Брыкет цяпер ранні. На Ляхавіцкім торфабрыкетным заводзе падстроіліся пад аграрыяў

Брыкетны цэх ТБЗ

Ліпеньскі дзень год корміць. На ўборку збожжа кінуты асноўныя сельскагаспадарчыя сілы. Падтрымаць вяскоўцаў, стварыць для іх камфортныя ўмовы для набыцця пэўнай прадукцыі імкнуцца і некаторыя «няпрофільныя» прадпрыемствы нашага раёна. Напрыклад, ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» з пачатку ліпеня змяніў графік водпуску брыкету для насельніцтва. Ужо ў шэсць гадзін раніцы можна атрымаць праплачаную тарфяную прадукцыю.

– Кожная адзінка тэхнікі на жніве на вагу золата. Каб прывезці брыкет, вяскоўцы выпісваюць машыну ці трактар у сельгаспрадпрыемствах. Таму мы і вырашылі перабудаваць свой графік, падстроіцца пад аграрыяў. Аўтамабіль паспее загрузіць і даставіць заказчыку паліва, потым будзе задзейнічаны на ўборцы. І чалавеку зручна, і сельгаспрадпрыемства не застаецца ў накладзе, – тлумачыць прынятае рашэнне дырэктар ТБЗ Уладзімір Гунько.
У сувязі з дажджлівым надвор’ем завод пакуль часова спыніў здабычу торфу. Але такі вымушаны адпачынак ніяк не паўплывае на тэрміны нарыхтовак. Па стане на 16 ліпеня ўжо назапашана 87 працэнтаў торфу ад запланаванага. Пакуль насельніцтва не надта актыўна набывае мясцовыя віды паліва, асноўны спажывецкі попыт на торфабрыкетным чакаюць напачатку восені.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *