Прафесія: урач
Прыгажуня і актывістка Алена яшчэ ў школе выбрала для сябе будучую прафесію і мэтанакіравана і ўпэўнена ішла да сваёй мары. Яна неаднойчы ўяўляла, як лечыць людзей. Тым больш прыклад адданасці адной з самых гуманных прафесій заўсёды быў побач — любімы бацька Веналій Бяганскі, хірург. Здаецца, зусім нядаўна ў Ляхавіцкай райбальніцы з’явіўся малады ўрач-тэрапеўт Алена Венальеўна Бяганская. За тры гады ўрачэбнай практыкі яна заслужыла павагу і пашану шматлікіх пацыентаў і сваіх калег. Нягледзячы на маладосць, умее знайсці падыход да кожнага хворага — уважліва вы-слухае скаргі, дакладна вызначыцца з методыкай лячэння, назначыць неабходныя медыцынскія працэдуры. Яна паспявае ўсё: прыняць пацыентаў у паліклініцы (за змену да 20 чалавек), выязджае па выкліках на дом на замацаваным участку і лечыць хворых у тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы.
Урачэбная дынастыя Бяганскіх працягваецца.
Трапіць на прыём да ўрача стаматолага-тэрапеўта паліклінікі ДзмітрыяВасілевіча можна толькі згодна папярэдняга запісу, прычым чакаць трэба як мінімум некалькі дзён. Але вынік такога чакання сябе поўнасцю апраўдвае. Хто з нас у прамым сэнсе гэтага слова не трасецца перад кабінетам стаматолага? Баяцца і дарослыя, і дзеці. А трапляеш на прыём да Дзмітрыя Уладзіміравіча, страх сам па сабе знікае. Урач удала валодае прафесійнымі навыкамі з сучаснымі распрацоўкамі ў галіне стаматалогіі і паспяхова прымяняе іх на практыцы. Утульнае медыцынскае крэсла, сучаснае абсталяванне, віртуозныя ўмелыя маніпуляцыі стаматолага — і пацыент замест страху атрымлівае доўгачаканае аблягчэнне, зубны боль сціхае. А гэта дарагога варта.