У школу за здароўем. Акцыя «Здаровае сэрца – залог поспеху!» у Ляхавічах прайшла ў форме комплекснага медпрыёму

Здароўе ніколі не зможа страціць сваёй каштоўнасці для чалавека, таму што і ў раскошы дрэнна жыць без яго. Словы рускага філосафа Мікалая Чарнышэўскага і праз два стагоддзі не страцілі сваёй актуальнасці. Вітаемся – жадаем адзін аднаму здароўя, віншуем – і на першым месцы яно.
Стан здароўя насельніцтва – справа дзяржаўнай важнасці. У краіне пастаянная ўвага надаецца не толькі развіццю медыцыны, але і многім іншым складнікам дэмаграфічнай бяспекі, у тым ліку – здароваму ладу жыцця. Распрацаваны і дзейнічаюць разнастайныя праграмы, праводзяцца шматлікія акцыі, працуюць аздараўленчыя цэнтры, спартыўныя аб’екты і г.д. Адным словам, хочаш быць здаровым – будзь ім.

Як ужо расказваў «ЛВ», напрыканцы чэрвеня ў межах абласнога прафілактычнага праекта ў Ляхавічах прайшла акцыя «Здаровае сэрца – залог поспеху!». Дэсантавалася яна ў  СШ № 1.
Загадчыца аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена Цішчанка падкрэсліла, што акцыя гэта не разавая, праходзіць з пачатку года, арганізатары плануюць ахапіць удзелам у ёй як мага больш населеных пунктаў.
Сёння ў сумных лідарах хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Таму першачарговая мэта абласнога праекта, які быў ініцыяваны намеснікам старшыні аблвыканкама Алегам Вялічкам, –  прыцягнуць увагу насельніцтва да свайго здароўя, матываваць людзей на яго ўмацаванне і захаванне. Важна, каб чалавек меў магчымасць абследавацца (зрабіць гэта хутка, зручна і бясплатна якраз і можна падчас акцыі), калі спатрэбіцца, заняцца лячэннем.
Спецыяліст рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Рэгіна Іваноўская ў Ляхавічах упершыню. Але наш райцэнтр спадабаўся ёй сваёй утульнасцю, чысцінёй і парадкам. Многае зроблена, каб чалавек мог падтрымліваць сваё здароўе. У райпаліклініцы нядаўна пачала дзейнічаць лакальная вылічальная сетка; у магазінах выдзелены асобныя паліцы пад тавары са статусам «здаровае харчаванне»… Прыемна. Пры гэтым, адзначыла Рэгіна Эдмундаўна, кожны павінен разумець: клопат пра здароўе, у першую чаргу, кладзецца не на ўрачоў, а на самога чалавека.
…Ля кабінета, дзе праводзяць ультрагукавое даследаванне, – самая вялікая чарга. Вельмі зручна – зрабіў УГД, і тут жа ўрач-эндакрынолаг агучыў яго вынікі, даў парады і рэкамендацыі. Ляхавічанка Тамара Завадская задаволена расказвае, што даўно збіралася праверыць шчытападобную залозу, але ўсё неяк не атрымлівалася. А тут і УГД зрабіла, і да доктара трапіла.
Да размовы далучаецца ляхавічанка Наталля Дзеравянкіна, якая таксама скарысталася медыцынскімі паслугамі: памера-ла артэрыяльны ціск, пабывала ва ўрачоў-вузкіх спецыялістаў. Высветліла хвалюючыя пытанні наконт назначанага лякарства.
Жыхарка райцэнтра Ніна Клявец дадае, што такая акцыя – падзея для насельніцтва рай-цэнтра адметная. Не трэба запісвацца на прыём да ўрача, ды і ў «акцыйных» абставінах неяк прасцей задаць пытанні доктару.
Наогул, станоўчыя водгукі на акцыю «Здаровае сэрца – залог поспеху!» гучалі не раз. Былі і просьбы, каб часцей праводзілі такі комплексны медпрыём.
Паўдзельнічалі ў акцыі і рабяты з лагера «Чайка»: праглядзелі відэаролікі па здаровым ладзе жыцця, пабывалі на дыягнастычных працэдурах.
Урач-кардыёлаг Баранавіцкага міжраённага кардыялагічнага цэнтра Юлія Улас у той дзень пракансультавала 40 чалавек, расказала, што рабіць пры падазрэнні на інфаркт. Так, з’яўленне болю ці непрыемных адчуванняў у вобласці грудзей – галоўны прадвеснік сардэчнай ка-тастрофы. А працяглы боль за грудзінай (больш за 20-30 мінут), які не праходзіць пасля прыёму звычайных у такіх выпадках прэпаратаў, можа сведчыць пра развіццё інфаркту міякарда.
Па даных абласной санслуж-бы, са 140 пацыентаў, якія вымяралі артэрыяльны ціск, прыкладна ў 15 працэнтаў ён аказаўся павышаным. УГД шчытападоб-най залозы зрабілі 115, электракардыяграму – 59 чалавек. Некаторым з іх рэкамендавана прайсці паглыбленае абследаванне. Больш за 140 чалавек навучыліся праводзіць тэст, які  дапамагае вызначаць раннія  прыкметы інсульту. Усяго праведзена 486 дыягнастычных дасле-даванняў і 457 кансультацый.
– Такая колькасць жадаючых праверыць стан свайго зда-роўя яшчэ раз пацвердзіла актуальнасць і запатрабаванасць правядзення медпрыёму падобнага фармату. Для наступнага ўлічым прапановы і просьбы насельніцтва, каб яшчэ больш людзей звярнула ўвагу на сваё здароўе і зразумела неабходнасць своечасовага звароту да медыкаў, – падкрэсліў галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара. Больш фота тут.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *