Нашага поля ягада. На Ляхавіччыне працягваецца сезон нарыхтоўкі садавіны-агародніны
Клубніцы замарозілі, кампот з парэчак зварылі, варэнне-пяцімінутку з маліны назапасілі, чарніц насушылі. Яшчэ нешта засталося? Ёсць некалькі варыянтаў: пачаставаць суседзяў-сяброў, прадаць ягады на базары (у нашым райцэнтры іх два: на вуліцы Леніна і міні – на Южакова) або здаць нарыхтоўшчыкам.
Як у раёне ідуць нарыхтоўчыя справы? Галоўны закупшчык – райпо ў асобе кааппрама. У райцэнтры адкрыты два нарыхтоўчыя пункты: на рынку і па завулку Вакзальным, 3. Кантралёр рынку, па сумяшчальніцтве і нарыхтоўшчык Тамара Зелянеўская ўдакладняе, што разлік праводзіцца адразу на месцы і толькі грашыма. Не сказаць, што здатчыкаў шмат, але яны ёсць. Ляхавічанка Ганна Сцяпанаўна здала сем кілаграмаў чарніц, атрымала за іх 28 рублёў і задаволена, што хутка «ўпарадкавала» сабраныя ягады.
У мінулую сераду Тамара Зелянеўская прыняла па чатыры вядры чарніц (за кілаграм 4 рублі) і чорных парэчак (40 капеек). Ягады адразу адпраўляюцца ў продаж (райпоўская палатка знаходзіцца побач). Дарэчы, і ў Баранавічах гандлююць сезоннай прадукцыяй дзве палаткі Ляхавіцкага райпо. Попыт на гэты тавар, бясспрэчна, ёсць, але не надта актыўны. Прадавец Ала Высоцкая расказвае, што за дзень рэалізуе скрыню чарніц, пашанцуе – тры-чатыры. Справа ў цане. Хаця ў параўнанні з іншымі ганд-лярамі на рынку райпо прадае ягаду значна танней – 5 рублёў 30 капеек за кілаграм (такая цана была ў мінулую нядзелю). А на радах у гэты дзень пакупнікі плацілі па 4 рублі за літр (прыкладна 650 грамаў) чарніц. Нягледзячы на розніцу ў цане, купляюць і ў райпо, і ў прыватнікаў.
Сёлета ў маі-пачатку чэрвеня райпо парадавала ляхавічан клубніцамі (4,8 тоны ягад нарыхтавалі ў асноўным у Лунінецкім раёне) – даступнымі па кошце і ў дастатковай колькасці, а таксама агуркамі (са Столінскага раёна), беларускімі раннімі памідорамі, капустай, цыбуляй, чырвонымі буракамі.
Наконт запатрабаванага зімой замарожанага фруктова-ягаднага асартыменту. Кааппрамаўскае халадзільнае абсталяванне папярэдне прай-шло неабходную паверку і прымае ўжо ягадную прадукцыю.
– Закупленыя свежыя ягады адразу пастаўляем у рознічны гандаль. Пакуль нарыхтавалі 1100 кілаграмаў, пры плане дзве тоны. Частку марозім, у тым ліку для пастаўкі на экспарт, – гаворыць дырэктар кааппрама Галіна Якубец і дадае: – Тэмпы не надта, многія здатчыкі аддаюць перавагу камерсантам-нарыхтоўшчыкам.
Эканаміст райпо Вольга Правасуд удакладняе, што чарніцы таксама прымаюць 8 сельскіх магазінаў райпо, найбольш вынікова ў Заполлі, Гайнінцы, Навасёлках (Крывошынскага сельсавета), Свяціцы.
Чым яшчэ здзівілі сёлетнія ягадныя дары лесу? Чысцінёй. Лісцік-другі трапляе ў поле зроку, але не столькі, як летась. Напэўна, больш беражліва адносяцца да прыроды зборшчыкі ягад. Нялішнім будзе нагадаць тым аматарам ціхага палявання, якія збіраюць чарніцы з дапамогай забароненых прыродаахоўным заканадаўствам так званых камбайнаў: прымяненне забароненых сродкаў і метадаў збору дзікарослых ягад вядзе да накладання штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.
За прадукцыяй, якая прадаецца на рынку, – пастаянны санітарны кантроль. Прадавец абавязаны атрымаць даведку ў лабараторыі санветэкспертызы. Ветурач-санэксперт Ганна Дзяцел запэўніла, што ўся агародніна, садавіна – чыстыя, без радыенуклідаў.
На рынку і ў магазінах цяпер без праблем можна набыць маладую бульбу, якую райпо закупіла (пакуль 30 тон) у насельніцтва. Яна таксама пастаўляецца на прадпрыемствы грамадскага харчавання нашага і суседняга раёнаў, у летнік «Чайка», сталовыя райбальніцы і аблпсіхбальніцы.
У разгары і агурочны сезон. Пачаўся ён з нарыхтовак на Століншчыне, цяпер далучыліся і ляхавіцкія агароднікі. Пакуль за кілаграм плацяць 40 капеек. З закуп-леных 270 тон агуркоў 216 тон прададзена мясцоваму кансерваваму заводу. Таксама кааператары набылі 44 тоны капусты (34 тоны – ад насельніцтва).
Дарэчы, у райпо нарыхтоўкамі займаюцца тры спецыялісты, якія выязджаюць за прадукцыяй у розныя рэгіёны краіны. Менавіта ім давядзецца шчыраваць і ў яблычны сезон. Сёлета гэта садавіна ўрадзіла. Нарыхтоўшчыкі пацвярджаюць стопрацэнтную гатоўнасць забраць усё, што ім прапануюць. Час пакажа.
Планаў на нарыхтаваную прадукцыю ў райпо нямала. Частка яе застанецца для патрэб прадпрыемстваў сістэмы: замарожваецца, засольваецца, квасіцца і потым адпраўляецца ў продаж, на прадпрыемствы грамадскага харчавання, на захоўванне. А, напрыклад, бульбу плануецца адпраўляць і на экспарт у Расію.
У тэму
Па інфармацыі БЕЛТА, кааператары Брэстчыны нарыхтавалі чарніц у два разы больш, чым пазалетась. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела нарыхтовак, рынкаў і знешнеэканамічнай дзейнасці аблспажыўсаюза Валерый Капітанчык. Найбольш вызначыліся Івацэвіцкі, Пінскі, Ганцавіцкі, Іванаўскі раёны. Дарэчы, пад нарыхтоўку раслінаводчай прадукцыі кааператарам выдаткоўваюцца крэдытныя рэсурсы. У Брэсцкім аблспажыўсаюзе на гэтыя мэты выкарыстана каля двух мільёнаў рублёў. Прыкладна палова сумы выплачана насельніцтву за здадзенае «чорнае золата».
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.