А на полі – парадак
Сабраць і захаваць ураджай без страт – на вырашэнне гэтай задачы сёння працуюць не толькі аграрыі, але і супрацоўнікі пажарнай службы, міліцыі
З рэйдамі на палеткі і зернесушыльныя комплексы выязджаюць выратавальнікі. У зоне іх увагі – пажарная бяспека: забяспечанасць збожжаўборачнай тэхнікі спраўнымі вогнетушыцелямі і камплектам сродкаў пажаратушэння, дзяжурства «тэхнікі прыкрыцця» (на выпадак узгарання на палях дзяжурыць спецыяльна абсталяваны транспарт).
Сельгасработнікі, задзейнічаныя на ўборцы, прайшлі навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму – ведаюць, што і як рабіць у выпадку няштатнай сітуацыі. Інспектар РАНС Аляксей Клетаніца расказвае, што ў «Ліпнянцы», «Белпрампрыборы», райаграсэрвісе, «Ляхавіцкім», «Шляху новым» і іншых сельгаспрадпрыемствах. Стан тэхнікі правяраўся літаральна днямі. Асаблівая ўвага таму, каб рэшткі сена, саломы і сляды ад гаручага не сталі крыніцай небяспекі. На сушыльных комплексах кантралююцца паказчыкі вільготнасці і тэмпературы збожжа. Фактаў парушэнняў, па інфармацыі РАНС, не выяўлена.
Падчас жніва супрацоўнікі сельгаспрадпрыемстваў на нейкі час прымяраюць на сябе ролю выратавальнікаў – арганізавана дзейнасць добраахвотных пажарных дружын, маецца прыстасаваная для тушэння пажараў тэхніка. У «Востраве-Агра» вахту нясуць эмэнэсаўцы. Узгаранняў у полі сёлета не зафіксавана.
Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі адзначае, што на мінулым тыдні рэйдавыя групы РАУС праверылі 46 сельгасадрасоў. Аб’ект увагі – матэрыяльна-тэхнічная база і яе захаванасць.
Былі выяўлены правапарушэнні ў ААТ «Шлях новы». На двух работнікаў МТФ складзены пратаколы за крадзёж камбікорму. Несунам давядзецца заплаціць штраф (не менш за 10 базавых велічынь). На гэтым жа прадпрыемстве знаходзіўся на працоўным месцы ў нецвярозым стане слесар-вартаўнік. Па абодвух выпадках матэрыялы накіраваны ў суд.
На працягу тыдня праваахоўныя органы праінспектавалі больш за 40 вартавых пастоў у сельгаспрадпрыемствах. Для кантролю за дзейнасцю іх работнікаў у раёне ўкараняецца жэтонная сістэма. Такая дзейнічае ў «Жарабковічах», «Ляхавіцкім», «Начы», «Шляху новым». Астатнім, па словах начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, трэба паспяшацца з выкананнем адпаведнага рашэння аблвыканкама. Сёлета ў раёне 5 адказных асоб прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за яго невыкананне.
Падчас рэйду супрацоўнікі міліцыі выявілі ў жыхара Ганчароўскага сельсавета больш за 100 літраў афарбаванага паліва, прызначанага для сельгастэхнікі. Праводзіцца праверка.
У полі зроку міліцыі падчас уборкі мехдвары, стан і маршрут сельгастэхнікі і многае іншае.
Наталля НЕСЦЯРОВІЧ.