Пажарны забег. 16 ліпеня ў Ляхавічах прайшла абласная акцыя, прысвечаная 165-годдзю пажарнай службы Беларусі /фота/
У панядзелак увагу ляхавічан прыцягнула незвычайная карціна: замільгацелі фары спецтэхнікі АДАІ і РАНС, што рушыла па цэнтральнай вуліцы горада, толькі вось скорасць машын зусім не характэрная для іх працоўных будняў. Ды і скорасць у гэту раніцу ім была не патрэбна. Тэхніка ўзначальвала калону бегуноў – удзельнікаў абласной акцыі, прысвечанай 165-годдзю пажарнай службы Беларусі.
І гэта было прыгожа. Прапагандуючы здаровы лад жыцця, эмэнэснікі, актывісты БРСМ і Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, валанцёры «Чырвонага крыжа», наведвальнікі факультатыўнай групы па накірунку «бяспека жыццядзейнасці», юныя спартсмены прабегліся па ляхавіцкім маршруце. Стартавая кропка збору – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях: прыхільнікі здаровага ладу жыцця атрымалі ўказанні, добрыя словы ў дарогу і адправіліся ў забег. Яркія, прыгожыя, спартыўныя – гэта ўсё пра іх. Шчыра віталі спартсменаў ляхавічане: махалі, падбадзёрвалі, здымалі відэа і сэлфіліся на іх фоне. Не малую дыстанцыю пераадолелі хутка.
…Вось яны на фінішнай прамой – выезд з горада (дарога на Русінавічы): шчаслівыя, безумоўна, крыху стомленыя, але задаволеныя ад атрыманых эмоцый. Ад валанцёраў «Чырвонага крыжа» – прапанова далучыцца да акцыі «Спякота-2018»: удзельнікам – пітная вада, каб спатоліць смагу, буклеты, што нагадваюць, як паводзіць сябе ў гарачыню. І, канешне, віншаванні і сімвалічныя «пажарныя» медалі – на памяць пра забег. А яшчэ групавое фота.
Дарэчы, сюжэты забегу можна было паглядзець і ў прамым эфіры акаўнта lyakhovichskiy_vestnik у інстаграме. А цяпер глядзіце фотарэпартаж на сайце «ЛВ».
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.Больш фота тут