“Белая Русь”, ты мая

З моманту заснавання рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» прайшло ўсяго каля чатырох з паловай гадоў. Але маладосць —  толькі адзін з фактараў, паказальнай жа характарыстыкай аб’яднання з’яўляецца яго масавасць. РГА «Белая Русь» сёння — гэта  6 абласных, Мінская гарадская, 149 раённых і 7137 пярвічных арганізацый.

Ужо зараз членамі аб’яднання з’яўляюцца амаль 130 тысяч чалавек. Людзі рознага ўзросту, розных прафесій, неаднолькавых асабістых захапленняў і сацыяльнага статуса, аднак, блізкіх грамадска-палітычных поглядаў, параўнальнай жыццёвай актыўнасці, неабыякавых да падзей вакол, апантаных. У тым ліку і ў першую чаргу — мэтай пабудовы моцнай, квітнеючай Беларусі.

Адлік карысных спраў Ляхавіцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» вядзе пачатак з зімы 2008 года і практычна супадае з днём яе нараджэння ў лютым. Пачынаць заўсёды няпроста, аднак, стартавы этап свайго развіцця арганізацыя (на той момант пад кіраўніцтвам Вячаслава Сельмановіча) прайшла ў роўным дынамічным стылі. Далей — больш, у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Арганізацыя крочыла ў накірунку канкрэтных практычных спраў, арганізацыйнага ўмацавання, фарміравання інтарэсу і ўсведамлення важнасці дэкларуемых ідэй, пашырэння сваіх радоў. За апошнія гады раённая арганізацыя «Белай Русі» «вырасла» больш як на 500 чалавек і, на 18 чэрвеня (дзень правядзення справаздачна-выбарчай канферэнцыі), у 27 пярвічных звеннях арганізацыі на ўліку —  658 яе членаў. Не проста знаходзяцца, а з’яўляюцца непасрэднымі і актыўнымі праваднікамі і выканаўцамі ідэй, задач, ініцыятыў і пачынанняў РГА «Белая Русь» у «прывязцы» да роднай Ляхавіччыны.

Акрамя актыўнасці — думак, паводзін, дзеянняў і спраў, Ляхавіцкай РА РГА «Белая Русь» характэрны таксама прыгажосць і высокі ўзровень адукацыі, калі меркаваць па аўдыторыі справаздачна-выбарчага сходу.  Патрэбны аргументы? Са 195 абраных на канферэнцыю дэлегатаў 190 з’яўляюцца ўладальнікамі дыпломаў аб вышэйшай адукацыі, а прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва складалі значную большасць удзельнікаў форуму.

Не сумнявацца ў мэтанакіраванай актыўнасці раённай арганізацыі   прымушае справаздачны даклад яе старшыні Святланы Юрлевіч. Пералік добрых, важных, у рознай ступені значных спраў і падзей рэспубліканскага, абласнога, мясцовага маштабу, дзе сваім актыўным удзелам вызначылася раённая арганізацыя «Белай Русі», выходзіць далёка за межы газетнага фармату. На працягу ўсяго справаздачнага перыяду — з верасня 2009 года і па дзень сённяшні —  прыярытэтам  у дзейнасці  арганізацыі з’яўлялася садзейнічанне актыўнасці грамадзян у рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і краіны ў цэлым.

Бадай ні адно мерапрыемства грамадскага, патрыятычнага, сацыяльнага гучання не праходзіць міма «Белай Русі». Канкрэтыка толькі бягучага года можа служыць таму па-цвярджэннем. Асаблівасць адносін да ветэранаў апошняй вайны, канешне ж, не абмяжоўваецца рамкамі толькі святочных мерапрыемстваў. Аднак, святая справа прыйсці ў дом ветэрана напярэдадні ці ў дзень свята з віншаваннямі. І гэта штогадовая практыка «Белай Русі». Як, дарэчы, і шэраг іншых на працягу года мерапрыемстваў-ушанаванняў ветэранаў не толькі баявых дзеянняў, а і працы — былых педагогаў, напрыклад. У традыцыях раённай суполкі «Белай Русі» быць у гушчы падзей не толькі ў сувязі з адметнымі датамі ці падзеямі — вызначальныя працоўныя кампаніі таксама сталі часткай яе дзейнасці. Найперш узгадваецца актыўнасць членаў арганізацыі падчас правядзення суботнікаў, асноўных сельскагаспадарчых кампаній і іншае.

Святлана Юрлевіч лічыць, што іх грамадскай арганізацыі належыць зрабіць яшчэ вельмі многае. Ёсць на што звярнуць увагу, куды імкнуцца, дзе актывізавацца, у чым самаўдасканаліцца. У тым ліку і гэтым РА РГА «Белая Русь» пад кіраўніцтвам Святланы Юрлевіч прадоўжыла займацца, думаецца, ужо 19 чэрвеня — адразу пасля справаздачна-выбарчай канферэнцыі. Апошняя зноў абрала Святлану Іванаўну на пасаду старшыні. Сутнасць выступленняў дэлегатаў у падтрымку яе кандыдатуры можна абазначыць коратка-ёміста: «Ад дабра дабра не шукаюць».

Былі названы найбольш актыўныя пярвічныя арганізацыі і асобныя члены РА РГА «Белая Русь». Лепшыя з лепшых заслужылі падзячныя пісьмы арганізацыі і падарункі.

Таксама канферэнцыя вызначылася з дэлегатамі на аналагічнае абласное мерапрыемства. Ляхавіччыну там прадстаўлялі Святлана Юрлевіч, Леанід Калбаса, Святлана Якубоўская.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *