжо сталі дарослымі, мы вырашылі: у сям’і павінна быць больш дзяцей. Няхай і не па крыві, але яны сталі для нас род-нымі – нашы Жэнька і Толік, – расказвае Соф’я Аркадзьеўна.

«А ў нас свая дзіцячая пляцоўка»
Самаму малодшаму жыхару Заліпення Арсенію Матчэні два гадкі і ў заліпенскіх каардынатах ён адчувае сябе проста шыкоўна. На ўчастку Ганны і Дзмітрыя Матчэняў разгарнулася сапраўдная дзіцячая пляцоўка: горка, арэлі, пясочніца, батут – ёсць дзе разагнацца маленькім гарэзам.
– Разам ім весялей. А нам прыемна, што нашы ідэі даспадобы дзеткам, – расказвае Ганна. – Мы самі прыдумлялі, як пабудаваць, дзе і што размясціць.

Сям’я Матчэняў таксама вялікая – у іх трое дзяцей. У старэйшай Вікі ўжо свая дачушка, Каця любіць гасцяваць у бабулі. Сын Дзіма толькі прыйшоў з арміі і ўжо ўладкаваўся на працу ў ТБЗ «Ляхавіцкі». Калі служыў, прымаў удзел у міжнародных армейскіх гульнях у Казахстане ў спаборніцтве «майстроў артылерыйскага агню». Іх каманда заняла другое месца. Падарунак за перамогу – веласіпед – сёння красуецца ў двары.
– Ніколі б не пераехала ў горад. Шчыра сказаць, не ўяўляю, ці змагла б жыць у кватэры. У нас у вёсцы нават дыхаецца па-іншаму. І родная сястра Ірына – мая суседка, заўсёды побач, – расказвае Ганна Матчэня.
Яна і падказала, адкуль пайшла назва гэтага неверагоднага куточка Беларусі: пра жыхароў Заліпення гаварылі – тыя, хто жыве за ліпамі, а значыць – за Ліпскам. Ёсць яшчэ меркаванне, што назва вёскі звязана з прытокам Ліпнянка. А ліп тут, дарэчы, не надта…

Якія ж вы таленавітыя!
78-гадовую майстрыху Валянціну Іванаўну Дыдышка ў вёсцы ведаюць усе. Вышыўкі гэтай прывабнай жанчыны, без перабольшання, прэтэндуюць на шэдэўры народнай творчасці – мудрагелістыя ўзоры заварожваюць, хочацца ўглядацца, сачыць за тым, куды вядзе вышытая кветачка, за што чапляецца гэты лісточак. Яна і сёння вышывае, дорыць вяскоўцам свае ўнікальныя работы – рушнікі, сурвэткі, абрусы. І шчыра прызнаецца, са сваімі рушнікамі ажаніла, выдала замуж усіх дзяцей, унукаў. Сёння ў яе таксама поўны дом гарэз. Вось і цяпер з праўнучкай Арынай заняліся любімай спра- вай – вышываюць.
З творчасцю непарыўна звязана жыццё яшчэ адной таленавітай жыхаркі Заліпення – Алы Івановіч. Яе голас – сапраўднае ўпрыгажэнне ўсіх вясковых святаў. Яшчэ навучэнкай сталічнага вучылішча харчавікоў спявала ў хоры. Пасля пазнаёмілася з будучым мужам Іванам, вый-шла замуж і пераехала сюды. Але спяваць не перастала. Калі працавала ў аблбальніцы, удзельнічала ў вакальнай групе мед-установы.
– Які ў нас быў калектыў: ігралі на народных інструментах, а як спявалі! Шмат гастраліравалі па ўсёй рэспубліцы, – успамінае Ала Адамаўна.
І хоць цяпер на заслужаным адпачынку, працягвае спяваць у царкоўным хоры ў крывошынскім храме.

Вясковы дызайнер
Такія чысценькія вуліцы, у кожным двары парадак, падфарбавана і падкошана. Безумоўна, кампліменты ў адрас гаспадароў, якія імкнуцца зрабіць сваю вёску месцам, куды хочацца ехаць, дзе адчуваецца – тут дом. Але ўсё ж галоўны вясковы дызайнер – стараста Валянціна Дыдышка.
У яе выдатна атрым-ліваецца маляваць агульную карціну Заліпення, дзе галоўныя дзеючыя асобы – 156 вяскоўцаў, такіх жа нераўнадушных і актыўных. Разам шчыруюць на суботніках, наво-дзяць парадак на могілках, чысцяць участкі пасля зносу дамоў. Стараста ў гушчыні вясковых спраў: не так даўно вырашылі пытанне з аднаўленнем аўтобуснага прыпынку, цяпер аўталаўка з прадуктамі і прамысловымі таварамі прыязджае пяць разоў на тыдзень.
– Паглядзіце, амаль у кожным доме гасцююць дзеці. Мой унук Матвейка жыве ў Баранавічах, але імчыць на выхадныя і канікулы сюды. Значыць, тут падабаецца, а дзеля гэтага і варта старацца зрабіць жыццё ў вёсцы леп- шым, – гаворыць Валянціна Аляксандраўна. І я з ёю згаджаюся.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Стараста Валянціна Дыдышка і яе галоўны памочнік ўнук Мацвей.

Валянціна Дыдышка з унучкай Арынай за любімай справай.

Ала Івановіч.

Стэфаніда Калядзіч.

Ірына Мішкевіч, Ганна Матчэня і яе сын Арсеній.

Сяргей Дыдышка.

Соф’я і Уладзімір Дыдышкі.

Марына Дзянішчык і яе галасістая падтрымка.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *