Мілыя сэрцам
Акуратнасць, уважлівасць, чуласць, дакладнасць, кампетэнтнасць уменне спачуваць характарызуюць медыцынскіх сясцёр (паставых і працэдурных), якія, змяняючы адна адну, і днём, і ноччу нясуць дзяжурства ў тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы. Сёння — гэта старэйшая медсястра, 8 паставых медсясцёр, 2 — працэдурныя, сястра-гаспадыня, 9 санітарак, 2 кухонныя рабочыя. Яны першыя памочнікі ўрачоў, дапамагаюць пацыентам справіцца з хваробай не толькі ўмела пастаўленымі кропельніцамі і ўколамі, у час раздадзенымі таблеткамі і выкананымі медыцынскімі маніпуляцыямі, але і такімі неабходнымі словамі падтрымкі. Сястрычкі (як ласкава называюць іх хворыя) часта чуюць у свой адрас словы ўдзячнасці ад пацыентаў і іх блізкіх за чуласць, спагаду і дапамогу. А гэта і ёсць лепшая ацэнка, якая вызначае вартасць медработніка. Нельга ўявіць аддзяленне і без санітарак. Яны ў адказе за чысціню, парадак і камфорт.
Падыходзіць свята — Дзень медыцынскіх работнікаў, а мяне хвалюе пытанне, як жа павіншаваць самага блізкага і дарагога мне чалавека, маю мамачку Яўгенію Аркадзьеўну Адамовіч. Хацелася б адрасаваць ёй многа цёплых слоў, сказаць, якая яна цудоўная матуля, бабуля, якія залатыя і працавітыя рукі ў яе.
Мама закончыла Баранавіцкае медвучылішча. Вучоба давалася лёгка, бо выбраная прафесія была яе марай. Размеркаванне атрымала на Ляхавіччыну, у племзавод «Нача», дзе і пачалася яе працоўная дзейнасць у Начаўскай амбулаторыі. Тут, у Начы, яна сустрэлася з нашым татам, на той час перадавым шафёрам гаспадаркі Яўгеніем Адамовічам. Так і з’явілася новая сям’я, а ў хуткім часе і мы з сястрой.
З дзяцінства помню, што дома ў нас заўсёды было многа людзей. Усе ішлі да Аркадзьеўны за парадай, дапамогай. Старэнькія бабулькі называлі яе наша Жэнечка.
Яна дапамагала і лячыла ўсіх: і дзяцей, і дарослых. Не раз у Начы чуўся стук у акно ці дзверы, і было зразумела: нехта захварэў, патрэбна дапамога. З сястрой мы назіралі, як мама рабіла ўколы, перавязвала раны, аказвала дапамогу ў розных выпадках.
Калі амбулаторыю закрылі, мама пайшла працаваць у раённую бальніцу, у дзіцячае аддзяленне. З якой цеплынёй і павагай яна ўспамінае сваіх урачоў і калег: С. Т. Васілевіч, Л. Б. Дзядзюля, В. Р. Жэрка, Л. М. Шарапа, М. І. Масюкеевіч, Н. І. Скавыш, Т. А. Коктыш, З. І. Шабан.
Мама хварэла душой за кожнага хворага хлопчыка ці дзяўчынку. Дарэчы, мая малодшая сястра працягвае справу мамачкі і працуе медсястрой рэанімацыйнага аддзялення нашай бальніцы. Як і мама, яна любіць сваю прафесію, ганарыцца дружным калектывам. А яе старэйшая дачушка — студэнтка 2 курса Слуцкага медвучылішча (зараз праходзіць практыку ў нашай бальніцы) таксама марыць вярнуцца на працу ў родныя мясціны. Цэлая дынастыя ўтварылася!
Сёння мамачка на заслужаным адпачынку. Займаецца хатнімі справамі, гаспадаркай, такая рухавая і руплівая, працавітая і пяшчотная. Але самая галоўная яе каштоўнасць — дабрыня. Ідзе па жыцці, робіць дабро і не чакае за гэта ўзнагароды — гэта пра нашу маму.
І вельмі хочацца, каб у акенцы бацькоўскага дома яшчэ доўга-доўга гарэла святло, якое сагравае нас, аб’ядноўвае, дапамагае.
Ірына БОНДАР, г. Ляхавічы