У «Ляхавіцкім» рэжым «ясна». Жніво набірае абароты

Сюжэт класічны, але кожны раз з новымі штрыхамі і падрабязнасцямі: па полі сінхронна ідуць камбайны. Прыгожа!
Залатыя жніўныя дзянькі сёлета крыху сапсаваў капрызны характар надвор’я. Але ў СВК «Ляхавіцкі» ўсё ж не яно правіць баль. Хоць пакуль і перашкаджае хлебаробам шчыраваць у поўную сілу, але не расхалоджвае і не расслабляе.
Як толькі ў мінулую сераду выглянула сонейка, прасушыла-абветрыла збажыну, экіпажы «Ляхавіцкага» выйшлі ў поле. Работа тады кіпела паблізу вёскі Мыслабаж, уборачным адрасам былі і палеткі каля Цыгані.
Амаль на паўтысячы гектарах паспела трыцікале. Ураджайнасць, праўда, не тая, на якую разлічвалі, адзначае старшыня гаспадаркі Іван Вітко. І ў такіх умовах яшчэ больш узрастае важнасць ашчаднай і якаснай уборкі. У СВК маюць неблагія планы на кукурузу. З 345 гектараў ужо сабралі 733 тоны рапсу. Усяго ж уборачныя клопаты гаспадаркі прасціраюцца на плошчу большую за 1300 гектараў.

У «Ляхавіцкім» сёлета на жніве задзейнічаны 8 экіпажаў. Амаль ва ўсіх старшых камбайнераў «палявы» стаж налічвае не адзін дзясятак гадоў. Кожны з іх у сваёй справе – прафесіянал. Найбольш хлебных сезонаў «сабраў» Сяргей Асланян. У сельгаспрадпрыемстве ён з 1983 года. На жніве зараз працуе з камбайнерам Аляксандрам Вітко – памочнікам надзейным і вопытным.
Колькі гадоў Генадзій Граблюк шчыраваў ва ўборачны сезон з дачкой Мартай. Сёлета яны перадала эстафету малодшаму брату Вадзіму, які вучыцца ў Жыровіцкім аграрна-тэхнічным каледжы. Цяпер ён на канікулах вырашыў прымераць на сябе статус памочніка камбайнера. А з бацькам на пару ўдвая зручней – увядзе ў курс, раскрые ўсе сакрэты. Па стане на 20 ліпеня ў іх самы вялікі ў гаспадарцы намалот – 330 тон рапсу і трыцікале.
На рахунку экіпажа Мікалая Кавалёва і Сяргея Шпака пакуль 325 тон. Але гэта толькі пачатак!
У памочніках у старшага камбайнера Сяргея Алейнікава – Мікалай Зубік. Юнак вучыцца ў БарДУ на інжынера, і гэта для яго ўжо не першы палявы вопыт.
За штурвалам КЗС-1218 Валерый Ракашэвіч. На жніве ён працуе з пляменнікам Дзмітрыем – студэнтам Гродзенскага медуніверсітэта. Дзядзька вядзе машыну, а Дзіма пільна сочыць, каб след камбайна быў чыстым.
Экіпаж Дзяніса Яфімчыка і Ігара Глушко на час жніва змяніў прафесійную арыентацыю. Дзяніс – ветурач, Ігар працуе ў «Трансэлектракамплекце». І такой камандай яны шчыруюць не першы сезон.
На адвозцы зерня таксама задзейнічаны адказныя людзі. Сярод тых, чый маршрут сёння «поле-элеватар», – Аляксандр Вайцешык, Арцём Войцік. Ён, дарэчы, яшчэ ў чэрвені быў навучэнцам Слонімскага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа, а з пачатку ліпеня накручвае кіламетры ў «Ляхавіцкім». Чым, трэба сказаць, вельмі задаволены: падабаецца калектыў і ўмовы працы.
Наогул, усе работнікі, спецыялісты гаспадаркі, падкрэслівае старшыня СВК, разумеюць важнасць жніўнай кампаніі, працуюць добрасумленна, зладжанай камандай. Да дробязяў прадуманы ўсе ўборачныя моманты, важнае значэнне надаецца пытанням бяспекі і аховы працы. Для тых, хто ў полі, традыцыйна арганізуецца двухразовае харчаванне: смачныя абеды і падвячоркі дастаўляюцца яшчэ гарачымі.
Уборка ў «Ляхавіцкім» набірае абароты. Галоўнае, каб надвор’е ўстанавіла для аграрыяў рэжым «ясна», а ўжо яны не падвядуць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Ветурач Дзяніс Яфімчык часова перакваліфікаваўся ў камбайнера

Для Арцёма Войціка гэта жніво – першае

Аляксандр Вайцешык

Экіпаж Сяргея Асланяна і Аляксандра Вітко

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *