Памяць у імя будучыні

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь пераканана ў неабходнасці пачаць новы маштабны міжнародны дыялог, накіраваны на пераадоленне ўсіх супярэчнасцей. Толькі праз давер, павагу і адкрытую, сумленную размову магчыма прыйсці да рэальнага ўмацавання міжнароднай бяспекі, разам процістаяць варожасці, нянавісці і фанатызму, забяспечыць дзецям шчаслівую будучыню, упэўнены беларускі лідар.
«І абсалютна не важна, дзе адбудзецца гэты дыялог, і нават не важна ў рамках якой арганізацыі – дзеючай ці навастворанай намі, але гэты дыялог нам вельмі патрэбны. І ўсе мы гэта разумеем. Мы адчуваем холад ужо не халоднай вайны. Нам трэба спыніцца. І тое, што мы сёння аб гэтым гаворым, – гэта залог таго, што мы навучыліся атрымліваць урокі з гісторыі. Ніколі больш не павінна паўтарыцца ў свеце трагедыя, якая паставіла пад пагрозу існаванне чалавецтва», – рэзюмаваў беларускі лідар.
Федэральны Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, выступаючы на мітынгу-рэквіеме на тэрыторыі былога лагера смерці «Трасцянец», паабяцаў не даць згаснуць памяці аб злачынствах нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.
Федэральны Прэзідэнт адзначыў, што мемарыяльны комплекс «Трасцянец» увасабляе не толькі жудасную старонку беларускай гісторыі, але і агульную памяць. Ён прызнаў, што ў Германіі шлях да памяці аб гэтых злачынствах быў доўгім.
«Нам вельмі шмат часу спатрэбілася для таго, каб усвядоміць гэту адказнасць. Сёння наша адказнасць – не даць згаснуць памяці аб тым, што тут рабілася. Я запэўніваю вас: мы будзем абараняць гэту адказнасць у тым ліку і ад тых, хто гаворыць, што яна загладжана за даўнасцю гадоў. «Ідзі і глядзі»! – гэта доўг, які ніколі не будзе аплачаны. І таму сёння я як Прэзідэнт Германіі, як немец і як чалавек стаю тут перад вамі з пачуццём удзячнасці за знакі прымірэння, з пачуццём сораму і смутку за тыя пакуты, якія немцы прынеслі вашай краіне», –   рэзюмаваў Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Федэральны Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен выказаў надзею, што падобныя да «Трасцянца» мемарыялы будуць нагадваць будучым пакаленням аб каштоўнасці міру і чалавечнасці.
Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка таксама правёў сустрэчы ў Палацы Незалежнасці з Федэральным Прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам і з Федэральным Прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, у ходзе якіх былі абмеркаваны пытанні, звязаныя з забеспячэннем бяспекі ў рэгіёне, перспектывы і накірункі далейшага супрацоўніцтва.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *